Галоўныя дзяржкампаніі па вытворчасьці фарбаў і прадукцыі з дрэва. Расказваем, зь якіх прадпрыемстваў ЗША зьнялі санкцыі 16 верасьня

Офіс прадпрыемства «Лакафарба» ў Лідзе. Фота з сайта кампаніі

16 верасьня стала вядома, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускіх арганізацый «Лакафарба» і «Беллесбумпром». Беларускі бок у адказ вызваляе 25 палітвязьняў. Расказваем, што гэта за прадпрыемствы.

16 верасьня па выніках перамоваў з Лукашэнкам спэцпасланьнік ЗША Джон Коўл заявіў, што беларускі бок вызваліць 25 чалавек на «знак добрай волі». У адказ ЗША здымуць санкцыі з дзьвюх беларускіх кампаній «Лакафарба» і «Беллесбумпрам». Спэцпасланьніка ЗША працытаваў набліжаны да беларускіх уладаў тэлеграм-канал «Пул першага». Разьбіраемся, што гэта за кампаніі.

«Лакафарба»: Пад санкцыямі з 2008 года, уласнасьць дзяржавы

«Лакафарба» — буйны вытворца лакафарбавых матэрыялаў для прамысловасьці і розьнічнага гандлю. Прадпрыемства знаходзіцца ў Лідзе, паводле сайта прадпрыемства 70% прадукцыі ідзе на экспарт. Асноўныя пакупнікі прадукцыі: Расея, Казахстан, Узбэкістан, краіны Эўропы і Азіі.

Гэты завод — адзіны вытворца фталевага андыгрыда ў Беларусі, які адпавядае эўрапейскім стандартам якасьці REACH. Гэта інгрэдыент, які выкарыстоўваецца для вытворчасьці плястыфікатараў, смолаў і фарбавальнікаў. У 2012–2013 гадах прадпрыемства заключыла кантракты з галяндзкай кампаніяй «Baril» і вэнгерскай «Magyar Lakk» на вытворчасьць антыкаразійных матэрыялаў.

Выпускае лакі, эмалі, фарбы для будаўніцтва, аўамабільнай і сельскагаспадарчай галінаў, уваходзіць у дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім», які знаходзіцца пад сэктаральнымі санкцыямі Эўразьвязу.

Перамовы спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску 15 верасьня 2026 году

Апошняя дасяжная справаздача кампаніі — за 2020 год. Пазьней дакумэнты не публікаваліся ў адкрытым доступе. Тады прадпрыемства спрацавала з чыстымі стратамі, пры чым аб’ём стратаў на сваім сайце кампанія не агучыла.

У «Лакафарбы» доўгая санкцыйная гісторыя. Яшчэ ў траўні 2008 года ЗША ўвялі санкцыі супраць гэтага прадпрыемства. У верасьні гэтага ж году санкцыі былі замарожаныя, а ў лютым 2011 году іх вярнулі ў сувязі з разгонам дэманстрацыі ў Менску ў сьнежні 2010 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля гэтага кампанія знаходзілася пад санкцыямі з перапынкамі, яны то ўзнаўляліся, то замарожваліся. З чэрвеня 2021 году пад санкцыямі ЗША «Лакафарба» была пастаянна, дадаткова ў студзені 2023 санкцыі супраць «Лакафарбы» увяла Ўкраіна.

«Беллесбумпрам»: Галоўны дзяржаўны вытворца прадукцыі з дрэва

Гэты дзяржаўны канцэрн аб’ядноўвае больш за 60 прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай, вытворчасьцю мэблі, і цэлюлёзна-папяровай вытворчасьцю. Падначалены наўпрост ўраду Беларусі.

Прадукцыя канцэрна ідзе на экспарт у больш, чым 60 краін. Асноўныя экспартэры зараз: Расея, Кітай.

Раней канцэрн экспартаваў сваю прадукцыю ў ЭЗ на сотні мільёнаў даляраў у год, але з 2022 году большая частка прадукцыі трапіла пад эўрапейскія санкцыі. Да абмежаваньняў 50% прадукцыі канцэрна пастаўляліся ў краіны ЭЗ і Украіну, цяпер жа, палова пастаўляецца ў Расею, таксама «Беллесбумпрам» спрабуе засвойваць усходнія і афрыканскія рынкі.

Канцэрн «Беллесбумпрам» кантралюе больш за 60 прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай і вытворчасьцю мэблі

У адным са сваіх расьледаваньняў арганізацыя былых сілавікоў Belpol згадвае «Беллесбумпрам» у кантэксьце магчымай вытворчасьці зброі. У 2024 годзе, пасьля візыту тагачаснага прэм’ера Рамана Галоўчанкі ў Пакістан, беларускія ўлады зацікавіліся магчымасьцю вытворчасьці ўласнай выбухоўкі, вынікае са службовых дакумэнтаў, якія прыводзяцца ў расьледаваньні. Міністэрства прамыловасьці і Вайскова-прамысловы камітэт атрымалі даручэньне шукаць магчымасьці для вытворчасьці сыравіны для выбухоўкі і пораху. Сярод іншых, да вырашэньня гэтай задачы далучылі і канцэрн «Беллесбумпрам», адзначаюць аўтары расьледваньня.

«Беллесбумпрам» трапіў пад санкцыі ЗША ў кастрычніку 2023 года, разам з двума дзясяткамі іншых прадпрыемстваў.

«Гэта дапаможа з разьлікамі, але эканамічнага рыўку не будзе»

Асноўны эфэкт для беларускіх кампаній ад зьняцьця санкцый, гэта магчымасьць весьці разьлікі ў далярах, бо раней контрагенты баяліся трапіць пад другасныя санкцыі, кажа ў размове са Свабодай старэйшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна.

«Гэта, безумоўна, станоўча паўплывае з пункту гледжаньня магчымасьці плацяжоў. Цяпер кампаніям будзе прасьцей ажыцьцяўляць разьлікі, найперш у далярах ЗША. Менавіта ў гэтым была рызыка для контрагентаў: тыя, хто, напрыклад, хацеў супрацоўнічаць, маглі трапіць пад другасныя санкцыі. І тыя ж банкі, якія праводзілі плацяжы ў далярах, таксама маглі патрапіць пад санкцыі ЗША ў такім выпадку. Але цяпер такая рызыка зьнікае. Гэта дасьць магчымасьць больш свабодна гандляваць з краінамі, напрыклад, Азіі і Лацінскай Амэрыкі», — гаворыць суразмоўца.

Аднак, нейкага імгненнага фінансавага пазытыўнага эфэкту ад зьняцьця гэтых санкцый не будзе, мяркуе экспэртка. Справа ў тым, што прадукцыя гэтых кампаній раней пасьпяхова прадавалася ў ЭЗ, а цяпер гэта немагчыма з-за санкцый Эўразьвязу, якія ніхто не адмяняў. ЗША ж не былі для гэтых кампаній нейкім істотным, дамінуючым рынкам.

«Злучаныя Штаты ніколі не былі нейкім асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі ў гэтым напрамку. Зьняцьцё санкцый не вельмі моцна зьмяняе сытуацыю, наўрад ці гэта прывядзе да нейкіх кардынальных паляпшэньняў і зьменаў у гандлі з трэцімі краінамі, акрамя краін СНД, таму што Эўропа па-ранейшаму застаецца, і эўрапейскія парты застаюцца закрытымі для кампаній», — зважае эканамістка.

З каго яшчэ зьнялі санкцыі ЗША

ЗША пачалі здымаць санкцыі з беларускіх кампаній у выніку перамоваў Лукашэнкі са спэцпасланьнікам прэзыдэнтам Трампа Джонам Коўлам і вызваленьня палітвязьняў. У верасьні мінулага году ЗША зьнялі санкцыі авіякампаніі «Белавія» пасьля вызваленьня 52 чалавек, у сьнежні мінулага году пасьля вызваленьня 123 чалавек ЗША зьнялі санкцыі з калійнай галіны. Сёлета ў сакавіку, калі былі вызваленыя 250 чалавек, ЗША зьнялі санкцыі з Беларуськалію і некалькіх банкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падлічваем: колькі палітвязьняў вызвалілі з турмаў Беларусі ў выніку перамоваў з ЗША