Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штучны інтэлект для пашырэньня несвабоды ў Беларусі. Дасьледчыкі прэзэнтавалі змрочны прагноз

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Беларусь разьвіваецца як краіна таталітарнага кантролю за грамадзтвам, таму не даводзіцца чакаць, што ў ёй пабудуюць нейкую падобную да эўрапейскай мадэль», — кажа дасьледчык цэнтру BiPart Андрэй Сушко.

Цэнтар BiPart прэзэнтаваў дасьледаваньне пра выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў дзяржаўным кіраваньні Беларусі.

Прааналізаваўшы лічбавую мадэрнізацыю сыстэмы кіраваньня дзяржавай, праведзеную за апошнія 10 гадоў, дасьледчыкі прыйшлі да несуцяшальнай высновы. Ва ўмовах адсутнасьці дэмакратычных свабодаў і грамадзкага кантролю выкарыстаньне штучнага інтэлекту ў кіраваньні прывядзе да павелічэньня кантролю за людзьмі, звужэньня іх правоў і пашырэньня несвабоды.

Невыпадкова сярод установаў, якія найбольш цікавяцца выкарыстаньнем ШІ, дасьледчыкі заўважылі КДБ і прадстаўнікоў абароннага сэктару.

Інтэрнэтам карыстаюцца амаль 95% беларусаў. Мабільная сувязь і інтэрнэт ёсьць ва ўсёй краіне — і цалкам пад кантролем дзяржавы.

«Лічбавая інфраструктура разьвівалася ва ўмовах фактычнай манаполіі дзяржавы ў кіраваньні тэлекамунікацыйнай галіной. Як вынік: урад захоўвае кантроль над ключавымі элемэнтамі інтэрнэт-інфраструктуры і буйнымі апэратарамі сувязі, — кажа дасьледчык Андрэй Сушко. — Гэта палягчае інтэграцыю дзяржаўных інфармацыйных сыстэм, але адначасова пашырае магчымасьці цэнтралізаванага кантролю над патокамі дадзеных і лічбавымі сэрвісамі».

Ён адзначае, што разьвітая лічбавая інфраструктура можа выкарыстоўвацца як для спрашчэньня людзям доступу да дзяржаўных паслуг, так і для ўдасканаленьня назіраньня і кантролю за грамадзтвам.

Ня выключана, што ШІ ў Беларусі ўжо служыць рэпрэсіўнай сыстэме.

«Мы бачылі, што адбывалася ў 2020 годзе, як сачылі тады за людзьмі на вуліцах, і як гэтая сыстэма ўдасканальвалася цягам апошніх гадоў. Гэтае разьвіцьцё ня стрымлівалі ніякія санкцыі. Ва ўмовах закрытасьці дзяржаўнага сэктару і адсутнасьці публічнай інфармацыі нельга выключаць, што тыя ж сыстэмы сачэньня з удзелам ШІ ў Беларусі ўжо выкарыстоўваюцца», — кажа Андрэй Сушко.

Ён мяркуе, што на ўзроўні дзяржавы разьвіцьцё ШІ ў Беларусі пойдзе хутчэй па азіяцкай мадэлі.

«Беларусь разьвіваецца як краіна таталітарнага кантролю за грамадзтвам, таму не даводзіцца чакаць, што ў ёй пабудуюць нейкую падобную да эўрапейскай мадэль. Казахстан бярэ прыклад ня толькі з Кітаю, але і з Расеі, пры гэтым у Казахстане шмат тэхналягічных кампаній, якія працуюць на дзяржаву, а дзяржава іх моцна падтрымлівае. Мяркую, беларуская дзяржава хацела б дзейнічаць падобна, але ў яе няма такога рэсурсу, таму ўсё ж вынік будзе крыху іншы», — лічыць Андрэй Сушко.

Цалкам даклад «Штучны інтэлект у дзяржаўным кіраваньні Беларусі: магчымасьці і рызыкі ва ўмовах аўтарытарызму» можна пачытаць у PDF.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG