Апошні раз прадукты дастаўлялі ў траўні. Рада Эўропы заклікала спыніць агонь у Алешках праз гуманітарны крызіс

Алешкі былі акупаваныя Расеяй у першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня, у лютым 2022 году

Камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Майкл О’Флаэрці заклікаў да неадкладнага лякальнага спыненьня агню ў раёне часова акупаваных Алешак Хэрсонскай вобласьці, каб забясьпечыць гуманітарны доступ і эвакуацыю мірных жыхароў.

«Я занепакоены гуманітарным крызісам у Алешках, які імкліва пагаршаецца. Мірныя жыхары, у тым ліку дзеці, апынуліся заблякаванымі без дастатковай колькасьці ежы, лекаў, мэдычнай дапамогі, водазабесьпячэньня і электраэнэргіі. Паводле наяўных паведамленьняў, ім пагражае высокая рызыка гібелі», — заявіў О’Флаэрці.

Ён падкрэсьліў, што паводле міжнароднага гуманітарнага права Расея як дзяржава-акупант абавязаная забясьпечваць насельніцтва харчаваньнем і мэдычнымі сродкамі, а таксама садзейнічаць аказаньню гуманітарнай дапамогі.

«Я заклікаю да неадкладнага лякальнага спыненьня агню, бесьперашкоднага гуманітарнага доступу і бясьпечнай эвакуацыі мірнага насельніцтва», — заявіў камісар.

Паводле яго, становішча людзей, што жывуць пры лініі фронту і на акупаваных тэрыторыях Украіны, «патрабуе міжнароднай увагі і дзеяньняў».

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга 23 верасьня на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН, заклікаў партнэраў патрабаваць ад Расеі адкрыць гуманітарныя калідоры.

«Адна з жыхарак Алешак па імі Аля выжывае толькі на гарбаце зь мёдам. Апошні раз прадукты ў ейны горад дастаўлялі яшчэ да пачатку лета. Гэта не нядбайнасьць — назіральнікі АБСЭ называюць гэта наўмысна створанай блякадай. Расея не дазваляе людзям выехаць, бо выкарыстоўвае іх як жывы шчыт. Калі вы запомніце толькі адно з гэтай сустрэчы — запомніце Алешкі. Пачуйце іхны крык пра дапамогу. Патрабуйце ад Расеі адкрыць гуманітарныя калідоры. Масква — адзіная прычына гэтай катастрофы і адзіная перашкода для ейнага спыненьня», — сказаў кіраўнік украінскай дыпляматыі.

Ён падкрэсьліў, што Алешкі — гэта «толькі адзін з шматлікіх жахаў».

«У першай палове гэтага году загінула больш украінскіх мірных жыхароў, чым за любы аналягічны пэрыяд на працягу апошніх чатырох гадоў. І кожны месяц гэты трагічны рэкорд абнаўляўся», — адзначыў Сыбіга

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што вёў перамовы з расейскім бокам і была дасягнутая дамоўленасьць пра гуманітарны калідор, але Расея «ўжо працяглы час не пацьвярджае сваёй гатоўнасьці правесьці гуманітарную місію дзеля эвакуацыі людзей».

«Людзі ўжо самастойна ідуць праз замінаваныя палі, бо ня бачаць іншага спосабу выбрацца з гэтага пекла. Яны рызыкуюць падарвацца на міне або трапіць пад удар дрона, але ўсё адно ідуць, бо заставацца ў Алешках для іх яшчэ горш», — адзначыў Лубінец.

Алешкі былі акупаваныя Расеяй у першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня, у лютым 2022 году. Горад разьмешчаны на левым беразе Дняпра, які цяпер зьяўляецца натуральнай мяжой паміж вольнай і акупаванай часткамі Хэрсоншчыны. Да вайны ў ім жылі больш за 20 тысяч чалавек, цяпер — недзе ўдзесяцёра менш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хронікі вайны. Украіна атакавала НПЗ у Краснадарскім краі. Ад расейскіх жа ўдараў загінулі людзі ў Кіеве, Сумах і Запарожжы

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.