Ці магчымая «вялікая калійная зьдзелка» паміж Беларусьсю і ЗША. У пытаньнях і адказах

Тэрыконы з пустой пароды над калійнымі шахтамі ў Салігорску. Ілюстрацыйнае фота

Дональд Трамп заявіў, што ЗША працуюць над буйным пагадненьнем аб набыцьці беларускага калію. Разьбіраемся, колькі Беларусь можа прадаць калію і як яго вывезьці ў ЗША ў абыход ЭЗ.

Што адбылося

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!», — напісаў ён.

Санкцыі з беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу гэтага не зрабіў. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае марскія парты.

Колькі калію трэба ЗША?

ЗША набываюць за мяжой каля 92-94% калійных угнаеньняў, якія спажываюць. Свая вытворчасьць вельмі абмежаваная і складае каля 1% сусьветнай здабычы і 8% ад уласных патрэб.

Пагрузка партыі калійных угнаеньняў для адпраўкі на экспарт. Ілюстрацыйнае фота

Прыкладна 80% калію ЗША закупаюць у Канадзе, што абумоўлена трывалымі кантрактамі і зручнай лягістыкай — краіны знаходзяцца побач, угнаеньні можна вазіць чыгункай. Штогадовыя закупкі ў сярэднім — каля 5,9 мільёна тонаў (у 2025 годзе 5,6 мільёна тонаў).

Колькі калію можа прадаць Беларусь?

Пасьля ўвядзеньня санкцый афіцыйная беларуская статыстыка ў здабычы і экспарце калійных угнаеньняў больш не публікуецца. Паводле Геалягічнай службы Міністэрства ўнутраных справаў ЗША, экспарт калію з Беларусі ў 2024 годзе склаў 6,43 мільёна тонаў. Асноўным пакупніком быў Кітай.

Таксама беларускі калій набывае Бразылія і Індыя, але апошнія гады экспарт у гэтыя краіны скараціўся праз нежаданьне трапіць пад другасныя санкцыі (гэтыя зьвесткі актуальны па стане да сакавіка 2026 году, калі ЗША зьнялі санкцыі з беларускіх угнаеньняў. — РС). Згодна са статыстычнымі зьвесткамі Бразыліі, продаж беларускіх тавараў у гэтую краіну з 2020 па 2024 год зьменшыўся ў 11,4 разы — з 540 мільёнаў даляраў да 47 мільёнаў. Аснову экспарту туды раней складалі якраз калійныя ўгнаеньні.

Калійная шахта ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Індыя таксама істотна скараціла імпарт беларускага калію. У 2023 годзе асноўнымі пастаўнікамі сталі Расея і Канада, а аб’ём гэтага прадукту зь Беларусі скараціўся да некалькіх мільёнаў даляраў на год супраць 289 мільёнаў у 2020 годзе.

У 2024-м Беларусь павялічыла вытворчасьць калію да 7,1 мільёна тонаў. То бок тэарэтычна, Беларусь магла б забясьпечыць патрэбы амэрыканскага рынку. Аднак, гэта толькі ў тэорыі. Беларусь ужо мае кантракты на пастаўку калію і скасоўваць іх ня будзе, а моцна нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці проста не атрымаецца, кажа ў камэнтары Свабодзе эканаміст Мікалай Кульбака.

«Рэальна ўявіць сабе, што цяпер Лукашэнка змог бы перакінуць дастаткова вялікія аб’ёмы з іншых краін у Злучаныя Штаты, вельмі складана і праблематычна, на мой погляд. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма свабодных магутнасьцяў, каб яшчэ і на Злучаныя Штаты хапала гэтага прадукту. З Кітаем, асноўным пакупніком, яны дакладна сварыцца ня будуць. Проста Трампу патрэбная нейкая альтэрнатыва, якую ён можа прадэманстраваць народу, або з дапамогай якой можа націснуць на Канаду, паказаўшы, што ня вы адны такія на белым сьвеце», — мяркуе суразмоўца.

Пра гэтую ж праблему кажа і Лукашэнка, у сваёй заяве, якая на некалькі гадзінаў апярэдзіла допіс Дональда Трампа.

«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.

Што перашкаджае пастаўкам беларускага калію ў ЗША?

Беларуськалій працуе пад санкцыямі Эўразьвязу і пастаўкі гэтага тавару праз балтыйскія парты, як гэта было ў дасанкцыйны пэрыяд, цяпер немагчымыя. Беларускі калій прадаюць праз расейскія парты, дзе ён канкуруе таксама з расейскімі ўгнаеньнямі. Адзіны магчымы шлях паставак у ЗША выглядае так — чыгункай у Расею, а адтуль морам да ЗША праз Атлянтыку. Гэты шлях значна даўжэйшы і даражэйшы, чым з Канады, якая знаходзіцца поруч з ЗША.

Порт у літоўскай Клайпедзе да ўвядзеньня санкцый быў асноўным месцам адпраўкі беларускіх угнаеньняў на экспарт

Усе іншыя шляхі, напрыклад, вазіць калій самалётамі — зробіць яго «залатым», мяркуе Мікалай Кульбака.

«Альтэрнатыўныя шляхі будуць каштаваць, як золата. Таму што, увогуле, таньнейшага за марскі транспарт нічога няма, самалёты — гэта вельмі дорага», — зважае эканаміст.

І таксама дадае, што моцна павялічыць аб’ём, які ідзе праз расейскія парты, немагчыма. Бо там прадаецца і расейскі калій, і іншыя тавары.

«Магутнасьці моцна не павялічыць, таму што праз гэтыя парты цяпер спрабуюць вазіць і збожжа, і вугаль. То бок сур’ёзна пашырыць магчымасьці вывазу ўгнаеньняў там не атрымаецца», — мяркуе суразмоўца.

Ці можа Літва адкрыць свае парты для беларускага калію?

Літоўскі бок адназначна заяўляе, што для зьняцьця эўрапейскіх санкцый зь Беларусі няма падстаў, бо яны ўводзіліся за парушэньні правоў чалавека. Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што цяпер ні адна дзяржава Эўразьвязу ня можа быць часткай пагадненьня аб імпарце беларускіх угнаеньняў у ЗША.

«Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларусьсю, — гэта двухбаковыя адносіны. Тое, якія санкцыі здымаюць ЗША, наўпрост не зьвязана зь дзеяньнямі Эўрапейскага зьвязу і яго санкцыйнай палітыкай. Таму мы разглядаем гэтую заяву як пытаньне двухбаковых адносін, якое нас наўпрост не закранае», — сказаў міністар у эфіры тэлеканалу LRT.

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл (зьлева) і міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Вільня, 14 верасьня 2026

Адказваючы на пытаньне аб магчымым націску з боку ЗША на Літву або ЭЗ з мэтай перагляду санкцый, міністар заявіў, што прычыны ўвядзеньня абмежаваньняў супраць Беларусі ясныя: парушэньні правоў чалавека, перасьлед апазыцыі, падтрымка вайсковай агрэсіі Расеі — і яны не зьмяніліся.

«Няма падстаў казаць аб пераглядзе санкцыяў. Сёньня я ня бачу ніякай прасторы для дыскусій на гэтую тэму», — дадаў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

Ці прадавала Беларусь калій у ЗША раней?

Да ўводу санкцыяў у 2020 годзе Беларусь прадала ў розныя краіны калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Асноўны сьпіс пакупнікоў выглядаў тады наступным чынам:

  • Бразылія — на 520 мільёнаў даляраў
  • Кітай — на 319,7 мільёна даляраў
  • Індыя — на 289,7 мільёна даляраў
  • ЭЗ — на 195,7 мільёна даляраў
  • Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў
  • ЗША — 100,9 мільёна даляраў

То бок доля Беларусі ў экспарце калію ЗША складала каля 5%. Сярэдні кошт у той час быў роўны 308 далярам за тону. Тады ж сярэдні рынкавы кошт канадзкага калію быў меншым — 245 даляраў, калі глядзець па месяцах у справаздачы Сусьветнага банку. І гэта з улікам таго, што на той момант Беларусь пастаўляла калій праз літоўскія парты і лягістыка была таньнейшай, чым цяпер.

Ці Лукашэнка кажа праўду?

«Тэарэтычна ўсё, канешне, магчыма, — кажа ў камэнтары Свабодзе эканаміст Андрэй Махоўскі. — І гэта (пастаўкі ў ЗША. — РС) тэарэтычна было б выгадна для „Беларуськалію“. Амэрыканскі рынак зьяўляецца прэміяльным. У параўнаньні з коштамі, па якіх мы зараз прадаем калій у Кітай. У ЗША калійныя угнаеньні на 100-150 даляраў даражэйшыя (за тону. — РС). Але ёсьць свае „але“. Бывае белы калій і ружовы калій. Для белага патрэбная большая апрацоўка, „Беларуськалій“ вырабляе ў асноўным ружовыя калійныя ўгнаеньні. А амэрыканскі рынак спажывае ў асноўным белы калій».

Па словах экспэрта, гэтая праблема зьяўляецца далёка ня самай важнай. Асноўная ж у тым, што ў Беларусі проста няма магчымасьці штосьці адправіць у ЗША.

Перамовы спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 15 верасьня 2026 году

«Лукашэнка ўчора нездарма сказаў пра гэта, бо такіх магчымасьцяў насамрэч няма, — гаворыць Андрэй Махоўскі. — Пасьля таго, як амэрыканцы зьнялі санкцыі з беларускага калію, Беларусь вельмі значна нарасьціла экспарт калійных угнаеньняў. У Кітай ён вырас на 75%. У траўні быў падпісаны вялікі кантракт з Індыяй. Зьвяртаю ўвагу на тое, што Індыя прынамсі адкрыта не набывала беларускіх калійных угнаеньняў, пакуль дзейнічалі гэтыя амэрыканскія санкцыі. Значным пакупніком застаецца Бразылія, а там кошты на калій нязначна меншыя, чым у ЗША. Таму калі Лукашэнка кажа, што ў яго няма вольных калійных угнаеньняў, то ён кажа праўду».

Андрэй Махоўскі дадае, што калі ў Беларусі і зьявіцца нейкі вольны калій, то толькі ў наступным годзе, калі будуць выкананыя папярэднія кантракты. У дадатак актуальным застаецца пытаньне транзыту праз Літву ці Латвію.

«Я пакуль ня бачу, каб сытуацыя з транзытам неяк зьмянілася, — гаворыць суразмоўца. — Літоўскія палітыкі ўжо заявілі, што яны ня будуць адкрываць Клайпеду для беларускіх угнаеньняў, бо ня бачаць для гэтага падставаў. Латвійскія палітыкі адкрыта пра гэта не гавораць, але прэм’ер-міністар краіны акурат пасьля сустрэчы з Коўлам паведаміў, што Латвія будзе прытрымлівацца эўрапейскіх санкцый. Таму я ня бачу тут пэрспэктыў пакуль».