Менск і Масква абмеркавалі ядзерную бясьпеку ў кантэксьце «вайсковага будаўніцтва NATO і Эўразьвязу»

На супольных расейска-беларускіх ядзерных вучэньнях. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрствы замежных справаў Беларусі і Расеі паведамілі аб сустрэчы сваіх прадстаўнікоў, на якой адбыўся «абмен думкамі аб актуальных пытаньнях глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі».

Як адзначаецца ў паведамленьні замежнапалітычнага ведамства Беларусі, сустрэча намесьніка кіраўніка МЗС Беларусі Ігара Сякрэты і намесьніка міністра замежных справаў Расеі Аляксандра Грушка адбылася ў Маскве на палях сэмінару на тэму нацыянальнага выкананьня канвэнцыі аб забароне біялягічнай і таксычнай зброі.

«Бакі абмяняліся думкамі аб актуальных пытаньнях глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі, а таксама ўзаемадзеяньня ў рамках міжнародных арганізацыяў (ААН, АБСЭ і АДКБ)», — адзначылі ў МЗС Беларусі.

Згодна з інфармацыяй расейскага МЗС, гэтая сустрэча адбылася адпаведна палажэньням дамовы паміж Расеяй і Беларусьсю аб гарантыях бясьпекі ў межах так званай «саюзнай дзяржавы».

«Бакі правялі ўсебаковы агляд сытуацыі ў галіне бясьпекі саюзнай дзяржавы, актуальных і прагназаваных пагрозаў, а таксама супольных захадаў для іх ухіленьня ў межах рэалізацыі палажэньняў дамовы і канцэпцыі бясьпекі саюзнай дзяржавы з акцэнтам на пытаньні ядзернай і біялягічнай бясьпекі», — адзначаецца ў паведамленьні замежнапалітычнага ведамства Расеі.

У МЗС Расеі адзначылі, што асобна ацанілі «эскаляцыйную палітыку і вайсковага будаўніцтва NATO і ЭЗ», каардынацыю ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, арганізаванай злачыннасьцю і наркатрафікам, а таксама нелегальнай міграцыяй. Апроч таго, абмеркавалі супрацьдзеяньне міжнародным санкцыям у сфэры эканомікі і фінансаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кая Калас: Лукашэнка зрабіў Беларусь плятформай для расейскай вайны

Што папярэднічала

6 сьнежня 2024 году Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі. Подпісы пад дакумэнтам на пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савету ў Менску паставілі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін.

Згодна з падпісаным дакумэнтам:

  • Беларусь і Расея разглядаюць збройны напад на ўдзельніка саюзнай дзяржавы як акт агрэсіі супраць аб’яднаньня ў цэлым;
  • Расейская ядзерная зброя можа быць ужытая ў адказ на выкарыстаньне супраць кожнага з бакоў ядзернай зброі або іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі з ужываньнем канвэнцыйнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасьці;
  • Для перадухіленьня актаў агрэсіі на тэрыторыі Беларусі могуць стварацца вайсковыя аб’екты і разьмяшчацца расейскія вайсковыя фармаваньні.


Дамову заключылі на дзесяць гадоў з аўтаматычным працягам на наступныя дзесяцігадовыя пэрыяды. Яна набыла моц пасьля ратыфікацыі нацыянальнымі парлямэнтамі і абмену адпаведнымі ратыфікацыйнымі граматамі. Як адзначаў Пуцін, дакумэнт вызначае ўзаемныя саюзьніцкія абавязаньні ў забесьпячэньні абароны, абароны сувэрэнітэту, незалежнасьці і канстытуцыйнага ладу, цэласнасьці і недатыкальнасьці тэрыторыяў Расеі і Беларусі.

Цяпер улады Беларусі і Расеі праводзяць супольныя ядзерныя вучэньні і заяўляюць, што гэткім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуска-расейскія «ядзерныя» вучэньні адбываліся ў месцы, пра якое раней пісала Свабода. Вось што вядома