Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалі ладзіць віртуальную экскурсію ў слонімскую сынагогу


Рэстаўрацыя слонімскай сынагогі, архіўнае фота

Пайсьці на VR-экскурсію можна бясплатна ў менскім «Корпусе» 1–14 красавіка, але папярэдне трэба запісацца.

Каманда беларускіх дызайнэраў завяршыла працу над віртуальнай экскурсіяй у Вялікую харальную сынагогу ў Слоніме, збудаваную ў XV стагодзьдзі. Экскурсію вырашылі зладзіць у часы росквіту сынагогі: аднавілі яе выгляд XVII–XIX стст. на аснове абмерных рысункаў майстэрні «Бастылія», раней невядомых фота 1930-х гадоў і вядомых росьпісаў іншых сынагогаў Усходняй Эўропы.

Удзельнік 15-хвіліннага віртуальнага туру зможа «пахадзіць» па будынку, надзеўшы акуляры віртуальнай рэальнасьці, і паслухаць аўдыёгіда на расейскай або ангельскай мовах. Экскурсію прадставяць у менскім цэнтры «Корпус» (пр-т Машэрава, 9/8) 1–14 красавіка (з панядзелка па суботу ад 14 да 20 гадзіны). Уваход вольны, але пажаданая папярэдняя рэгістрацыя.

Віртуальны тур зрабілі ў межах праекту Belarus Shtetl, які ладзіць Цэнтар беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны ў партнэрстве з Гётэ-інстытутам у Беларусі, а той праект ладзяць у межах праграмы «Ўсходняга партнэрства» #CivilSocietyCooperation пры падтрымцы МЗС Нямеччыны.

Барочны будынак 1642 году — адна з найстарэйшых сынагог краіны. Сынагога моцна пацярпела ад пажару ў 1881 годзе, а пасьля Другой сусьветнай вайны бальшавікі ператварылі яе ў склад, пазьней у гандлёвае памяшканьне. За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў яе аднавіць, ад 2018 году ішлі працы, на чале якіх — брытанскі інжынэр Сайман Каплінскі.

У 2021 годзе будынак купіла пісьменьніца Іянна Рыўз, якая казала пра намер заснаваць уласны фонд і супрацоўнічаць з замежнымі фондамі дзеля аднаўленьня будынку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG