Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выведцы Літвы адрэагавалі на словы Ціханоўскай: росту ваеннай пагрозы з боку Беларусі ня бачым

Вільня, ілюстрацыйнае фота
Вільня, ілюстрацыйнае фота

Сьвятлана Ціханоўская трэцяга верасьня заявіла пра разьвіцьцё інфраструктуры беларускіх войскаў паблізу ўкраінскай мяжы і каля межаў з краінамі Эўразьвязу.

Літоўская выведка цяпер не фіксуе ўзмацненьня ваеннай пагрозы з боку Беларусі. Пра гэта заявіў галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Дэйвідас Матулёніс у этэры тэлеканалу LRT.

«Я наўмысна сёньня цікавіўся дадаткова, у нашых службаў такой інфармацыі няма. З боку Беларусі на сёньня мы ня бачым узрастаньня пагрозы. Так, ёсьць пэўныя расейскія вайсковыя аб’екты, але новых манэўраных частак, якія нясуць простую пагрозу Літве, Латвіі ці Польшчы, мы дакладна ня бачым», — заявіў ён.

На думку Матулёніса, Аляксандар Лукашэнка зараз, мяркуючы з усяго, не зацікаўлены ў беспасярэднім удзеле ў вайне Расеі супраць Украіны і спрабуе аднавіць адносіны з Захадам і ЗША.

Таму Матулёніс мяркуе, што ні ў палітычным, ні ў практычным сэнсах пагрозы зь Беларусі пакуль не нарастаюць.

Што папярэднічала?

Заява Матулёніса прагучала пасьля візыту ў Літву Сьвятланы Ціханоўскай. Палітык пасьля выгнаньня зь Беларусі некалькі гадоў жыла ў Літве, але нядаўна пераехала ў Польшчу.

У інтэрвію 15min, апублікаваным 3 верасьня, лідэрка дэмакратычных сілаў заявіла, што атрымлівае інфармацыю пра будаўніцтва новай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі як каля мяжы з Украінай, так і ля межаў зь дзяржавамі Эўразьвязу.

Паводле Ціханоўскай, Лукашэнка гатовы даць Расеі тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі для магчымых апэрацыяў супраць краін NATO або для ціску на Альянс.

Матулёніс заявіў, што літоўскія спэцслужбы ўважліва сочаць за сытуацыяй у Беларусі і адразу адрэагуюць на магчымае нарастаньне расейскай вайсковай прысутнасьці.

«Калі б быў заўважаны рост расейскіх войскаў, а мы гэта лёгка б заўважылі… запаліліся б трывожныя лямпачкі, якія патрабуюць дзеяньняў на нацыянальным узроўні і ўзроўні Альянсу. Але ў гэты момант мы ня можам пацьвердзіць заяваў Ціханоўскай», — сказаў Матулёніс.

У той жа час дарадца прэзыдэнта ўважае, што Літве ня трэба імкнуцца да аднаўленьня палітычных адносінаў з уладамі ў Менску, аднак каналы камунікацыі трэба захоўваць, каб не дапусьціць эскаляцыі.

На думку літоўскага службоўца, час на пацяпленьне дачыненьняў зь Беларусьсю яшчэ не прыйшоў, бо Лукашэнка ў вайне падтрымлівае Расею, выступаючы такім чынам супраць Украіны, якую падтрымлівае Літва.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG