Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няпэўны статус, інсульт і адмова выехаць зь Беларусі. Статкевіч расказаў аб жыцьці пасьля вызваленьня

абноўлена
Мікалай Статкевіч пасьля вызваленьня ў лютым 2026 году
Мікалай Статкевіч пасьля вызваленьня ў лютым 2026 году

Палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч даў інтэрвію нямецкаму выданьню Die Zeit. Размова з журналістам адбывалася па відэасувязі.

Мікола Статкевіч заявіў, што дагэтуль ня ведае дакладна свайго прававога статусу, хоць улады яму вярнулі пашпарт. Ён адзначыў, што адчувае сябе цалкам свабодным, але ведае, што гэта можа зьмяніцца ў любы момант.

«Улады маўчаць пра мой статус. Ці мяне памілавалі? Ці толькі часова вызвалілі, каб я мог аднавіць здароўе — і калі мне стане лепш, ці давядзецца мне адбываць астатнюю частку пакараньня? [...] Я ня ведаю свайго прававога статусу, і ніхто не адказаў на мае афіцыйныя запыты. Пасьля майго вызваленьня прэс-сакратар Лукашэнкі заявіла па дзяржаўнай тэлевізіі, што мяне памілавалі, хоць я ніколі аб гэтым не прасіў. Але я ўяўленьня ня маю», — сказаў Мікола Статкевіч у інтэрвію Die Zeit.

Паводле яго, вызваленьне было абумоўлена тым, што рэжым не хацеў несьці адказнасьць за яго магчымую сьмерць у турме. «Нягледзячы на тое, што інсульт быў штучным, мне адмовілі ў леках, якія ратуюць жыцьцё. Калі я выйшаў з турэмнага шпіталя, мне было вельмі цяжка гаварыць, але мой стан паляпшаецца», — адзначыў ён.

Палітык дадаў, што ўлады ствараюць умовы, каб ён выехаў зь Беларусі.

«Цяпер прадстаўнікі рэжыму, напэўна, спадзяюцца, што пастаянны страх перад паўторным зьняволеньнем пакладзе канец іх сьмяротнай працы. Ці што я нарэшце пакіну Беларусь, каб лячыцца за мяжой. Было шмат прапаноў, у тым ліку зь Нямеччыны, дзе жывуць мае дочкі і ўнукі. Вялікі дзякуй! Рэжым пастаянна так ускладняе мне жыцьцё тут, каб я нарэшце пакінуў краіну», — расказаў Статкевіч.

Паводле яго, спачатку ён ня меў пашпарту, які быў неабходны для лячэньня, а цяпер улады прыскорылі знос будынкаў, у тым ліку таго, дзе ён жыве разам з жонкай Марынай.

«Пазьней, калі мне стала лепш, чыноўнікі вярнулі мне пашпарт. Акрамя таго, наш дом зносяць. Мы жывем у так званай вёсцы навукоўцаў у Менску, якую плянуюць перабудаваць — працэс, які ідзе ўжо даўно і паскорыўся пасьля майго вызваленьня, што, безумоўна, не выпадкова. Але ўсе спробы выгнаць мяне зь Беларусі былі марнымі. Я не пакіну краіну», — падкрэсьліў палітык.

На пытаньне аб тым, ці сочаць за ім цяпер, Мікола Статкевіч адказаў:

«Галоўная задача беларускага КДБ — барацьба з палітычнымі апанэнтамі. Было б наіўна меркаваць, што апошні апазыцыйны дзеяч, які ўсё яшчэ выступае тут публічна, не знаходзіцца пад спэцыяльным наглядам. У нас з жонкай ёсьць правіла: калі мы дома, мы не абмяркоўваем свае пляны», — сказаў палітык.

У перакладзе поўнага інтэрвію, якое Мікола Статкевіч разьмясьціў у сваім Telegram-канале, палітык таксама расказаў, як разам з жонкай наведалі мерапрыемствы ў рамках «Ночы музэяў» у Менску.

«У адной з залаў граў саксафаніст. Мы спыніліся і сталі слухаць. Калі канцэрт скончыўся, мы павярнуліся — і раптам убачылі за сабой натоўп людзей. Яны апладзіравалі. Тады мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не музыканту (ён на імгненьне зь цяжкасьцю стрымлівае эмоцыі. — рэд.), а нам. Нават такія маленькія жэсты салідарнасьці могуць быць вельмі небясьпечнымі. Я трывожуся за гэтых людзей», — сказаў Мікола Статкевіч.


Хто такі Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.
  • У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе.
  • У верасьні 2025-га яго вызвалілі разам з іншымі вязьнямі, але пасьля адмовы пакідаць Беларусь яго даставілі ў тую ж Глыбоцкую калёнію, дзе ён адбываў тэрмін. Да свайго вызваленьня Статкевіча больш як 2,5 году трымалі ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
  • 19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца ў сваім доме, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.
  • 17 сакавіка 2026-га каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту яе выпусьцілі з пастарунку міліцыі.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG