Кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск заяўляе пра новую рэчаіснасьць, у якую ўваходзіць ягоная краіна пасьля чарговай расейскай атакі на Заходнюю Ўкраіну.
Расейцы атакавалі ўкраінскую аўтамабільную запраўку, якая месьціцца зусім побач зь вёскай Дарагуск, што ўжо па польскім баку мяжы.
«Адбыўся вельмі магутны выбух. Нашыя самалёты былі ўзьнятыя ў паветра. Гэта 17 верасьня — выключны дзень, у тым ліку з пункту гледжаньня сёньняшняй бясьпекі», — сказаў прэм’ер-міністар Польшчы.
А 12:46 вайскоўцы заявілі пра заканчэньне польскіх паветраных апэрацый, што пачаліся праз пагрозы расейскіх авіяўдараў па цэлях у заходняй Украіне.
Прадстаўнік Апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных Сіл Польшчы паведаміў у этэры TVN24, што рэактыўны бесьпілётнік разьбіўся або быў зьнішчаны за 4 км ад польскай мяжы на ўкраінскім баку, падобна, у Ягодзіне.
Жыхары цэнтральнай часткі Польшчы чулі гучны выбух. Гэта гукі вайсковых самалётаў, якія пераадолелі гукавы бар’ер.
Намесьнік міністра абароны Цэзары Томчык заявіў Сэйму, што вайскоўцы былі гатовыя зьбіць аб’ект, калі ён наблізіцца да польскай мяжы і існавала б рызыка перасячэньня ім мяжы.
У многіх гарадах на ўсходзе Польшчы, у тым ліку ў Любліне і Жэшуве, прагучалі сырэны паветранай трывогі.
17 верасьня 2026 году адзначаецца 87-я гадавіна нападу СССР на Польшчу. Некаторыя польскія палітолягі заяўляюць, што абстрэл украінскіх тэрыторый пад самай мяжой з Польшчай расейцы рабілі нездарма, а «прымеркавалі» да гэтай даты.
Дональд Туск не ўпершыню зьвяртае ўвагу польскага грамадзтва на небясьпеку, якая ідзе ад Расеі.
Пасьля размовы з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ польскі прэм'ер адзначыў, што Рутэ перадаў яму сваю ацэнку сытуацыі ў рэгіёне і на ўкраінска-расейскім фронце.
Ён дадаў, што «найбліжэйшыя паўгоду будуць вырашальнымі», і Польшча і NATO «павінны быць гатовыя да розных сцэнароў».
Палітык дапушчае, што расейцы могуць наўпрост заатакаваць Польшчу.
«Мы ня можам выключаць правакацыі з боку Расеі супраць аднаго з чальцоў NATO», — адзначыў Туск.