Аднаўленьнем старажытнай сынагогі ў Слоніме займаецца праектная арганізацыя ТАА «ТапазЗахадІнжынірынг». У траўні 2026 году слонімскі райвыканкам правёў сустрэчу з дырэктарам кампаніі Дзьмітрыем Волчакам, і арганізацыя падала чыноўнікам дакумэнтацыю, піша Hrodna.life.
На той сустрэчы адзначылі, што ўжо правялі комплекс навукова-дасьледчых работ, каб захаваць помнік архітэктуры.
Завяршэньне праектаваньня і ўзгадненьня дакумэнтацыі зь Міністэрствам культуры тады заплянавалі на верасень 2026 году. Цяпер жа, калі тэрмін прыйшоў, слонімцы пацікавіліся, што пастанавілі ў справе. У прыватнасьці, іх хвалявала, чаму да гэтага часу грамадзкасьці не паказалі абяцанага праекту рэстаўрацыі сынагогі, невядома таксама, ці пройдзеная дзяржаўная будаўнічая экспэртыза і ці ўзгодненая дакумэнтацыя зь Міністэрствам культуры.
Таксама цікавіліся, чаму будынак не закансэрваваны і ці плянуюць уладальнікі да наступленьня маразоў схаваць контуры будынка, каб спыніць зьнішчэньне аўтэнтычных фрэсак XVII стагодзьдзя ад волкасьці і птушак.
Адказ райвыканкаму на запыт апублікавала старонка slonim_live. Там адзначылі, што працы наконт праектнай дакумэнтацыі завершаныя, а дазвол ад Міністэрства культуры ўжо ёсьць. І цяпер праект знаходзіцца на ўзгадненьні ў Горадзенскім аблвыканкаме.
Калі пройдзе гэтае ўзгадненьне і калі праект пакажуць людзям — невядома. Чыноўнікі адно пакінулі нумар для даведак, каб жыхары маглі патэлефанаваць і даведацца падрабязнасьці.
Гісторыя сынагогі
- Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яе пабудавалі ў 1642 годзе ў стылі барока.
- Яна ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
- У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраваньні гараджан.
- Дзейнічала да 1940 году, а пасьля ІІ сусьветнай вайны камуністы зрабілі ў сынагозе склад і гандлёвыя памяшканьні.
- Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерусаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску пачалі ладзіць віртуальную экскурсію ў слонімскую сынагогуПраваленыя таргі і праекты рэстаўрацыі сынагогі
Будынак былой сынагогі плошчай 673 кв.м. разьмяшчаецца ў цэнтры Слоніма. Пры ранейшых выстаўленьнях сынагогі на аўкцыёны ўлады пісалі, што аб’ект можна перарабіць пад музэйны комплекс, пункт грамадзкага харчаваньня альбо краму.
Першы раз улады выставілі сынагогу на таргі ў пачатку лета 2020 году. Помнік архітэктуры 1642 года пабудовы першапачаткова ацанілі ў 137 тыс. рублёў ($ 50 тыс. па тагачасным курсе). З траўня па сьнежань тройчы абвяшчалі аўкцыёны, але пакупнікоў не было. У выніку да апошніх таргоў сынагога патаньнела да 27 тыс. рублёў.
У канцы 2020 году яе набыла дзіцячая пісьменьніца Яанна Рыўз (сапраўднае імя — Ілона Караваева). Яна заплаціла за будынак каля 30 тысяч рублёў. Каб набыць сынагогу, яна прадала сваю кватэру ў Менску. Пісьменьніца расказвала Свабодзе пра шырокія пляны рэканструкцыі сынагогі.
Аднак у чэрвені 2022 году Караваева ліквідавала фонд «Ратуючы спадчыну», які зьбіраў сродкі на рэканструкцыю. Аднаўленьню сынагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ўва Ўкраіне. Тады будынак апынуўся ў валоданьні Слонімскага райвыканкаму.
У траўні 2024 году будынак былой сынагогі ў Слоніме выкупіў дырэктар Расейскага акцыянэрнага таварыства «Агенцтва Разьвіцьця Пэрспэктыўных Тэхналёгій» (АРПТ) Дзяніс Дудараў. Помнік архітэктуры абышоўся Дудараву ў 42 рублі.