Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў законапраект аб маштабных санкцыях супраць Расеі і накіраваў яго Трампу. У Кіеве адрэагавалі

абноўлена
Аўтар законапраекту Ліндсі Грэм у Кіеве, ліпень 2026
Аўтар законапраекту Ліндсі Грэм у Кіеве, ліпень 2026

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект аб санкцыях супраць Расеі і Ірана, ініцыяваных нябожчыкам-сэнатарам Грэмам. Закон прадугледжвае пакет санкцый, якія, па словах іх прыхільнікаў, узмоцняць ціск на Маскву і краіны, што дапамагаюць фінансаваць яе вайну супраць Украіны.

Палата прадстаўнікоў прыняла «Закон Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць Расеі і Ірана 2026 года» 262 галасамі «за» пры 159 «супраць»; за дакумэнт прагаласавалі 203 рэспубліканцы, 58 дэмакратаў і адзін незалежны заканадаўца. Супраць выказаліся сем рэспубліканцаў і 152 дэмакраты, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Раней у мінулым месяцы законапраект ужо быў ухвалены Сэнатам (86 галасоў «за», 11 — «супраць»). Ён названы ў гонар нябожчыка — сэнатара-рэспубліканца ад штата Паўднёвая Караліна Ліндсі Грэма, які больш за год працаваў над забесьпячэннем двухпартыйнай падтрымкі гэтага дакумэнта да сваёй раптоўнай сьмерці ў ліпені.

Чакаецца, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпіша законапраект.

Што прадугледжвае законапраект

Законапраект накіраваны супраць расейскіх чыноўнікаў, фінансавых устаноў, энэргетычнага сэктару і так званага ценявога флёту танкераў Расеі. Ён таксама дае Трампу паўнамоцтвы ўводзіць тарыфы да 100 працэнтаў на буйных пакупнікоў расейскай нафты і газу, а таксама на краіны, якія дапамагаюць Маскве абходзіць санкцыі.

Гэты законапраект таксама пашырае санкцыі ЗША супраць Ірана.

Яго прыняцьце зьяўляецца першым буйным двухпартыйным заканадаўчым актам Кангрэсу ў падтрымку Ўкраіны пасьля таго, як у красавіку 2024 года быў зацьверджаны пакет экстранай дапамогі.

Тарыфы падзялілі дэмакратаў

Шлях законапраекта праз Палату прадстаўнікоў быў ускладнены дэмакратычнай апазыцыяй, якая ў асноўным сканцэнтравалася на дадатковых тарыфных паўнамоцтвах, якія гэтым праектам надаюцца Трампу.

Лідэр меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс зь Нью-Ёрка заявіў, што падтрымлівае ціск на Расею, але ня можа падтрымаць тое, што ён назваў шырокімі новымі прэзыдэнцкімі тарыфнымі паўнамоцтвамі.

Ліндсі Грэм, рэспубліканец ад штату Паўднёвая Караліна, які памёр у ліпені, быў адным з самых актыўных прыхільнікаў Украіны ў Кангрэсе.

Зяленскі: гэта надзвычайна моцны інструмэнт, які можа спыніць Расею

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў сымбалічным, што Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла гэты закон у ноч, калі расейскія войскі зноў атакавалі ўкраінскія рэгіёны балістыкай і дронамі. Пацярпела энэргетыка, жылы сэктар, больш за 10 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку дзеці.

«Менавіта законапраект Ліндсі Грэма і іншыя моцныя санкцыйныя крокі партнэраў супраць крыніцы гэтай вайны, супраць Расеі, — гэта надзвычайна моцны інструмнт, які можа спыніць гэтую тэрарыстычную вайну і прывесьці Расею да неабходнасьці ўсталяваньня міру. Санкцыі павінны быць моцныя, каб уся работа дзеля міру, у тым ліку, нашыя супольныя з Амэрыкай, Эўропай і іншымі сябрамі дыпляматычныя намаганьні, спрацавалі. Дзякую чальцам Палаты прадстаўнікоў, сэнатарам, лідэрам Кангрэсу ЗША за падтрымку гэтага законапраекту. Расеі патрэбна заканчваць сваю вайну», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG