За некалькі дзён да 17 верасьня, які ад 2021 году ў Беларусі называюць Днём народнага адзінства, улады пачалі расказваць беларусам у Threads, як страшна жылося ў Заходняй Беларусі пры паляках. У пастах «пра этнацыд на беларускіх землях» яны выйшлі самі на сябе. Тое, што палякі рабілі 100 год таму беларусам, улады Беларусі самі сёньня робяць свайму ж народу.
Усе гэтыя дні профілі дзяржаўных установаў і рэгіянальных СМІ сталі адной вялікай прапагандысцкай насьценгазэтай. Там нібы пад капірку зьяўляліся аднатыпныя выявы, згенэраваныя штучным інтэлектам, «ажыўленыя» фатаздымкі і кароткія тэксты пра жахі жыцьця ў «панскай Польшчы».
Амаль усе прапагандысцкія акаўнты разьмясьцілі ў сябе створаную пры дапамозе ШІ выяву аб лягеры ў Бярозе Картускай (цяпер — горад Бяроза ў Берасьцейскай вобласьці). «Калючы дрот, карцэр на 7 дзён, безь сьвятла, ежы і сну. Бэтонная ледзяная падлога», — гаворыцца на выяве. Апісаньне нібыта наўпрост узятае з аповедаў беларускіх палітвязьняў, які пакінулі беларускія турмы за апошні год. І гэта самае бяскрыўднае і нэўтральнае апісаньне.
Канцэнтрацыйны лягер у Бярозе Картускай быў жахлівым месцам. Прапагандысты пішуць пра тысячы беларусаў у ім, сотні забітых. Гэта няпраўда. Беларусаў за пяць год існаваньня лягераў там было 150 чалавек. А вось палякаў і ўкраінцаў там былі тысячы. Загінуў адзін беларус, але не ў самой турме, а неўзабаве пасьля вызваленьня. У калёніях Беларусі памерлі палітвязьні Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч, Дзьмітры Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер, Андрэй Паднябенны. І гэта без акупацыі, а ў сваёй краіне.
Многіх вязьняў Бярозы Картускай пасьля 17 верасьня 1939 году забілі камуністы, якія адбівалі лягер у палякаў. Напрыклад, беларускі рэлігійны дзеяч Вячаслаў Багдановіч пры паляках 10 гадоў быў сэнатарам. Зь Бярозы яго вызвалілі бальшавікі і неўзабаве ён быў расстраляны НКВД. Паэта Сяргея Хмару НКВД арыштаваў пасьля вызваленьня зь лягеру. Але ён уцёк з канвою, які чэкісты вялі на расстрэл.
Ваўкавыская раёнка піша пра «этнацыд беларусаў» па-расейску, называючы краіну «Белоруссия».
У Вільні пад польскім панаваньнем беларускі паэт Максім Танк мог на месяц трапіць у турму за сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць, ён быў камуністам. Але яго вызвалялі, і ён працягваў пісаць беларускія вершы. У БССР у гэты час панаваў тэрор, людзей расстрэльвалі ў Курапатах, ішла павальная русыфікацыя. У польскім канцлягеры ў Бярозе не загінуў аніводзін беларус. У той жа час, паводле афіцыйных дадзеных, падчас апэрацыі па зьнішчэньні палякаў у БССР («польская апэрацыя») загінулі 9196 палякаў. То бок кожны 13-ты паляк, які жыў у савецкай Беларусі, быў расстраляны. Гэта адбывалася ў 1937–1938 гады.
Беларусізацыя, разгорнутая бальшавікамі на пачатку 1920-х, завяршылася празь некалькі гадоў, а яе ініцыятары і выканаўцы трапілі пад рэпрэсіі. Усе наступныя гады ў БССР адбывалася русыфікацыя. Дарэчы, пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР 17 верасьня 1939 году тамтэйшыя школы ня сталі крыніцай беларусізацыі. Іх выкарыстоўвалі для паступовай русыфікацыі.
Капыльская раёнка «Слава працы» піша пра жахі асадніцтва ў Заходняй Беларусі.
Парадокс у тым, што ў міжваеннай Польшчы беларусы маглі набываць і прадаваць зямлю, а ў БССР не. Бальшавікі канфіскоўвалі ў сялян зямлю, жывёл, сельгаспрылады і на гэтай базе стваралі калгасы. «Пры паляках» беларусы мелі сваю зямлю, гаспадарку і самі сябе кармілі. Ім не загадвалі здаваць коней і кароў у калгасы, як гэта было ў БССР, і не прымушалі працаваць за працадні ў гэтых калгасах. Менавіта таму ў верасьні 1939 году ўзровень жыцьця сялян у Заходняй Беларусі быў для многіх салдат Чырвонай арміі шокам.
Польскія асаднікі сапраўды атрымлівалі землі ў Заходняй Беларусі, але найчасьцей гэта былі звычайныя чыноўнікі або паліцыянты. Падобныя па плошчы надзелы мелі і багацейшыя сяляне. У міжваеннай Польшчы не існавала прымусовай працы, і беларусы не павінны былі адпрацоўваць паншчыну. Калі чалавек хацеў зарабіць, то мог ісьці на працу да багацейшага гаспадара і сам узгадняў зь ім цану сваёй працы. Дарэчы, дзясяткі тысяч сем’яў гэтых асаднікаў пасьля 1939 году бальшавікі саслалі ў Сібір. Многія ўжо ніколі адтуль не вярнуліся.
Старонка «Драгічын. News» працягвае гэтую тэму высновай, што беларусам даводзілася нават страйкаваць, каб абараняць свае правы. Забастоўка — гэта абсалютна легальны інструмэнт адстойваньня сваіх правоў у свабодных краінах. Але не ў сучаснай Беларусі.
Нарачанскі бунт 1936 года можна разглядаць як адзін з прыкладаў барацьбы рабочых і дробных вытворцаў Заходняй Беларусі за свае правы. Рыбакі Нарачы, якія жылі з возера, сутыкнуліся з рашэньнем польскай улады, якое фактычна пазбавіла іх сродкаў да існаваньня: дзяржава забрала кантроль над рыбалоўствам, дазволіла працаваць толькі абмежаванай колькасьці нанятых рабочых і прапаноўвала ім мізэрную аплату.
У адказ рыбакі самі арганізаваліся, сабралі грошы на сеткі, стварылі салідарны пратэст і пайшлі на страйк. Яны ня мелі моцных палітычных арганізацый за сьпінай, але праз калектыўныя дзеяньні здолелі спыніць дзяржаўнае рыбалоўства і прымусіць улады пайсьці на саступкі.
Людзі змаглі абараніць свае працоўныя і эканамічныя правы нават перад аўтарытарнай дзяржавай. Уявіце сабе такое ў сучаснай Беларусі.
Выданьне «Нясьвіскія навіны» расказвае, як у «панскай Польшчы» «падаўлялася» нацыянальная адукацыя.
У сучаснай Беларусі па-беларуску вучыцца ўсяго 8 адсоткаў школьнікаў. Для параўнаньня, у 2017 годзе гэтыя лічба была 13%. У 1999 годзе, як паказвае перапіс, каля 37% усіх жыхароў яшчэ называлі беларускую мовай хатняга ўжытку. Да 2019 года гэты паказчык упаў да 26%, гэта значыць прыкладна кожны чацьвёрты жыхар краіны. За 20 гадоў колькасьць беларускамоўных зьменшылася на 1,24 млн чалавек.
Акаўнт Ганцавіцкага райвыканкаму працягнуў гэтую тэму, разьмясьціўшы анімацыю «Як польскія ўлады зьнішчалі беларускую школу». Аўтары заклікаюць, каб «надыходзячы Дзень народнага адзінства быў нагодай ня толькі для ўрачыстасьці, але і для глыбокага рэтраспэктыўнага аналізу». У анімацыі нагадалі абсалютна слушны гістарычны факт: пра дзейнасьць ад 1921 года Таварыства беларускай школы і яго ліквідацыю ў 1937 годзе.
У Заходняй Беларусі сапраўды арганізоўваліся ў суполкі Таварыства беларускай школы і патрабавалі навучаньня на роднай мове. У 1927 годзе яны дамагліся адкрыцьця 78 беларускіх і польска-беларускіх школ. Але ўявіце такое сёньня. Сёньня барацьба ідзе за адкрыцьцё беларускіх клясаў, а ня школ. І гэта ў сувэрэннай Рэспубліцы Беларусь.
У сярэдзіне 30-х у Таварыства беларускай школы было паўтысячы гурткоў па самаадукацыі ў Заходняй Беларусі, бібліятэкі, клюбы, тэатральныя гурткі і харавыя калектывы. Беларусы выдавалі беларускія кнігі, выходзілі часопісы. Іронія лёсу. Сёньня ў Рэспубліцы Беларусь дзейнасьць Таварыства беларускай школы і Таварыства беларускай мовы забароненыя.
Гарадзенскі навіновы сайт «Пэрспэктыва» піша, што ў міжваеннай Польшчы на плошчах спальвалі беларускія кнігі. Прапагандысты хіба пераблыталі гэта з сытуацый у БССР. Масавае спальваньне беларускіх кніг у БССР у 1937 годзе дакумэнтальна зафіксавана — Галоўліт загадаў канфіскоўваць і спальваць сотні выданьняў.
У Польшчы ўлады частка праводзілі канфіскацыі беларускіх выданьняў. Але гэта ня значыць, што там не выдаваліся беларускія кнігі. І кнігі, і газэты, і часопісы па-беларуску выдаваліся ў Польшчы. І легальна, і нелегальна. У Беларусі за апошнія некалькі гадоў былі ліквідаваныя беларускамоўныя выдавецтвы «Лімарыус», «Галіяфы», «Кнігазбор», «Медысонт», «Янушкевіч», «Зьміцер Колас», праз рэпрэсіі прайшлі многія выдаўцы і аўтары.
«Крамольныя» з пункту гледжаньня ўлады кнігі вывозілі з бібліятэк і кнігарняў, канфіскоўвалі, а некаторыя зь іх фізычна зьнішчалі. Фармальнай прычынай стаў нібыта «экстрэмізм». Гэта кнігі мастацкай літаратуры або кнігі па гісторыі Беларусі. Беларускі ПЭН паведамляе, што ў 2024 годзе ў калёніях былі выпадкі, калі забароненыя і «непажаданыя» кнігі спальвалі ў кацельнях.
У гэтым і ёсьць галоўны парадокс сёлетняй прапаганды да Дня народнага адзінства. Праз сто гадоў беларусам зноў расказваюць пра тое, як улада можа абмяжоўваць родную мову, закрываць школы і арганізацыі, забараняць кнігі, перасьледаваць людзей за грамадзкую дзейнасьць і не даваць ім адстойваць свае правы.
Толькі ёсьць адна прынцыповая розьніца. Тады гэта рабіла польская дзяржава ў дачыненьні да беларускай меншасьці. Сёньня падобныя практыкі выкарыстоўвае ўжо беларуская дзяржава — супраць грамадзян уласнай краіны. А сучасная Польшча стала бясьпечным месца, куды беларусы ўцякаюць ад перасьледу на радзіме.
Форум