«Няма ніякіх прычынаў скасоўваць санкцыі супраць Беларусі». У Літве адрэагавалі на заяву Трампа пра вялікую ўгоду зь Беларусьсю

Пасьля таго як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў вялікую ўгоду зь Беларусьсю наконт угнаеньняў старшыня Камітэту замежных справаў літоўскага Сэйму Рымігіюс Мотузас заявіў, што Літве пра такое пагадненьне невядома, але пазыцыя адносна Менску застаецца нязьменнай, перадае LRT.

«У нас сёньня няма ніякіх прычынаў скасоўваць санкцыі супраць Беларусі. Гэта агульная пазыцыя ня толькі Літвы, але і Эўрапейскага зьвязу. І гэтыя санкцыі дзейнічаюць да канца лютага», — сказаў парлямэнтар агенцтву BNS у панядзелак.

«Вядома, мы ня можам сёньня ўплываць на рашэньне Злучаных Штатаў Амэрыкі ці на пагадненьне аб закупцы ўгнаеньняў зь Беларусі. Час пакажа, як Злучаным Штатам Амэрыкі ўдасца дамовіцца пра куплю ўгнаеньняў зь Беларусі», — адзначыў ён.

Палітык падкрэсьліў, што Літва не мяняе сваёй пазыцыі адносна аўтарытарнага рэжыму Беларусі.

«Мы і надалей лічым Беларусь недэмакратычнай дзяржавай, а яе прэзыдэнта — абраным недэмакратычна. Хоць палітычных зьняволеных і вызваляюць, у Беларусі нічога не мяняецца. Мы бачым, што апазыцыю і надалей ігнаруюць, яна практычна ня можа дзейнічаць у Беларусі. Большасьць яе прадстаўнікоў выехала, а тых, хто больш актыўна праяўляе сябе ў грамадзкай дзейнасьці ці ў сацыяльных сетках, саджаюць у турму. Беларусь і далей праводзіць такую самую палітыку», — сказаў Мотузас.

Ён нагадаў, што Менск і надалей падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны, а Літва і іншыя суседнія дзяржавы па-ранейшаму зазнаюць розныя гібрыдныя атакі зь Беларусі.

Паводле дэпутата, падрабязна камэнтаваць магчымае пагадненьне ЗША і Беларусі пакуль заўчасна. На ягоную думку, гэты крок можа быць разьлічаны на будучыню.

«Апошнім часам сапраўды часта зьяўляюцца паведамленьні адміністрацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія значна скіраваныя наперад, у будучыню. (...) Напэўна, пакуль было б заўчасна падрабязна камэнтаваць, якім шляхам маглі б перавозіць гэтыя ўгнаеньні», — сказаў Мотузас.

Прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус 21 верасьня заявіў, што ня мае інфармацыі пра згаданае Трампам пагадненьне паміж Вашынгтонам і Менскам.

«Урад Літвы на гэты момант ня ведае дэталяў магчымага пагадненьня ЗША і Беларусі аб закупцы ўгнаеньняў, таму больш падрабязна камэнтаваць яго было б заўчасна», — перадаў BNS пазыцыю кіраўніка ўраду ягоны дарадца Гедас Саліга, перадае LRT.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп: ЗША працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў 21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Truth Social.

Адметна, што за некалькі гадзін да гэтага допісу прэзыдэнта ЗША пра экспарт беларускіх калійных угнаеньняў выказаўся Аляксандар Лукашэнка.

«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.

Што папярэднічала

Беларускі калій, імаверна, уваходзіў у праграму перамоў спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Джона Коўла з Лукашэнкам раней у гэтым месяцы.

Ранейшыя перамовы справакавалі пытаньні да Літвы, якая адказвала, што не адчувае ціску ЗША ў пытаньні перавалкі беларускага калію праз порт у Клайпедзе.

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій у сакавіку 2026 году, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».

У сваю чаргу, Эўразьвяз скасоўваць абмежаваньні, накладзеныя на беларускі калій, адмовіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Лукашэнку і Трампу не ўдаецца «вялікая зьдзелка»