Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хронікі вайны. Украіна атакавала НПЗ у Краснадарскім краі. Ад расейскіх жа ўдараў загінулі людзі ў Кіеве, Сумах і Запарожжы

абноўлена
Наступствы атакі на рынак у Запарожжы, 26 верасьня 2026
Наступствы атакі на рынак у Запарожжы, 26 верасьня 2026

Ўкраіна ўначы ўдарыла па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Краснадарскім краі. Расейскае ж войска за ноч атакавала Ўкраіну 173 дронамі, у тым ліку паўсотняй рэактыўных.

Кіеў. Ад расейскіх атак на сталіцу Ўкраіны вечарам 25 верасьня загінулі 7 мірных жыхароў і 59 пацярпелі, у тым ліку 14-гадовы хлопчык. Ад дрона загарэўся дзіцячы садок. Удары не спыняліся ні ўначы, ні ранкам — навіны пра пацярпелых прыходзяць як з Кіева, так і з ваколіцаў.

Пажарныя працуюць на месцы расейскага ўдару рэактыўным дронам па жылым ў Кіеве, 26 верасьня 2026 году
Пажарныя працуюць на месцы расейскага ўдару рэактыўным дронам па жылым ў Кіеве, 26 верасьня 2026 году

Сумы і вобласьць. Дрон забіў 69-гадовага мужчыну. Ад дзьвюх кіраваных авіябомбаў пацярпелі 12 чалавек, у тым ліку трое дзяцей — 12-гадовая дзяўчынка, паўтарамесячнае немаўля і 15-гадовы хлопец. Яшчэ адзін дрон параніў 14-гадовую дзяўчынку і 75-гадовага мужчыну. Паветраная трывога ў вобласьці працягвалася амаль усе содні — 22 гадзіны 4 хвіліны.

Днём у суботу расейскія войскі ўдарылі па Сумах кіраванымі авіябомбамі. Два чалавекі загінулі, 23 чалавекі пацярпелі, сярод пацярпелых — чацьвёра дзяцей.

Запарожжа. Расея раніцай атакавала горад шасьцю дронамі. Адзін зь іх разбурыў хату — загінулі жанчыны ў веку 42 і 61 год, пацярпелі 4-гадовы хлопчык і 45-гадовы мужчына. Адзін з дронаў ударыў па рынку, усчаўся пажар. Пашкоджаныя цэнтар вэтэранаў, шматпавярховікі і прыватныя дамы. За мінулы дзень ад расейскіх атак пацярпелі сямёра.

Данеччына. Ад расейскіх удараў загінулі 2 чалавекі, 8 атрымалі раненьні. Расейскія войскі абстлялі ўкраінскія паселішчы вобласьці 38 разоў. Пашкоджаныя дзясяткі жылых дамоў, адміністрацыйныя будынкі, крама і іншая інфраструктура. У Славянску разбураны 9-павярховы дом.

Адэская вобласьць. Раніцай расейскімі ўдарамі пашкоджаныя тры грузавікі, адзін зь іх загарэўся. Тры чалавекі параненыя.

Харкаўшчына. Уначы расейскія дроны атакавалі Харкаў і ваколіцы. У Харкаве пацярпелі 4 чалавекі, у Ізюме загарэлася крама і пашкоджаныя аўтамабілі. У Золачаве паранены мужчына. У Чугуеве ад ракетнага ўдару загарэлася аўтарамонтнае прадпрыемства.

Днём у суботу ад ракетнага ўдару ў Чугуеўскім раёне атрымалі раненьні чатыры чалавекі, у дваіх дзяцей — вострая рэакцыя на стрэс. Пашкоджаныя шматкватэрны дом і 15 аўтамабіляў.

Днепрапятроўшчына. У выніку расейскага авіяўдару загінулі 17-гадовая дзяўчына і 59-гадовая жанчына. Яшчэ двое людзей атрымалі раненьні. Сярод іх 6-гадовы хлопчык.

Украінскія ўдары па Расеі

Украіна ўдарыла па Ільскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Северскім раёне Краснадарскага краю. На тэрыторыі НПЗ ўсчаўся пажар. Завод мае магутнасьць каля 6,6 млн тон нафты на год. Яго ўжо ня раз атакавалі.

Мясцовыя ўлады паведамілі, што ад падзеньня абломкаў дрона ў Северскім раёне загінулі тры чалавекі і двое былі параненыя. На двух прадпрыемствах тушылі пажары.

У Растоўскай вобласьці ў выніку атакі дронаў былі параненыя 5 чалавек, у тым ліку дзіця. У Азове пашкоджаныя жылыя дамы, прамысловыя аб’екты, школа, палац культуры і аўтамабілі.

Украінскі Генштаб паведаміў пра ўдары па Азоўскім оптыка-мэханічным заводзе. Камандаваньне зафіксавала пажар на тэрыторыі ліцейнага цэху і пашкоджаньне абсталяваньня ў пяці вытворчых будынках.

«Прадпрыемства ўваходзіць у склад карпарацыі “Тактычнае ракетнае ўзбраеньне” і спэцыялізуецца на вытворчасьці оптыка-мэханічных і оптыка-электронных вырабаў, электронных сыстэмаў для камплектаваньня артылерыйскага, ракетнага і супрацьтанкавага ўзбраеньня, а таксама радыёлякацыйных галовак саманавядзеньня для тактычных кіраваных ракет», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле Мінабароны Расеі, ад вечара 25 да раніцы 26 верасьня расейская СПА зьбіла або перахапіла 645 украінскіх дронаў над 14 рэгіёнамі Расеі, а таксама над Чорным і Азоўскім морамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG