Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія сілы працягваюць удары па расейскіх НПЗ. Кіеўшчына за ноч перажыла 38 расейскіх атак

Наступствы расейскага ўдару па Кіеўскай вобласьці 28 жніўня 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па Кіеўскай вобласьці 28 жніўня 2026 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб пашкоджаньні НПЗ у Яраслаўскай вобласьці Расеі, аэрадрому ў Энгельсе Саратаўскай вобласьці, а таксама аб’ектаў у Чорным моры.

«Ваяры нашых Сілаў абароны Ўкраіны пацэлілі ў нафтаперапрацоўчы завод у Яраслаўскім рэгіёне. Адлегласьць — 1000 кілямэтраў ад лініі фронту. Былі і нашыя справядлівыя адказы на расейскую вайну ў Чорным моры», — паведаміў Уладзімір Зяленскі, аднак не ўдакладніў, якія аб’екты пацярпелі ў моры.

Украінскі прэзыдэнт адзначыў, што на вайсковым аэрадроме ў Энгельсе паражаны ракетаносьбіт ТУ-95МС. «Менавіта такія самалёты наносяць удары па Ўкраіне», — дадаў ён.

Улады Яраслаўскай вобласьці пацьвердзілі атаку ўкраінскіх дронаў на рэгіён і паведамілі аб адным загінулым і 27 пацярпелых у выніку падзеньня «аскепкаў на прамысловую інфраструктуру, жылы сэктар і аб’екты гандлю».

Украінскія і расейскія маніторынгавыя Telegram-каналы ідэнтыфікавалі месца лучаньня ўкраінскіх дронаў — нафтаперапрацоўчы завод «Славнефть-ЯНОС». Гэтае прадпрыемства ўкраінскія сілы ўпершыню атакавалі ў 2024 годзе, а сёлета з сакавіка штомесяц.

«Славнефть-ЯНОС» уваходзіць у пяцёрку найбольшых НПЗ Расеі. Яго магутнасьць — да 15 мільёнаў тонаў на год. Прадпрыемства крытычна важнае для забесьпячэньня нафтапрадуктамі Маскоўскай вобласьці і расейскіх войскаў.

Расейскія войскі нанесьлі ўдары па інфраструктуры і жылым сэктары Ўкраіны

У ноч на 28 жніўня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 164 ударнымі дронамі, 137 зь іх зьбілі ўкраінскія сродкі супрацьпаветранай абароны. Зафіксаваныя лучаньні ў 16 лякацыях, у чатырох — наступствы падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.

Паводле ўладаў Кіеўскай вобласьці, за ноч рэгіён перажыў 38 расейскіх атак. Адзін чалавек загінуў, два параненыя. Цалкам зьнішчаны склад выдавецтва Vivat у Кіеве. У Кіеўскай вобласьці пацярпелі 14 складзкіх памяшканьняў, у якіх былі прадукты харчаваньня і будаўнічыя матэрыялы, дзясяткі прыватных дамоў, тры шматкватэрныя дамы і амаль 20 аўтамабіляў.

Яшчэ адзін мірны жыхар загінуў і сем чалавек параненыя ў Сумскай вобласьці. У Запароскай вобласьці — адзін загінулы і шэсьць параненых. У Херсоне расейскае войска атакавала лякарню — адзін чалавек атрымаў раненьні. Цягам дня выбуховыя траўмы атрымалі яшчэ два чалавекі. Працягваецца расейская атака на Харкаў і Харкаўскую вобласьць.

Ва Ўкраіне затрымліваюцца сотні рэйсаў міжнародных і ўнутрыўкраінскіх пасажырскіх цягнікоў.

У Міністэрстве абароны Расеі ўжо традыцыйна пераконваюць, што наносілі ўдары па вайсковых аб’ектах. У прыватнасьці, пасьля сёньняшніх атак там заявілі аб пашкоджаньні складу, на якім нібыта захоўваліся крылатыя ракеты «Фламінга» і паліва для ракетных паскаральнікаў, а ў Адэсе — шасьці сховішчаў «з маёмасьцю вайсковага прызначэньня».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG