Узламаны сайт адной з найпапулярнейшых беларускіх турыстычных кампаній

Ілюстрацыйная выява

На старонцы зьявілася паведамленьне, што ўсе асноўныя зьвесткі выдаленыя, а кампанія спыніла існаваньне. У фірме запэўніваюць, што нічога істотнага ня страчана, а праца працягнецца.

Інтэрнэт-старонку турыстычнага апэратара Tez Tour у Беларусі ўзламалі. Хакеры апублікавалі паведамленьне пра зьнішчэньне зьвестак.

Невядомыя сьцьвярджаюць, што атрымалі доступ да вялікіх аб’ёмаў канфідэнцыйнай інфармацыі турфірмы. Афіцыйнага пацьверджаньня ўзлому ці выцеку даных пакуль няма.

У паведамленьні праломнікі пішуць, што ўзламалі сэрвэры кампаніі і выдалілі зьвесткі. Асобна яны зьвярнуліся да кліентаў Tez Tour і заявілі, што ў іхных руках апынуліся пашпартныя зьвесткі, даныя банкаўскіх картак, тэлефоны, адрасы і іншая інфармацыя.

Таксама ў хакерскім пасланьні прысутнічаюць непрыстойныя словы і паведамленьне, што з 15 верасьня турфірма спыніла існаваньне.

Адна з чытачак «Нашай нівы» патэлефанавала ў Tez Tour, і там адказалі, што на сайце адбываюцца тэхнічныя працы і што заўтра ўсё будзе працаваць. Заклікалі не хвалявацца, заявілі, што выцеку даных не адбылося і паабяцалі, што ў хуткім часе можна будзе зноў браняваць туры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хакеры суполкі «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі кампутарную сетку горадзенскага «Хімвалакна»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЗША беларускага хакера асудзілі на 16 гадоў турмы