26 верасьня ў ААН выступіў міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Ягоная прамова мела прарасейскі і антызаходні зьмест. Ён пагражаў эўрапейцам ператварэньнем у «гарматнае мяса» за жаданьне «рэваншу над Расеяй», заклікаў не даваць украінцам зброі і не падтрымліваць незалежныя прафсаюзы ў Беларусі.
Прыводзім некаторыя цытаты зь ягонай прамовы.
Асабліва непакоіць палітыка кіраўніцтва Эўразьвязу, якое праз нястрымнае імкненьне захаваць зьнікомае дамінаваньне спрабуе перашкаджаць глябальнай стабільнасьці і падтрыманьню міру. І дзеля дасягненьня гэтай мэты гатовае ахвяраваць нават дабрабытам уласных грамадзянаў.
Няўжо самі народы Эўропы прагнуць нейкага рэваншу над Расеяй, ды яшчэ і коштам уласнага зьбядненьня? Вядома ж, не. Няўжо яны хочуць быць гарматным мясам у вайне, якую, як нібыта кажуць, эўрапейскія палітыкі рыхтуюць да 2030 году? Таксама не.
Але ў Брусэлі камусьці вельмі хочацца пагуляць у салдацікаў, замацаваць сваю веліч у гісторыі. Але такое ўжо было — і ня раз. І чым скончылася — мы ведаем.
Заходнім элітам не даспадобы новы шматпалярны сьвет, у якім іхны голас перастае быць вырашальным. Але замест таго, каб адаптавацца да пазытыўных зьменаў, яны працягваюць выкарыстоўваць нестабільнасьць як інструмэнт. Нам у Беларусі гэта найбольш выразна відаць на прыкладзе Ўкраіны.
Няўжо ЭЗ імкнецца там да міру? Ягоная мэта, як яны кажуць, — нанесьці Расеі цывілізацыйную паразу. Аслабіць, прынізіць, зламаць і далей жыць за кошт расейскіх рэсурсаў.
Сёньня Міжнародная арганізацыя працы, у найлепшых традыцыях Камуністычнага інтэрнацыяналу, спрабуе выгадаваць з прафсаюзаў рэвалюцыйныя сілы, але ў асобных краінах не дзеля абароны правоў працоўных, а дзеля таго, каб паводле ўказаньня асобных краінаў разгойдваць сытуацыю ў дзяржавах, якія праводзяць незалежную палітыку.
Любы ўстойлівы мір [ва Ўкраіне] немагчымы безь ліквідацыі першапрычынаў, якія гадамі ігнараваліся. Гэта і пляны ўключэньня Ўкраіны ў NATO насуперак усім рэаліям бясьпекі. Гэта і невыкананьне Менскіх пагадненьняў, якія былі адзіным легітымным шляхам да міру.
Бясконцае напампоўваньне Ўкраіны зброяй вядзе толькі да зьнішчэньня самой Украіны і яе народу. Мы заклікаем як найхутчэй пачаць рэальныя перамовы, якія прывядуць да ўстойлівага міру.
Аднапалярны сьвет, як мы бачым, тоне. Эліты Захаду, якія прызвычаіліся да панаваньня, спрабуюць утрымаць яго на плыву, але сваімі марнымі намаганьнямі толькі сеюць хаос.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
60 сустрэчаў у Нью-Ёрку, Рыжанкоў і Ціханоўскі: Кучынскі — пра галоўнае на Генэральнай асамблеі ААНЧаму гэта важна
Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.