На Жытоміршчыне расейскія войскі зьнішчаюць запраўкі і інфраструктуру. Два дроны заляцелі ў Беларусь

Наступствы аднаго з ранейшых расейскіх абстрэлаў па Жытомірскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 21 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 172 ударнымі дронамі. Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, сілы супрацьпаветранай абароны змаглі абясшкодзіць 147 расейскіх бесьпілётнікаў.

Зафіксавалі пацэльваньні дронаў па 14 лякацыях, яшчэ ў чатырох месцах — наступствы ад падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.

Раніцай на тэрыторыю Беларусі заляцелі сама меней два расейскія дроны

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што раніцай на беларускую тэрыторыю заляцелі два расейскія дроны.

Telegram-канал «єРадар» а 8:44 паведаміў, што два расейскія дроны паляцелі з Ганчароўскага ў кірунку Беларусі. А 9:04 у Кіеўскую вобласьць зь беларускай тэрыторыі ў чарнобыльскую зону Ўкраіны заляцелі 4 дроны, а 9:29 два дроны заставаліся на тэрыторыі беларускай чарнобыльскай зоны. А 9:54 Telegram-канал паведаміў пра два дроны ў раёне Ельска і Хвойнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна можа непублічна адрэагаваць на рэтрансьлятары ў Беларусі

Расейскія войскі другі тыдзень атакуюць памежныя зь Беларусьсю вобласьці Ўкраіны

Улады Жытомірскай вобласьці паведамілі аб сама меней двух ударах расейскіх войскаў па рэгіёне. 20 верасьня ад абстрэлаў пацярпела цывільная інфраструктура, у тым ліку транспартная, а раніцай 21 верасьня — аўтазапраўка на міжнароднай трасе М-06 паблізу Зьвягеля, што знаходзіцца прыблізна за 110–115 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Склады, АЗС і парты. Якія аб’екты ва Ўкраіне атакавалі расейскія войскі

Пад прыцэлам — склады з харчаваньнем, жылы сэктар і ўстановы адукацыі

У Адэскай вобласьці ад расейскіх удараў пацярпелі склады сеткі харчовых супэрмаркетаў. Абышлося без пацярпелых.

У Запарожжы і Сумах пашкоджаньні атрымалі некалькі карпусоў Запароскага нацыянальнага ўнівэрсытэту і Сумскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

У выніку ўдараў па жылых шматпавярховых дамах у Запарожжы параненыя шэсьць чалавек. У Сумах — адзін чалавек загінуў і яшчэ адзін атрымаў раненьні.

У Харкаўскай вобласьці загінула жанчына, а яе 13-гадовы сын атрымаў цяжкія апёкі.

У Чарнігаўскай вобласьці расейскія войскі абстралялі сельскую гаспадарку — пацярпела тэхніка і жывёлы.

Ад абстрэлаў таксама пацярпелі Кіраваградзкая і Кіеўская вобласьці. Удары таксама наносілі па інфраструктуры і жылым сэктары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі нанесьлі ракетна-дронавы ўдар па Кіеве, Адэсе і Запарожжы. У Растове пажар на вайсковым аэрадроме

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.