Кампанія Google пачала выпрабаваньні новай функцыі мэханізму Gemini, якая дазваляе даручыць штучнаму інтэлекту тэлефонныя званкі ў кампаніі. ШІ-памочнік здолее самастойна забраняваць столік у рэстарацыі, даведацца пра наяўнасьць тавару, перанесьці запіс або папрасіць адкласьці пакупку.
Каб скарыстацца функцыяй, карыстальніку дастаткова апісаць задачу ў дадатку Gemini. ШІ сам патэлефануе ў патрэбную арганізацыю, пройдзе галасавое мэню, дачакаецца апэратара і правядзе размову, піша старонка пра сучасныя тэхналёгіі dev.by.
У час званку на экране будзе адлюстроўвацца расшыфроўка ў сапраўдным часе, а карыстальнік зможа ў кожны момант умяшацца і працягнуць размову самастойна.
Gemini зможа перадаваць суразмоўцу асабістыя зьвесткі, якія карыстальнік загадзя дазволіць выкарыстоўваць. Званок пры гэтым будзе з нумару самога ўладальніка смартфону і непасрэдна празь ягоную прыладу.
Google ужо некалькі гадоў экспэрымэнтаваў з аўтаматызацыяй званкоў. Раней ягоныя службы ўмелі, напрыклад, даведвацца цэны і наяўнасьць тавараў або чакаць адказу апэратара замест карыстальніка.
Новая вэрсія разьлічаная на больш складаныя задачы і паўнавартасную размову ад пачатку да канца. Пакуль функцыя працуе як экспэрымэнт. Уводзіць яе пакуль вырашылі надзвычай асьцярожна і паступова. З 24 верасьня яна стане даступнай у ЗША ўладальнікам Pixel 11 з платнай падпіскай Gemini, якія ўдзельнічаюць у публічнай бэта-вэрсіі дадатку Phone by Google.
Google тлумачыць абмежаваны запуск тым, што сапраўдныя тэлефонныя размовы могуць быць складанымі і неадназначнымі, таму тэхналёгію спачатку хочуць выпрабаваць на невялікай аўдыторыі.
Штучны інтэлект у Беларусі
Улады Беларусі актыўна ўводзяць штучны інтэлект. Найперш дзеля таго, каб больш эфэктыўна кантраляваць людзей і праводзіць рэпрэсіі.
Напярэдадні цэнтар BiPart прэзэнтаваў дасьледаваньне пра выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў дзяржаўным кіраваньні Беларусі. Прааналізаваўшы лічбавую мадэрнізацыю сыстэмы кіраваньня дзяржавай, праведзеную за апошнія 10 гадоў, дасьледчыкі прыйшлі да несуцяшальнай высновы. Ва ўмовах адсутнасьці дэмакратычных свабодаў і грамадзкага кантролю выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў кіраваньні прывядзе да павелічэньня кантролю за людзьмі, звужэньня іх правоў і пашырэньня несвабоды.
Сярод тых, хто найбольш цікавіцца разьвіцьцём ШІ ў Беларусі — КДБ і вайсковыя ўстановы.
Акрамя таго, актыўна карыстаецца штучным інтэлектам прапаганда для прасоўваньня поглядаў Лукашэнкі. Напрыклад, перад так званым Днём нацыянальнага адзінства 17 верасьня шэраг дзяржаўных арганізацый паказаў згенэраваныя ШІ відэа і выявы, якія павінны былі прасоўваць дзяржаўны погляд на падзеі 1939 году.