Двое забітых, удава ў псыхіятрычнай лякарні, 135 асуджаных. Узгадваем справу Андрэя Зельцара

Акцыя памяці Андрэя Зельцара ў Варшаве, архіўнае фота

5 гадоў таму ў перастрэлцы ў менскай кватэры загінулі двое 31-гадовых мужчын — супрацоўнік EPAM і афіцэр КДБ. Узгадваем гэтую гучную справу разам з праваабаронцай і адвакаткай, якая абараняла яе фігурантаў.

Раніцай 28 верасьня 2021 году ў звычайную кватэру у менскай «панэльцы» на вуліцы Якубоўскага ламіліся людзі ў цывільным: у байках, майках, кепках, без бронекамізэлек, зусім не падобныя да прадстаўнікоў сілавых органаў, што праводзяць спэцапэрацыю затрыманьня чалавека, падазраванага ў тэрарызьме. Яны выламалі дзьверы, пасьля чаго ў кватэры адбылася перастрэлка.

У той жа дзень прэс-служба КДБ паведаміла, што «ў часе спэцмерапрыемстваў па адпрацоўцы адрасоў, дзе маглі знаходзіцца асобы, што маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, у адной з кватэраў быў адкрыты агонь па супрацоўніках праваахоўных органаў на паражэньне. Асабліва небясьпечны злачынца сьмяротна параніў супрацоўніка КДБ. Той, хто страляў, быў забіты ў адказ».

Ужо ўвечары прапагадысцкія каналы апублікавалі відэа перастрэлкі, змантаванае зь некалькіх асобных запісаў. Ракурсы ў ім некалькі разоў мяняліся, здымкі вяліся пры розным асьвятленьні і ў розны час.

У той жа дзень стала вядома пра існаваньне відэа, якое пры ўварваньні сілавікоў здымала на тэлефон жонка Андрэя Зельцара Марыя Ўсьпенская. Цалкам яно не апублікаванае дагэтуль.

Марыя Усьпенская, удава Андрэя Зельцара

Неўзабаве пасьля падзеі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэта была звычайная праверка, а не спэцапэрацыя, таму людзі, якія ламалі дзьверы ў кватэру Зельцара, былі ў цывільным адзеньні.

Забітага супрацоўніка КДБ, байца спэцпадразьдзелу «Альфа» Дзьмітрыя Федасюка ўрачыста пахавалі 1 кастрычніка з воінскімі ўшанаваньнямі, з залпамі салюту. Лукашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам «За асабістую мужнасьць». Летам 2025 году ў новым менскім жылым комплексе «Паўночны бераг» імем старшага лейтэнанта КДБ Федасюка назвалі новую вуліцу.

6 кастрычніка 2021 году Андрэя Зельцара ціха пахавалі на Лясных могілках у Шабанах. Цела застрэленага IT-спэцыяліста прывезьлі на могілкі з моргу, цырымоніі разьвітаньня не было.

Удава на прымусовым лячэньні

Удаву Андрэя Зельцара Марыю Ўсьпенскую, якія была ў кватэры, вяла сваю відэаздымку і магла даць паказаньні, доўга трымалі ў ізаляцыі. Яе абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ і прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары да выздараўленьня. Паводле праваабаронцаў «Вясны», Марыя знаходзіцца на прымусовым лячэньні ў «Навінках» дагэтуль.

Справа Андрэя Зельцара набыла вялікі рэзананс. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», пасьля падзеяў 28 верасьня 2021 году як мінімум 135 чалавек былі асуджажныя за камэнтары ў сацсетках. Крымінальныя справы заводзілі паводле артыкулаў 130 (распальваньне варожасьці) і 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Забіты падчас штурму кватэры Андрэя Зельцара і Марыі Ўсьпенскай Дзьмітры Федасюк

Праваабаронца «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва ў размове з Свабодай кажа, што 130 фігурантаў «справы Зельцара» прайшлі праз пазбаўленьне волі ці да суду былі ў СІЗА.

«Толькі 5 чалавек не былі прызнаныя палітвязьнямі, бо няма аб іх інфармацыі. У зьняволеньні застаюцца 3 чалавекі, у тым ліку ўдава Андрэя Зельцара Марыя Ўсьпенская», — кажа праваабаронца.

Праз два гады пасьля падзеяў аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol правяло ўласнае расьсьледаванне штурму кватэры супрацоўніка EPAM. У апублікаваным на YouTube сюжэце агучваецца вэрсія, што супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка мог забіць зусім ня Зельцар, а свае ж — баец «Альфы».

Брат удавы Андрэя Зельцара Максім Юрчанка праз тры гады пасьля трагедыі расказаў, што калі сілавікі ўламіліся ў кватэру Андрэя і Марыі, то шукалі ня іх, а яго, бо ён быў там прапісаны. За два дні да тых падзеяў, 26 верасьня 2021 году, ён апублікаваў у Instagram відэа акцыі групы беларускіх партызанаў «Чорны бусел» аб нападзе на базу АМАП ва Ўруччы. Сам Юрчанка на той момант ўжо быў за мяжой.

3 гады турмы журналісту

Сярод затрыманых у «справе Зельцара» быў таксама журналіст газэты «Комсомольская правда в Белоруссии» Генадзь Мажэйка. Падставай для арышту стала невялікая нататка на сайце выданьня, дзе знаёмая Андрэя Зельцара станоўча адгукнулася пра свайго сябра дзяцінства.

«Андрэй вучыўся вельмі добра. Ён вельмі пазытыўны чалавек, заўсёды гатовы дапамагчы. Усё добрае, што можна сказаць пра чалавека, — гэта, у істоце, пра яго. У школе ён захапляўся спортам, а менавіта фэхтаваннем. Пасля трэнаваньні закінуў, але нядаўна сказаў мне, што зноў аднавіў заняткі. Пасьля заканчэньня школы мы часта сустракаліся ва Ўруччы, узгадвалі вучобу. Потым ён пайшоў працаваць у EPAM, зараз ён teamlead (кіраўнік групы распрацоўкі. — РС). Характарам Андрэй сьмелы. Заўсёды за праўду. Мог адказаць апанэнтам, мог за сябе пастаяць. Часта спрачаўся, заўсёды адстойваў сваю пазыцыю», — расказвала аднаклясьніца загінулага.

Генадзь Мажэйка

Інтэрвію ў першапачатковым выглядзе прабыло на сайце літаральна некалькі хвілін, пасьля чаго было перапісанае, а затым яго цалкам выдалілі.

Раніцай 29 верасьня 2021 году сайт беларускай «Камсамолкі» перастаў адкрывацца, пазьней у Міністэрстве інфармацыі пацьвердзілі, што рэсурс заблякаваны «за парушэньне закону, якое стварыла пагрозу нацыянальнай бясьпецы». Пасьля гэтага «Комсомольская правда» вырашыла закрыць свой філіял у Беларусі. Журналіста Генадзя Мажэйку арыштавалі ў маскоўскім аэрапорце, пазьней яму прысудзілі 3 гады зьняволеньня, якія ён цалкам адседзеў.

Каралі нават за падабайкі

Адвакатка, якая просіць Свабоду не называць яе імя дзеля бясьпекі і якую пазбавілі ліцэнзіі, акцэнтуе ўвагу на тым, што затрыманым у «справе Зельцара» інкрымінавалі 130-ы артыкул Крымінальнага кодэксу — «распальванне варожасьці».

«Прычым падставай маглі рабіцца нават самыя звычайныя дзеяньні ў інтэрнэце. Напрыклад, людзі ставілі падабайкі пад допісамі, дзе выказвалася спачуваньне сям’і і родным забітага IT-спэцыяліста Зельцара. Нават за гэтыя падабайкі людзей прыцягвалі да адказнасьці і ў выніку яны траплялі за краты», — кажа яна.

На думку былой адвакаткі, для яе відавочна, што гэтая справа мела палітычны характар.

«У нармальных умовах, у нармальнай праўнай дзяржаве такія дзеяньні не разглядалі б як злачынства», — падкрэсьлівае яна.

Фота Андрэя Зельцара ля беларускай амбасады ў Вільні, архіўнае фота

Суразмоўца ўзгадвае, што асабліва характэрным для «справы Зельцара» было тое, як утрымлівалі людзей пасьля затрыманьня. Былая адвакатка расказвае, што сілавікі вельмі жорстка ставіліся да іх.

«Іх больш за месяц, а некаторых, наколькі я памятаю, каля 40–45 дзён трымалі ў жудасных умовах. Яны былі фактычна пазбаўленыя ўсяго неабходнага: не маглі атрымліваць перадачаў ад родных, у іх не было нават зубных шчотак, зубной пасты, мыла і іншых элемэнтарных рэчаў. У жанчын не было нават неабходных сродкаў асабістай гігіены. Гэта былі вельмі цяжкія ўмовы», — кажа суразмоўца.

Толькі прыкладна праз паўтара месяца арыштаваным пачалі дазваляць атрымліваць перадачы ад родных. Акрамя таго, да іх працяглы час не маглі трапіць адвакаты.

«Нам увесь час казалі, што гэта немагчыма праз абмежаваньні з прычыны COVID. Людзей трымалі ў асноўным у Жодзіне. Мы ня раз прыяжджалі, спрабавалі трапіць да сваіх падабаронных, пісалі скаргі, але дамагчыся сустрэчы зь імі не ўдавалася. І толькі тады, калі сьледчым спатрэбіліся адвакаты для пэўных сьледчых дзеяньняў, нас запрасілі. Менавіта тады мы ўпершыню змаглі пабачыць чалавека, якога абаранялі. Таму я гэтую справу ўспрымаю як помсту за тое, што адбылося з супрацоўнікам КДБ, забітым падчас таго рэйду. Улады ўспрынялі гэта як вельмі сур’ёзны выклік, і, на маю думку, далейшыя рэпрэсіі супраць людзей былі своеасаблівай формай помсты», — мяркуе суразмоўца.

За камэнтары 130 чалавек асудзілі на пазбаўленьне волі

Адным з апошніх фігурантаў «справы Зельцара» 16 верасьня 2026 году быў вызвалены берасьцеец Сяргей Рабцаў, якому ў 2021-м было 19 гадоў. У ягонай справе фігуравалі ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368, арт. 369, ч. 1 арт. 293 і ч. 1 арт. 367 КК — «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці», «абраза Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады», «удзел у масавых беспарадках» і «паклёп на Лукашэнку». Хлопцу прысудзілі 6 гадоў калёніі. Яго разам з астатнімі 24 памілаванымі 16 верасьня выправадзілі з краіны.

Праваабаронца «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва на просьбу Свабоды прааналізавала, што ня так з арыштамі тых, хто выказваўся на тэму падзеяў у кватэры Андрэя Зельцара.

«Па-першае, сам перасьлед быў за выказваньне думкі. То бок калі людзі крытычна, нэгатыўна выказваліся пра канкрэтных супрацоўнікаў сілавых структураў або агулам пра КДБ ці праваахоўныя органы. За гэта прысуджалі пазбаўленьне волі. Нават калі ў камэнтарах асуджаных людзей мелі месца нейкія простыя пагрозы, суды не ацэньвалі рэалістычнасць такіх пагрозаў», — кажа праваабаронца.

Фота на магіле Андрэя Зельцара ў Менску

Па-другое, Галаўнёва зьвяртае ўвагу на вылучэньне асобнай групы «пацярпелых», у гэтым выпадку супрацоўнікаў сілавых структураў, найперш ў кантэксьце выстаўленьня абвінавачаньняў у «распальваньні варожасьці».

«Гэта злоўжываньні палажэньнямі крымінальнага права, якое такімі нормамі, як артыкул 130 Крымінальнага кодэксу, павінна абараняць уразьлівыя групы грамадзтва. А сілавікі — ня ўразьлівая група, яны носьбіты ўлады і носьбіты зброі», — кажа юрыстка.

Па-трэцяе, адзначае Сьвятлана Галаўнёва, шмат затрыманых сутыкаліся з жорсткім і бесчалавечным абыходжаньнем.

«То такі жорсткі перасьлед усіх камэнтатараў — відавочна непрапарцыйная мера рэагаваньня, якая выглядае хутчэй як помста і пагроза на будучыню, каб людзі не асьмельваліся штосьці казаць супраць сілавікоў», — рэзюмуе праваабаронца.