Лукашэнка ўпершыню пасьля нацыяналізацыі наведаў прадпрыемства «Амкадор». Што яго цікавіла

Падчас наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам нацыяналізаванага прадпрыемства «Амкадор», 25 верасьня 2026 году

Аляксандар Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Амкадор-Лесмаш», што ўваходзіць у склад холдынгу «Амкадор», які належаў набліжанаму да яго бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну, але быў нацыяналізаваны ў 2025 годзе.

Гэта першае наведваньне прадпрыемства Лукашэнкам пасьля нацыяналізацыі «Амкадору». «Лесмаш» вырабляе лесанарыхтоўчую тэхніку.

«Я вельмі разьлічваю, што ты падштурхнеш „Амкадор“ ня ўніз, а ўверх, і будзе вынік», — працытавала прэсавая служба Лукашэнкі ягоны зварот да генэральнага дырэктара ААТ «Амкадор», кіроўнай кампаніі холдынгу Аляксандра Яфімава.

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што прадпрыемства павінна забясьпечваць ня толькі ўнутраныя патрэбы ў лесанарыхтоўчай тэхніцы, але і зарабляць на экспарце, найперш, у Расею.

«Трэба працаваць на экспарт. І нам ёсьць куды рухацца. Трэба дапамагаць расейцам у лесе. [...] Трэба сьпяшацца, трэба рабіць хутчэй. Такога пэрыяду, складанага, цяжкага, але ў той жа час выгаднага для нас, больш у гісторыі Беларусі ў агляднай будучыні ня будзе. Ні ў якім выпадку не расслабляцца. Таму што вы хутчэй зоймеце рынкі, якія вызваляюцца. А ў Беларусі трэба адназначна ўзмацняць нарыхтоўку лесу. Трэба рабіць хутка і працаваць столькі, колькі трэба», — заявіў Лукашэнка.

У гэтай сувязі ён таксама згадаў дамоўленасьць з Аманам аб будаўніцтве ў Беларусі цэлюлёзна-кардоннага камбінату. «Мае перамовы з азіяцкімі краінамі, Аманам... Адразу ўзьнімаюць пытаньне: мэбля, лес, папера. Нам трэбы ісьці хутчэй», — сказаў ён.

Аднак ён адпрэчыў прапанову старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава аб неабходнасьці павелічэньня перапрацоўкі лесу.

«Вы мне не распавядайце пра нарошчваньне магутнасьцяў, аб’ёмы перапрацоўкі. [...] Трэба папрацаваць на пяць гадзін у тыдні больш. Тым больш, у нас жа людзі хочуць працаваць. У нас людзі працавітыя, яны заўсёды адрэагуюць. Трэба толькі зь імі размаўляць, тлумачыць і, натуральна, плаціць», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго, на прадпрыемстве «Амкадор-Лесмаш» ужо атрымліваюць заробкі, што ў эквіваленце перавышаюць тысячу даляраў. «Для раённага цэнтра гэта ўвогуле завоблачна. Мы некалі пра 500 даляраў марылі, а яны ўжо тут больш за тысячу атрымліваюць. Цудоўная заработная плата», — мяркуе ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Яшчэ адзін праблемны актыў». Навошта ўлады нацыяналізуюць «Амкадор»

Лукашэнка забараніў гаварыць пра наступствы санкцый

У лясной гаспадарцы больш за палову парку займае тэхніка вытворчасьці «Амкадор-Лесмаш». Але тэхніка мела пэўныя праблемы, якія, як сьцьвярджае цяперашні міністар лясной гаспадаркі Сяргей Ульдзіновіч, з большага вырашаныя.

Цяпер прадпрыемства вырабляе 120 адзінак тэхнікі на год, а сярэдняе спажываньне лясной гаспадаркі гэтай тэхнікі да 2030 году прагназуюць на ўзроўні 100 адзінак.

Згодна з інфармацыяй прэсавай службы Лукашэнкі, прадпрыемства правяло «вялікую працу па імпартазамяшчэньні» пасьля ўвядзеньня міжнародных санкцый супраць Беларусі.

«Пра санкцыі забараняецца гаварыць. Ніякіх размоў. Гэта час магчымасьцяў. Калі б нас не прыціснулі, мы б гэтага ня мелі. А калі мелі, то не пры нашым жыцьці. Калі ласка — вынік. Ня хочаце — ня трэба, мы зрабілі самі. І калі мы разумная машынабудаўнічая краіны, мы павінны гэта рабіць, чаго б гэта не каштавала», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяржава працягвае забіраць у набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Шакуціна і ягоных партнэраў акцыі «Амкадору»

Што папярэднічала

ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасьцю і рэалізацыяй спэцыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лягістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.

Асноўным уладальнікам быў набліжаны да Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, ён жа да красавіка 2025 году ўзначальваў раду дырэктараў.

На 2022 год у структуру холдынгу «Амкадор» уваходзіла 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў. Паводле ацэнак арганізацыі BelPol, на сёньня ў холдынгу працуюць каля 7000 чалавек. У 2020 годзе Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі.

Пра тое, што справы ў «Амкадора» ідуць не найлепшым чынам, раней выявіў у сваім расьсьледаваньні BelPol. Паводле зьвестак аб’яднаньня, да лістапада 2023 году «Амкадор» меў пратэрмінаваную запазычанасьць у пагашэньні крэдыту ў «Беларусбанку» на 38 мільёнаў рублёў. Беларускія «дочкі» холдынгу моцна закрэдытаваныя.

У чэрвені 2023 году Эўрапейскі суд разглядаў пазоў Аляксандра Шакуціна, які аспрэчваў абмежавальныя захады супраць яго, уведзеныя ў 2020 годзе. Суд пакінуў эўрапейскія санкцыі супраць Шакуціна ў сіле, бо палічыў недастатковымі довады, якія прывёў бізнэсовец, каб яго вывелі з-пад санкцыяў, і адхіліў пазоў. Суд таксама абавязаў Шакуціна пакрыць выдаткі, зьвязаныя з разборам справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Амкадор» хоча пабудаваць яшчэ адзін завод у Расеі. Прадпрыемства ўжо мела нерэалізаваныя праекты

Каму належалі акцыі да перадачы кампаніі пад кантроль дзяржаве

Усяго ААТ «Амкадор» выпусьціла 1 048 489 простых (звычайных) акцыяў. Урад сваёй пастановай ад 4 кастрычніка 2022 году атрымаў 18 такіх акцыяў. А ў 2025 годзе кампанія перайшла пад поўны кантроль дзяржавы празь вялікія запазычанасьці і нявыплаты крэдытаў.

Акцыі належалі бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну, яго кампаніям і партнэрам, а таксама дзяржаве і афіліяваным структурам.

Шакуцін кантраляваў прыблізна 76% акцыяў як асабіста, так і празь іншыя свае кампаніі («Спамаш» і «Наванэп»). Яго замежным партнэрам — кампаніі «Сінтэз-Інвест Груп», зьвязанай з сям’ёй нэпальскага бізнэсоўца Шрэстха — належала 11% акцыяў і яшчэ прыблізна 7% акцыяў было ва ўласнасьці дзяржавы.

У 2025 годзе, маючы фінансавыя праблемы, холдынг фактычна перайшоў пад дзяржаўнае кіраваньне. Пра гэта ў жніўні 2025 году заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Паколькі ранейшыя ўласьнікі холдынгу шчыра прызналі, што больш ня могуць забясьпечваць вяртаньне запазычаных сродкаў (то бок прызналі, што пазыкі ўзялі, вярнуць ня могуць), мы былі вымушаныя прыняць кіроўную кампанію ва ўласнасьць дзяржавы. Мы ж ня можам калектыў кінуць, гэта тысячы людзей. Галоўнае, што гэтая прадукцыя нам патрэбная», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, фінансавыя праблемы прадпрыемства сталі вынікам вялікага абнаўленьня «лінейкі прадукцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фабрыка цацак, вытворца машын, холдынг зь мільярдным доўгам: гісторыя падзеньня «Амкадору»Лукашэнка расказаў, чаму Шакуцін, які знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ, перадаў дзяржаве «Амкадор»Лукашэнка прызначыў новага міністра прамысловасьці, а былога вярнуў на «Амкадор»Холдынг «Амкадор» «кашалька Лукашэнкі» Шакуціна і ягоных «дочак» закідваюць судовымі пазоваміBelPol: «Амкадор» заняўся распрацоўкай зброі