Грамадзянін Беларусі Максім Сільнікаў пачуў вырак у Злучаных Штатах. Ён асуджаны на 16 гадоў пазбаўленьня волі за змову з мэтай зьдзяйсьненьня злачынстваў супраць Злучаных Штатаў, змову з мэтай зьдзяйсьненьня махлярства з выкарыстаньнем электронных сродкаў сувязі і крадзеж асабістых зьвестах пры абцяжарвальных абставінах.
Згодна з судовымі дакумэнтамі, як піша Пракуратура Ўсходняй акругі штату Вірджынія, 40-гадовы Максім Сільнікаў быў стваральнікам і адміністратарам віруса-вымагальніка Ransom Cartel. Вірус стварылі ў 2021 годзе.
Сільнікаў быў удзельнікам расейскамоўных форумаў на тэму кібэрзлачыннасьці прынамсі з 2005 году і быў удзельнікам сумнавядомай старонкі ў кібэрзлачыннасьці Direct Connection з 2011 па 2016 год. У 2016-м сайт спыніў працу пасьля арышту яго адміністратара.
Пачынаючы з траўня 2021 году беларус распрацаваў апэрацыю ў выкарыстаньні віруса-вымагальніка і пачаў вэрбаваць удзельнікаў з форумаў кібэрзлачыннасьці. У розных выпадках праломнік пашыраў інфармацыю і інструмэнты сярод удзельнікаў Ransom Cartel, у тым ліку пра заражаныя кампутары, скрадзеныя ўліковыя даныя, і інструмэнты шыфраваньня або блякаваньня заражаных кампутараў.
Сільнікаў таксама падтрымліваў схаваны сайт, дзе ён і іншыя ўдзельнікі злачыннай змовы маглі кантраляваць атакі віруса-вымагальніка; мець зносіны адзін з адным; мець зносіны з ахвярамі, у тым ліку адпраўляць і перамаўляць патрабаваньні аб аплаце; і кіраваць разьмеркаваньнем сродкаў паміж суўдзельнікамі.
Што ўчыніла банда беларуса?
З 2021 па 2023 год злачынцы з картэлю Сільнікава ўчынілі атакі з выкарыстаньнем праграмаў-вымагальнікаў як мінімум на 18 кампаній па ўсім сьвеце, у тым ліку на кампаніі, якія базуюцца ў амэрыканскіх штатах Каліфорніі, Нью-Ёрку, Нэбрасцы, а таксама ў іншых краінах. Праломнікі выкрадалі зьвесткі і патрабавалі грашовыя плацяжы ў абмен на ключ для разблякаваньня выкрадзенай інфармацыі або ў абмен на абяцаньне не публікаваць асабістых зьвестак ахвяры.
Сам беларус ладзіў свае злачынныя апэрацыі пад вядомымі ў сусьветнай кібэрпрасторы псэўданімамі «J.P. Morgan», «xxx» і «lansky».
Рост картэлю спыніўся з арыштам Сільнікава ў ліпені 2023 году.
Сільнікава экстрадавалі з Польшчы для судовага перасьледу ўва Ўсходняй акрузе Вірджыніі і акрузе Нью-Джэрзі.
Хто такі Максім Сільнікаў?
Паводле зьвестак BelPol, Сільнікаў меў і грамадзянства Ўкраіны. Ён у разводзе, мае двух дзяцей.
Вучыўся ў гімназіі № 5 Менску, а пасьля ў БНТУ. Пасьля працаваў у кампаніі «ТэхнаТрансВарыянт».
Зьехаў зь Беларусі ў 2013 годзе. Быў у вышуку за ўхіленьне ад прызыву ў войска.
У якіх «кібэрсправах» у ЗША фігуруюць беларусы
Прозвішча затрыманага грамадзяніна Беларусі не называюць.
У розны час у Амэрыцы паводле аналягічных абвінавачаньняў асудзілі, затрымалі і вышукваюць некалькі грамадзян Беларусі:
- Максім Сільнікаў (Сільчанка) знаходзіцца пад арыштам у турме штату Нью-Джэрсі ў чаканьні завяршэньня судовага працэсу,
- Павал Дзьмітрэнка адбывае пакараньне ў фэдэральнай турме ў штаце Тэхас — яму прысудзілі 51 месяц зьняволеньня. Пасьля гэтага яго дэпартуюць у Беларусь,
- Аляксандар Кліменка затрыманы ў Латвіі і экстрадаваны ў ЗША ў пачатку 2024 году,
- Уладзімер Кадарыя (вядомы таксама пад імёнамі Андрэй Кавалёў, «Сталін», «baxus») знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Беларусі. Яго затрымалі ў Кіргізстане і ў сакавіку 2023 году экстрадавалі ў Беларусь,
- Сяргей Дзенісенка абвешчаны ў міжнародны вышук, паводле некаторай інфармацыі, ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Расеі,
- Ігар Турашэў таксама знаходзіцца на свабодзе, імаверна, у Расеі. Супраць яго ўвялі санкцыі і абвясьцілі ўзнагароду ў памеры 5 мільёнаў даляраў за дапамогу ў яго затрыманьні.
Форум