Трамп падпісаў законапраект аб санкцыях супраць Расеі і Ірану

Дональд Трамп пасьля падпісаньня закону пра санкцыі супраць Расеі і Ірану

Прэзыдэнт ЗША атрымаў новае прыладзьдзе эканамічнага ціску на згаданыя краіны, падпісаўшы санкцыйны пакет, які атрымаў неафіцыйную назву «Закон Ліндсі Грэма».

Белы дом абвясьціў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон, накіраваны на ўзмацненьне эканамічнага ціску на Расею ў зьвязку з вайной ува Ўкраіне. Новыя захады прадугледжваюць узьдзеяньне на прыбыткі Масквы ад энэргетычнага сэктару, а таксама краіны, якія працягваюць купляць расейскія нафту і газ, піша RFE/RL.

Законапраект H.R. 5334 названы ў гонар нябожчыка-сэнатара ад Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэма, які выступаў за падтрымку Ўкраіны і больш жорсткія захады ў дачыненьні Масквы.

Пасьля падпісаньня гэтыя захады ў дачыненьні Расеі набылі сілу закону. Раней, у жніўні, дакумэнт ухваліў Сэнат (86 галасоў «за», 11 — «супраць»), а 16 верасьня — Палата прадстаўнікоў (262 — «за», 159 — «супраць»).

Закон надзяляе адміністрацыю Трампа шырокімі паўнамоцтвамі адносна ўвядзеньня санкцый і тарыфаў супраць Расеі, яе энэргетычнай галіны, а таксама замежных урадаў і арганізацый, якія дапамагаюць Маскве абыходзіць дзейныя абмежаваньні.

Аднак значная частка практычнага эфэкту закону будзе залежаць ад рашэньняў, якія прымуць Трамп і ягоная адміністрацыя, адначаюць экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кангрэс ЗША ўхваліў законапраект аб маштабных санкцыях супраць Расеі і накіраваў яго Трампу. У Кіеве адрэагавалі

Узьдзеяньне на прыбытак ад энэрганосьбітаў і барацьба з абыходам санкцый

Сярод найбольш істотных палажэньняў закону — права прэзыдэнта ўводзіць мыта да 100% на тавары, якія імпартуюцца з краін, аднесеных да пэўных катэгорый у залежнасьці ад аб’ёмаў закупак расейскай нафты і прыроднага газу або ўдзелу ў абыходзе санкцый ЗША.

Закон асаблівую ўвагу надае пяці імпартэрам расейскай сырой нафты ці прыроднага газу, якія набылі найбольшыя аб’ёмы гэтых рэсурсаў за 12 месяцаў да прыняцця дакумэнту, а таксама краінам, вызначаным як асноўныя пасярэднікі, што садзейнічаюць абыходу санкцый супраць Расеі.

Адміністрацыя абавязаная пераглядаць сьпіс краін, на якія распаўсюджваюцца гэтыя палажэньні, кожныя 180 дзён.

Закон таксама накіраваны супраць так званага «ценевага флёту» Расеі — суднаў і сетак, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі расейскіх энэрганосьбітаў і абыходу санкцый, — а таксама супраць замежных фізычных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць здабычу расейскіх энэрганосьбітаў ці спрыяюць абыходу санкцый. Дзеяньне закону можа закрануць уладальнікаў суднаў, апэратараў, кіраўнікоў, страхавальнікаў і іншых удзельнікаў дзейнасьці, якая падпадае пад яго рэгуляваньне.

Дакумэнт таксама зьмяшчае палажэньні, накіраваныя супраць буйных расейскіх праектаў у вытворчасьці звадкаванага прыроднага газу, у тым ліку «Ямал СПГ» і «Арктык СПГ-2» — маштабных аб’ектаў у расейскай Арктыцы, прызначаных для вытворчасьці і экспарту гэтага віду паліва.

Разам з тым закон надзяляе Трампа значнай свабодай дзеяньняў у пытаньні таго, як і ці будуць прымяняцца некаторыя з прадугледжаных ім паўнамоцтваў. Ён можа скасаваць санкцыі, абмежаваньні або мыта, калі палічыць, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам, і дасьць Кангрэсу адпаведнае тлумачэньне.

Гэта азначае, што сам факт падпісаньня дакумэнту ня цягне за сабой аўтаматычнага ўвядзеньня 100% мыта ў дачыненьні такіх краін, як Кітай ці Індыя. Замест гэтага ён надзяляе адміністрацыю законным правам уводзіць такія пошліны пры вызначаных абставінах.

Гэты законапраект таксама падаўжае дзеяньне Закону аб санкцыях супраць Ірану 1996 году да 2031 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кая Калас анансавала «самыя маштабныя санкцыі» супраць Расеі