Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл абвесьціў сёньня пра вызваленьне 25 беларускіх палітвязьняў. У спэцэфіры «ПіКу Свабоды» з Прагі — жывыя ўключэньні з Вільні, куды вывезьлі палітвязьняў, меркаваньні экспэртаў, палітыкаў, былых палітвязьняў.
Публікуем фрагмэнты выказваньняў удзельнікаў эфіру.
Журналіст і былы палітвязень Андрэй Аляксандраў:
«Троху пахудзеў, пакінуў краіне 30 кілё вагі. Ну, усё нармальна, настрой добры, вельмі рады, што гэтыя амаль 6 гадоў скончыліся. І вельмі спадзяюся, што гэтыя працэсы будуць працягвацца, бо ў турмах Беларусі дагэтуль застаюцца палітычныя зьняволеныя, якія вельмі чакаюць працягу гэтага працэсу. Таму будзем чакаць усіх».
«Не магу сказаць, што дужа загадзя, але былі пэўныя прыкметы, што нас вызваляць. Пакуль не пабачыў надпіс Lietuvos Respublika, не паверыў... Людзі там [у беларускіх турмах] чакаюць, усе маюць спадзевы на перамоўны працэс, усе хочуць дадому. Вельмі спадзяюся, што гэтыя працэсы будуць працягвацца і ўсе палітычныя зьняволеныя зь беларусі выйдуць на волю».
Усьмешкі, сьлёзы і абдымкі вызваленых палітвязьняў у Вільні. ФОТА
Былая гендырэктарка «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна:
«Я дагэтуль не паверыла ў рэальнасьць таго, што адбываецца. Гэта ўсё настолькі эмацыйна зараджана, вы ж разумееце, — нават неба іншае».
«Самае галоўнае для нас цяпер, — гэта каб вызваліліся ў самым хуткім часе ўсе нашыя дзяўчаты, хлопцы, сябры. Гэта дужа цяжка — быць у няволі. Гэта як быць пахаваным жыўцом. Нашыя бацькі паміралі — мы не маглі прысутнічаць на пахаваньні, нашыя дзеці расьлі бяз нас. Цяпер там ёсьць дзяўчаты, у якіх маленькія дзеці, у якіх сталыя бацькі, якім патрэбны догляд. І цяпер ня час весьці войны, цяпер час перамоваў. І я хачу сказаць вялікі дзякуй людзям, якія ўдзельнічалі ў гэтых перамовах». «Я хачу аддаць даніну мужнасьці гэтых людзей, бо моцны чалавек ня той, хто ваюе, а той, хто ўмее дамаўляецца».
Грамадзкі актывіст Павал Белавус: «Сёньня ехаў — адчувалася, нібыта гэтыя пяць гадоў, як адзін дзень праляцелі».
Сьвятлана Ціханоўская:
«Спадзяваліся мы ўсе на больш, канечне, але мы разумеем, як цяжка весьці перамовы з рэжымам, для якога людзі гэта проста тавар, і яны хочуць выгандляваць як мага больш нейкіх саступак з амэрыканскага боку, таму такая сытуацыя.
Я чытала, паводле «Вясны», некаторых родных іншых палітзьняволеных папярэдзілі, каб сустракалі ў найбліжэйшыя дні — то, спадзяюся, можа, рэжым гэта хоча зрабіць цішэй, каб людзі ня так сьвяткавалі выхад.
Але, канечне, мы радыя, што 25 чалавек зараз на волі ўжо. Мы іх усе чакаем.
Гэта не канец перамоўнага працэсу, ён будзе працягвацца. І мы з нашага боку, палітычныя структуры, і журналісты, праваабаронцы робяць усё магчымае, каб працэс працягваўся, каб увага да гэтага пытаньня не зьнікала ні з боку ЗША, ні з боку ЭЗ — нашых краін-саюзьнікаў. Таму яшчэ шмат працы наперадзе».
Камэнтуючы інфармацыю пра тое, што чатырох палітвязьняў вызвалілі без пашпартоў, Ціханоўская сказала, што рэжым Лукашэнкі працягвае помсьціць і ствараць нязручнасьці сваім апанэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каго вызвалілі ў выніку перамоваў Коўла з Лукашэнкам. Сабралі дэталіФранак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай:
«Джон Коўл зрабіў, як звычайна, выдатную працу. Ня тая лічба, якая анансавалася, але, я думаю, гэта яшчэ не канец. Сам Джон Коўл тлумачыў, што ёсьць пэўныя ўмовы з боку Менску, каб вызваліць людзей. І ў бліжэйшыя дні, тыдні стане ясна больш. Магчыма, гэта зьвязана з умовамі Лукашэнкі пра разблякоўку фінансавых сродкаў, актываў. Можа быць зьвязана зь некаторымі санкцыйнымі прадпрыемствамі. Ясна, што Лукашэнка заўжды хоча пакінуць за сабой апошняе слова — памяняць сьпісы, ня даць, што абяцаў.
Амэрыканская дэлегацыя ехала з пэўнымі чаканьнямі і дамоўленасьцямі. Гэты працэс працягнецца. Працягваем быць на сувязі з амэрыканцамі. Яны робяць гэта для нас. Яны вызваляюць нашых людзей. Тое, што гэта стала прыярытэтам амэрыканскай адміністрацыі — заслуга і праваабаронцаў, і журналістаў, і дэмакратычных сілаў».
Праваабаронца і былы палітвязень Ўладзь Лабковіч:
«Зразумела, што перамовы пайшлі ня так, як плянавалася, бо спадар Коўл называў лічбу 200 чалавек, спадзеючыся давесьці лічбу вызваленьня да тысячы. 25 чалавек — ня тое, што мы чакалі, але мы радыя за кожнага і кожную зараз».
«Мы ведаем, што шмат каму ў калёніях прапаноўвалі хуткае вызваленьне, нават сваякам абяцалі, што ў хуткім часе яны забяруць сваіх родных. І тое, што ў апошні момант была дадзеная адмашка, каб людзей не вызваляць, а толькі 25 чалавек, — я разумею, што гэта вялікае выпрабаваньне для тых, хто застаўся. Я перакананы, што кожны выйдзе. Зараз галоўнае, каб яны трывалі і не здаваліся, бо, вядома, гэта вельмі цяжка псыхалягічна».
Палітоляг Роза Турарбекава пра тое, чаму да перамоваў з дэлегацыяй ЗША ўпершыню далучыўся прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын:
«У першую чаргу гаворка ідзе пра зьняцьцё санкцый. І ад Турчына патрабавалася паказаць, наколькі зьняцьцё санкцый усё яшчэ не дае эфэкту. Я думаю, што ў прынцыпе гісторыя з адсутнасьцю транспартнага разблякаваньня вывазу беларускага калію моцна ўскладніла перамоўны працэс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Галоўныя дзяржкампаніі па вытворчасьці фарбаў і прадукцыі з дрэва. Расказваем, зь якіх прадпрыемстваў ЗША зьнялі санкцыі 16 верасьняСпэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл заявіў на другі дзень візыту ў Менск пра вызваленьне 25 чалавек з беларускіх турмаў у абмен на скасаваньне амэрыканскіх санкцый з двух беларускіх прадпрыемстваў.