Дыялёг зь Менскам можа прывесьці да павелічэньня рызыкаў для Вільні, заявіў у праграме ELTA kampas кіраўнік Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы Рэмігіюс Брыдзікіс.
«Безумоўна, з боку службаў мы бачылі б больш высокія рызыкі [ў выпадку пачатку дыялёгу], — цытуе чыноўніка LRT. — Мы паінфармавалі нашых асоб, што прымаюць рашэньні, пра тое, якія гэта рызыкі і наколькі шырока яны маглі б быць выкарыстаныя. Палітыкі, што прымаюць рашэньні, для таго і існуюць».
«Тут далей [паўстае] пытаньне — як мы ў будучыні кіравалі б імі, калі такія рашэньні былі б прынятыя. Даваць параду, рабіць так ці інакш, мы ўсё ж не маглі б, бо наш абавязак — паказаць усе аспэкты сытуацыі», — дадаў ён.
Паводле Брыдзікіса, ацэнка ДДБ у дачыненьні Беларусі засталася нязьменнай:
«Мы бачым жорсткі перасьлед уласных грамадзян, умяшаньне, уцягваньне ў пэўныя злачынныя выведніцкія дзеяньні. Адзін аспэкт — шкодзіць нам, чыніць на нас уплыў, маніпуляваць сытуацыямі. Іншая мэта — шукаць стасункі з Захадам. Эканамічная выгада ніяк не мяняе ўнутраную ўстаноўку рэжыму дзейнічаць супраць нас, у тым ліку разам з Расеяй», — падкрэсьліў ён.
Што папярэднічала
На сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам 18 сакавіка спэцпасланнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл узьняў пытаньне пра магчымасьць аднаўленьня палітычнага дыялёгу паміж уладамі ў Вільні і Менску. 27 сакавіка прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі ў інтэрвію LRT заклікаў Літву да сустрэчы з уладамі Беларусі на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных справаў.
2 красавіка Наўседа дапусьціў магчымасьць, што Літва распачне дыялёг з Беларусьсю, «але для гэтага маюць быць вельмі выразныя ўмовы».
«Тыя, што існуюць на гэты момант, вельмі далёкія ад тых, якія можна было б уявіць для пачатку дыялёгу. Я б сказаў, што нам варта вельмі канкрэтна заявіць, што калі ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў, на працягу чатырох тыдняў, не будзе [уварваньня ў літоўскую паветраную прастору метэаралагічных] зондаў [з кантрабандай], ня будзе нелегальных мігрантаў, усе [раней захраслыя на беларускай тэрыторыі літоўскія] фуры шчасна вернуцца ў Літву, мы расцэнім гэта як знак добрай волі», — сказаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
Галоўны дарадца Наўседы Дэйвідас Матулёніс у эфіры Žinių radijas 21 красавіка заявіў, што ўлады Літвы не адмаўляюцца ад дыялёгу з Менскам на «больш нізкім палітычным узроўні».
«Дыялёг разглядаецца, дыялёг у той ці іншай форме маецца. Адпаведна, іншы бок таксама мае паказаць добразычлівасьць. На гэты момант мы сапраўды ня маем прычын мяняць палітыку. Сам па сабе дыялёг не зьяўляецца нечым, што дэманстравала б, што мы пачынаем мяняць палітыку. Для гэтага няма ніякіх падстаў», — падкрэсьліў Матулёніс.
Форум