Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі ўчора дазналася, што яна ў аварыйным стане». Пакупніца слонімскай сынагогі расказала пра свае пляны


Сынагога ў Слоніме
Сынагога ў Слоніме

Пакупніца адной з самых старажытных сынагог Беларусі, дзіцячая пісьменьніца і пэдагог зь Менску, якая выступае пад псэўданімам Іяанна Рыўз, расказала ў інтэрвію Свабодзе, у якім стане будынак і як яна мяркуе яго аднаўляць.

Сапраўднае імя пакупніцы сынагогі — Ілона Караваева, але яна просіць называць яе Іяаннай. Рыўз — сябра Эўразійскай крэатыўнай супольнасьці, піша ангельскамоўныя казкі, выкладае дзецям музыку і вакал. Да пандэміі, як сама расказвае, актыўна займалася зь імі як пэдагог і крэатыўны аўтар. Праводзіла сустрэчы ў школах, бібліятэках і дзіцячых дамах. Але каранавірус прымусіў прыпыніць гэтую дзейнасьць.

Коратка пра гісторыю сынагогі:

  • Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яе пабудавалі ў 1642 годзе ў стылі барока.
  • Яна ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
  • У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраваньні гараджан.
  • Дзейнічала да 1940 году, а пасьля ІІ сусьветнай вайны камуністы зрабілі ў сынагозе склад і гандлёвыя памяшканьні.
  • Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім унівэрсытэце ў Ерусаліме ўключыў слонімскую сынагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сынагог Эўропы, якім пагражае небясьпека.
Міжваенны выгляд Слоніма. Фота з Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы
Міжваенны выгляд Слоніма. Фота з Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы

«Хочацца зрабіць нешта для будучых пакаленьняў»

Помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя прадалі на аўкцыёне з трэцяй спробы. Іяанна заплаціла за яго 30 тысяч рублёў. Рашэньне купіць сынагогу яна называе спантанным і выпадковым. Пабачыла прапанову на аўкцыёне і «нават ня думала разглядаць варыянты зь іншымі будынкамі».

Іянна Рыўз
Іянна Рыўз

«Я ў нейкім сэнсе паломніца, якая з 12 гадоў пастаянна наведвае рэлігійныя культавыя мясьціны па ўсім сьвеце. І вынікам гэтага стала набыцьцё сынагогі. Я гэтага не плянавала, усё адбылося абсалютна выпадкова, калі ўбачыла гэты помнік архітэктуры на аўкцыёне. Пэўным штуршком стала і тое, што пасьля ІІ сусьветнай вайны мая сям’я жыла ў Слоніме. Я служу мастацтву, і мне хацелася б унесьці свой уклад у захаваньне гэтага помніка, зрабіць вялікую справу для сучаснасьці. Хочацца зрабіць нешта для будучых пакаленьняў і для культуры», — кажа Іяанна.

Сур’ёзныя намеры адбудаваць сынагогу ў Слоніме меў Фонд габрэйскай спадчыны. Яшчэ два гады таму ён аплаціў рамонт даху, каб узімку ў сынагогу не намятала сьнегу. Ініцыятар рэканструкцыі — брытанскі інжынэр Сайман Каплінскі, бацька якога нарадзіўся ў Слоніме. Фонд габрэйскай спадчыны зьбіраўся купіць сынагогу, але не пасьпеў аформіць неабходную дакумэнтацыю.

«Зьбіраюся максымальна супрацоўнічаць з фондамі іншых краінаў»

Работы для рэканструкцыі, паводле розных падлікаў, каштуюць сама меней мільёны даляраў. Каб сабраць сродкі на аднаўленьне сынагогі, Іяанна мае намер заснаваць уласны фонд.

«Літаральна днямі я маю намер зьвярнуцца ў мясцовыя органы, каб удакладніць нюансы. Зьбіраюся максымальна супрацоўнічаць з фондамі іншых краінаў, якія могуць дапамагчы. Вядома, у тым ліку і з габрэйскімі, паколькі гэта помнік габрэйскай культуры. Я спадзяюся на іх падтрымку. Зьбіраюся адпраўляць афіцыйныя лісты сваім сябрам, калегам, якія могуць не застацца абыякавымі і дапамагчы».

За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў аднавіць слонімскую сынагогу. У 1999 годзе дзякуючы Фонду ўсясьветных помнікаў на сынагозе замянілі дах. Аднак, ня маючы гаспадара, будынак паступова прыходзіць у заняпад. За савецкім часам, калі сынагога была складам мэблевай крамы, а ў прыбудовах месьціўся малочны бар, яна была ў лепшым стане, чым цяпер.

Іяанна Рыўз
Іяанна Рыўз

«Летам там можна было праводзіць клясычныя канцэрты, як каля менскай ратушы»

Паводле правілаў аўкцыёну, прададзены будынак павінен быць рэканструяваны менавіта ў тым выглядзе, у якім ён быў збудаваны — як сынагога.

«Там ёсьць некаторыя прыбудовы, я іх разглядала як кавярню для турыстаў, з булачкамі або нейкім асаблівым хлебам. З другога боку — краму з сувэнірамі, прывезенымі з Ізраілю, або паштоўкамі гораду. Сынагога ў вельмі добрым месцы, там побач цудоўны Сьвята-Праабражэнскі сабор, касьцёл бэрнардынак. Таму я думала, што было б някепска зрабіць нейкую прылеглую тэрыторыю, каб летам там можна было праводзіць невялікія клясычныя канцэрты, на ўзор тых, што адбываюцца ў Менску каля ратушы. Гэта было б цікава ня толькі турыстам, якія ня так часта прыяжджаюць, але і жыхарам гораду».

У сынагозе захаваўся ўнікальны росьпіс. Фота 2018 году
У сынагозе захаваўся ўнікальны росьпіс. Фота 2018 году

«Сынагога ў крытычным стане, але стараюся быць аптымісткай»

На стварэньне праектнай дакумэнтацыі і зацьвярджэньне праекту ў Іяанны ёсьць 2 гады. На саму рэканструкцыю — яшчэ 5. Але акурат надоечы пакупніца даведалася, што будынак сынагогі ў аварыйным стане і што там небясьпечна праводзіць нават простыя дасьледчыя работы.

«Я размаўляла з архітэктарамі, якія аднаўлялі Нясьвіскі замак. Яны расказалі, што ўзьнікаюць некаторыя складанасьці для таго, каб дасьледаваць яго зь любога пункту гледжаньня: ці то з гістарычнага, ці тэхнічнага. Туды небясьпечна заходзіць. Калі праводзіць нейкія дасьледчыя работы, то трэба рабіць іх у спэцыяльнай вопратцы. Таму ўзьнікаюць новыя пытаньні. У найбліжэйшы час я буду старацца зразумець, як іх вырашыць максымальна хутка і карысна».

Іяанна плянуе таксама зьвярнуцца па дапамогу і ў фонд UNESCO. Пакуль сур’ёзных прапановаў супрацы ёй не паступала. Былі размовы з выхадцамі са Слоніма ў Ізраілі, прадстаўнікамі габрэйскага фонду культуры ў Горадні. На гэтым тыдні плянуецца віртуальная сустрэча з брытанскім фондам.

«Пакуль усім займаюся сама. Часу ў мяне шмат, бо сваю ІП я закрыла праз пандэмію. Пра аварыйны стан я даведалася толькі ўчора. На момант куплі гэта выглядала трошкі інакш. Стараюся быць аптымісткай. Сынагога стаіць дзясяткі гадоў, і калі яна трапіла да мяне, то, відаць, такі лёс, каб вырашыць яе будучыню. Немагчыма ж стаяць так увесь час».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG