Зафіксавалі пацэльваньні бесьпілётнікаў па 16 лякацыях, яшчэ ў чатырох месцах — пашкоджаньні ад аскепкаў зьбітых дронаў.
Украінскія дроны атакавалі нафтаперапрацоўчыя і іншыя прамысловыя аб’екты ў некалькіх рэгіёнах Расеі.
У Кіеве і Адэсе — па адным загінулым
У Кіеве і Адэсе, як вядома на гэты момант, загінулі па адным чалавеку.
У сталіцы загінуў 14-гадовы падлетак, 9 чалавек атрымалі раненьні — 8 зь іх шпіталізавалі. Расейскі дрон лучыў у 25-павярховы жылы дом на ўзроўні 4 паверху. Руйнаваньні зафіксавалі ў некалькіх раёнах украінскай сталіцы, пашкоджаныя гаражны каапэратыў, нежылыя пабудовы і некалькі шматпавярховых жылых дамоў.
У Кіеўскай вобласьці пацярпелі тры раёны. Расейскія войскі атакавалі дрэваапрацоўчае прадпрыемства, склады і прыватны сэктар.
У Адэскай вобласьці расейскія войскі нанесьлі сэрыю ўдараў па жылым сэктары і лягістычных памяшканьнях паштовага апэратара. У выніку абстрэлу адзін чалавек загінуў і адзін паранены.
Ратаўнікі намагаюцца зьліквідаваць наступствы абстрэлаў, але расейская атак дагэтуль працягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Падчас магутнага ўдару Расеі па Ўкраіне ў Малдову заляцелі некалькі расейскіх дронаўЁсьць пацярпелыя ў Сумскай і Запароскай вобласьцях
У Сумскай вобласьці пацярпелі 2 чалавекі. У рэгіёне ў выніку абстрэлаў адбылося шмат пажараў, але ратаўнікі мусілі прыпыняць працы, бо расейскія войскі наносілі паўторныя ўдары. Пашкоджаны жылы прыватны сэктар, склады і аўтамабілі.
У Запароскай вобласьці абстрэламі пашкоджаная лякарня, шматпавярховыя жылыя дамы, гаражы і аўтамабілі. Два чалавекі атрымалі раненьні.
Украінскія сілы пасьля невялікага перапынку аднавілі ўдары па нафтавым сэктары Расеі
У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі пра нэўтралізацыю 592 украінскіх дронаў над 18 расейскімі рэгіёнамі, а таксама над анэксаваным Крымам і акваторыяй Чорнага мора.
Улады некалькіх рэгіёнаў паведамілі аб пашкоджаньнях на прадпрыемствах.
Губэрнатар Пермскага краю Дзьмітрый Махонін паведаміў аб лучаньні ў прамысловае прадпрыемства. «Ідзе ліквідацыя наступстваў налёту БПЛА на прамысловы аб’ект. [...] Упраўленьне „Роспотребнадзора“ ў Пермскім краі вядзе маніторынг якасьці паветра. Папярэдне, перавышэньня ўзроўню забруджвальных рэчываў не зафіксавалі. Пагрозы жыхарам няма», — паведаміў ён, але не ўдакладніў прадпрыемства.
Паводле расейскіх і ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, ад удару пацярпеў нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл-Пермнафтооргсинтез», на якім атакавалі нядаўна адрамантаваную пасьля ранейшых абстрэлаў устаноўку першаснай перапрацоўкі нафты. Апроч НПЗ, загарэлася яшчэ і станцыя шынамантажу.
Губэрнатар Ульянаўскай вобласьці Аляксей Рускіх заявіў аб украінскай атацы на адно з прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну. Паводле яго, ёсьць пашкоджаньні і на прадпрыемстве, і ў жылым сэктары. Пацярпелі 8 чалавек.
Маніторынгавыя каналы ўдакладнілі, што ва Ўльянаўску пацярпела навукова-вытворчае прадпрыемства «Завод Искра». Апроч таго, украінскія сілы атакавалі Навашахцінскі нафтаперапрацоўчы завод у Растоўскай вобласьці (улады пацьвердзілі гэты факт), завод «Воронежсинтезкаучук» у Варонежы, а таксама гандлёвы цэнтар «Стройцентр» у акупаваным Расеяй Луганску.
Украінскія вайскоўцы пакуль не камэнтавалі гэтую інфармацыю.
Ва ўмовах вайны пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю, якую распаўсюджваюць абодва ваюючыя бакі, у незалежных крыніцах немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея атакавала ракетамі Кіеў, у ААН разгледзелі пытаньне Ўкраіны, Масква ня будзе спыняць вайну дзеля перамоўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.