Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, грамадзяніна Беларусі затрымалі 7 ліпеня ў вёсцы Вішанькі Барыспальскага раёну Кіеўскай вобласьці, дзе ён пражываў.
Беларуса затрымлівала група супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны на падставе запыту ЗША аб ягоным арышце як асобы, якую хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за злачынствы, зьвязаныя з удзелам у распаўсюдзе шкодных рэклямных абвестак, што выкарыстоўвалі для кібэрзлачыннай дзейнасьці.
Ордэр на яго арышт 10 чэрвеня 2025 году выдаў адзін з акруговых судоў у ЗША. У Амэрыцы грамадзяніну Беларусі выставілі падазрэньні паводле артыкулаў 371,1343, 1349 і 3559 (g) (папярэдняя змова ў мэтах учыненьня махінацыі з выкарыстаньнем электронных сродкаў сувязі і кампутарных прыладаў, а таксама ўласна самі махінацыі).
У ЗША грамадзяніну Беларусі можа пагражаць ад 5 да 20 гадоў зьняволеньня. Яму інкрымінуюць правапарушэньні, якія ён учыняў з кастрычніка 2013 году да красавіка 2023 году.
У якіх «кібэрсправах» у ЗША фігуруюць беларусы
Прозвішча затрыманага грамадзяніна Беларусі не называюць.
У розны час у Амэрыцы паводле аналягічных абвінавачаньняў асудзілі, затрымалі і вышукваюць некалькі грамадзян Беларусі:
- Максім Сільнікаў (Сільчанка) знаходзіцца пад арыштам у турме штату Нью-Джэрсі ў чаканьні завяршэньня судовага працэсу,
- Павал Дзьмітрэнка адбывае пакараньне ў фэдэральнай турме ў штаце Тэхас — яму прысудзілі 51 месяц зьняволеньня. Пасьля гэтага яго дэпартуюць у Беларусь,
- Аляксандар Кліменка затрыманы ў Латвіі і экстрадаваны ў ЗША ў пачатку 2024 году,
- Уладзімер Кадарыя (вядомы таксама пад імёнамі Андрэй Кавалёў, «Сталін», «baxus») знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Беларусі. Яго затрымалі ў Кіргізстане і ў сакавіку 2023 году экстрадавалі ў Беларусь,
- Сяргей Дзенісенка абвешчаны ў міжнародны вышук, паводле некаторай інфармацыі, ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Расеі,
- Ігар Турашэў таксама знаходзіцца на свабодзе, імаверна, у Расеі. Супраць яго ўвялі санкцыі і абвясьцілі ўзнагароду ў памеры 5 мільёнаў даляраў за дапамогу ў яго затрыманьні.
Форум