У Літве пачалі праверку сыстэмы мабілізацыі на выпадак уварваньня зь Беларусі

На літоўскай-беларускай мяжы, жівень 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўрадзе Літвы паведамілі, што з 25 верасьня па 3 кастрычніка пройдуць найбуйнейшыя штогадовыя вучэньні для праверкі нацыянальнай сыстэмы мабілізацыі Літвы Vyčio skliautas 2026 («Шчыт Пагоні 2026»).

Як адзначаецца ў паведамленьні, іх арганізавалі Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі і Дэпартамэнт мабілізацыі і цывільнага супраціву пры Міністэрстве нацыянальнай абароны.

«Вучэньні маюць выключна навучальны характар. Звычайная праца дзяржаўных установаў, муніцыпалітэтаў, службаў і ведамстваў ня будзе парушана, а штодзённае жыцьцё ў краіне будзе працягвацца ў звычайным рэжыме. Жыхарам ня трэба рабіць ніякіх дадатковых дзеяньняў, калі толькі кампэтэнтныя органы не дадуць загадзя канкрэтныя інструкцыі ці інфармацыю аб практычных захадах вучэньняў у пэўным раёне», — падкрэсьлілі ў літоўскім урадзе.

Пры дапамозе вучэньняў улады хочуць ацаніць працэсы актывацыі ланцугоў кіраваньня мабілізацыяй, разьмеркаваньня рэсурсаў, міжведамаснага ўзаемадзеяньня, забесьпячэньня бесьперапыннасьці дзейнасьці і здольнасьці выконваць жыцьцёва важныя дзяржаўныя функцыі ва ўмовах зьмены ўмоваў бясьпекі.

«Супрацьпаветраная абарона і ахова крытычна важнай інфраструктуры застаюцца прыярытэтам для ўсіх нас. Аднак пагрозы маюць складаны характар, таму рэагаваньне на іх павінна быць комплексным. Вельмі важна бачыць увесь спэктар пагрозаў, рыхтавацца да іх, а таксама мець агульны плян і неабходныя магчымасьці. Гэтыя вучэньні стануць праверкай устойлівасьці ўсёй сыстэмы, што дазволіць нам ацаніць гатоўнасьць, выявіць недахопы і зьліквідаваць іх», — адзначыў прэм’ер-міністар Міндаўгас Сінкявічус.

Сцэнар вучэньняў гіпатэтычны, але заснаваны на сучасных пагрозах, нядаўніх падзеях і досьведзе іншых краін. Мадэляваньне будзе ахопліваць паступовае пагаршэньне сытуацыі зь бясьпекай, інфармацыйныя і кібэратакі, перабоі ў энэргетыцы і сувязі, спыненьне транспартных калідораў, нагрузку на крытычна важныя службы, неабходнасьць эвакуацыі насельніцтва і пагрозы хімічнага, біялягічнага, радыялягічнага ці ядзернага характару.

На вучэньнях будуць трэнавацца ў эвакуацыі жыхароў памежных зь Беларусьсю раёнаў у іншыя рэгіёны краіны — апавяшчэньні грамадзян, зборы і рэгістрацыі, арганізацыі выезду, перамяшчэньні праз транзытныя самакіраваньні і прыёме ў самакіраваньнях прызначэньня.

Выданьне LRT адзначыла, што ў эвакуацыі жыхароў зь Вільні й памежных самакіраваньняў будуць трэнавацца на выпадак «зьяўленьня пагрозы ваеннага ўварваньня зь Беларусі».

У вучэньні будуць залучаныя ўся сыстэма мабілізацыі, 14 міністэрстваў, адміністрацыі ўсіх 60 самакіраваньняў і падпарадкаваныя ім структуры, субʼекты гаспадараньня, вызначаныя для мабілізацыі, Дзяржаўны цэнтар мабілізацыйных апэрацыяў, цэнтры кіраваньня ў надзвычайных сытуацыях, Узброеныя сілы Літвы, а таксама ўстановы і ведамствы ў галінах бясьпекі, праваахоўнай дзейнасьці, аховы мяжы, мытнай справы, кібэрбясьпекі, аховы здароўя, фінансаў, транспарту, энэргетыкі і іншых.

Паводле ацэнак, у вучэньнях будуць удзельнічаць прыблізна 3000 дзяржаўных службоўцаў і прадстаўнікоў муніцыпалітэтаў, а таксама прыкладна 1000 валянтэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сейм Літвы ўхваліў папраўку аб зьняцьці з Канстытуцыі забароны на зброю масавага зьнішчэньня

Чаму гэта важна

30 ліпеня эўракамісары ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі накіравалі ліст прэзыдэнтцы Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен з інфармацыяй пра рост занепакоенасьці магчымай агрэсіяй Расеі супраць краінаў Балтыі. Яны адзначылі «пагаршэньне абставінаў з гледзішча бясьпекі» пры «часьцейшых парушэньнях паветранай прасторы і ўварваньнях дронаў».

6 жніўня Wall Street Journal напісала, што, паводле амэрыканскай выведкі, Расея можа праверыць рашучасьць NATO абмежаваным уварваньнем ужо сёлетняй восеньню.

Балтыйскія дыпляматы, якія пагаварылі з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, пацьвердзілі, што летам атрымалі зьвесткі выведкі аб расейскіх апэрацыях пад фальшывым сьцягам, але не было ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі немінучай канвэнцыйнай атакі.

25 жніўня кіраўнік ЦРУ Джон Рэткліф прыляцеў у Маскву. Паводле крыніц РСЭ/РС, ён заклікаў Крэмль не дапусьціць эскаляцыі канфліктаў з саюзьнікамі ЗША, асабліва з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй.

Але прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Рэткліф не рабіў такога папярэджаньня.

«Рэткліф бачыць свайго расейскага калегу раз на шэсьць месяцаў або раз на год. У іх вельмі добрыя адносіны. Ніякага пасланьня не было і нічога незвычайнага не было», — працытавала Трампа выданьне Axios.

Праўда, пазьней, калі журналісты ў Авальным кабінэце спыталі яго пра гэта, Трамп, як выглядала, адступіў і сказаў:

«Я не хачу гэтага камэнтаваць, але яны не зьбіраюцца нападаць [на NATO]».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Літвы заявілі «рашучы пратэст» Менску з прычыны ўварваньня баявога бесьпілётніка«Перанесьці цяжар вайны на тэрыторыю праціўніка». Вайсковы экспэрт зь Літвы — пра адказ на магчымы напад з боку БеларусіКая Калас: Лукашэнка зрабіў Беларусь плятформай для расейскай вайныУ Літве абвясьцілі пагрозай нацыянальнай бясьпецы 22 беларусаў, якія працавалі ў тэхналягічнай сфэрыУ выведцы Літвы адрэагавалі на словы Ціханоўскай: росту ваеннай пагрозы з боку Беларусі ня бачымПрэм’ер-міністар Польшчы пасьля размовы з кіраўніком NATO: «Мы ня можам выключаць правакацыі з боку Расеі»