Налета беларускія юнацкія клюбы ўключаць у футбольнае першынство Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Падобны дазвол выдаў Выканаўчы камітэт УЭФА. Свабода разьбірае, што гэта значыць і ўспамінае, ці былі прэцэдэнты раней.

Выканаўчы камітэт Аб’яднаньня эўрапейскіх футбольных фэдэрацый (UEFA) даў згоду на ўдзел беларускіх клюбаў у расейскім першынстве, піша football.by.

Таксама пра гэта напісала выданьне bel.football.

Згоды пыталі адносна ўдзелу юнацкіх камандаў у чэмпіянаце суседняй краіны.

Па ўхвальнай пастанове UEFA з наступнага сэзону беларускія юнацкія каманды могуць уключыць у расейскае першынство.

У розыгрышах расейскай Юнацкай футбольнай лігі бяруць удзел каманды трох узроставых катэгорый — да 15, да 16 і да 17 гадоў.

Ранейшыя факты ўдзелу беларускіх клюбаў у першынстве Расеі

Далучэньне беларускіх юнацкіх дружынаў да расейскай футбольнай сыстэмы ня будзе першым падобным выпадкам. Асобныя беларускія каманды ўжо даўно ўдзельнічаюць у расейскіх чэмпіянатах пад выглядам шырэйшай канкурэнцыі і паскарэньня разьвіцьця маладых талентаў на Бацькаўшчыне.

Напрыклад, валейбольная «Мянчанка» яшчэ да часу вялікіх санкцый супраць Беларусі пайшла ў расейскую Супэрлігу. Яна нязьменна выступае там ад сэзону 2018/19. У 2021 годзе беларускі нават занялі там высокае 5-е месца. Летась, праўда, ужо змагаліся за выжываньне, і ім удалося застацца ў Супэрлізе.

Да сэзону 2022/23 у мужчынскай расейскай Супэрлізе гулялі майстры сеткі зь менскага «Будаўніка», але празь некалькі сэзонаў выбылі зь лігі.

Беларускія прадстаўнікі ўдзельнічаюць у адной лізе з расейскімі камандамі і ў баскетболе з хакеем. Там афіцыйна лігі носяць статус міжнародных, але збудаваныя яны якраз на грунце найвышэйшых дывізіёнаў расейскага першынства.

У хакеі, напрыклад, менскае «Дынама» — адзіны прадстаўнік Беларусі ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, дзе гуляе з 2008 году. Ад узнагарод дынамаўцы пакуль былі там далёка.

У баскетболе ў Адзінай лізе ВТБ выступае «Менск», які раней насіў адметную беларускую назву «Цмокі». Як і хакейнае «Дынама», істотных дасягненьняў у «Цмокаў» не было, і ў адрозьненьне ад «Дынама» яны нават не выходзілі ў другі этап сэзону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я выскоквала з вакна і ішла на трэніроўку». Вялікая размова з баскетбалісткай Кацярынай Сныцінай

Трагедыя пад Бранскам

Пастанова УЭФА з дазволам для беларускіх юнацкіх камандаў гуляць у першынстве Расеі выйшла ў год, калі адбылася трагедыя зь дзіцячай дружынай з Рэчыцы, якая адправілася на адпачынак у Расею.

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Беларусі ехала адпачываць у прыморскі расейскі Геленджык. Пазьней Сьледчы камітэт Расеі ўдакладніў, што атака адбылася на трасе А240, якая ідзе ад Гомля да Бранска.

Пацярпеў аўтобус дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 горада Рэчыцы. Як паведаміла БелТА, агулам у Геленджык ехалі два аўтобусы, на маршруце было 88 чалавек. У тым ліку ў аўтобусах знаходзілася 41 дзіця: 28 навучэнцаў дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 Рэчыцкага раёну, якія накіроўваліся на вучэбна-трэнавальныя зборы ў аздараўленчым лягеры, і 13 дзяцей, якія займаюцца ў прыватнай студыі танцаў.

У выніку трапляньня БПЛА адна жанчына — жонка трэнэра дзіцячай футбольнай каманды — загінула. У цяжкім стане шпіталізавалі трэнэра-выкладчыка ДЮСШ № 2, а таксама шэсьць дзяцей з траўмамі рознай ступені цяжкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новы парадак выезду дзяцей за мяжу: забарону на вываз у паўднёвыя рэгіёны Расеі, якія атакуе Ўкраіна, не ўвялі

Праект Газаева

Перад вайной Расеі супраць Украіны ў друку абедзьвюх названых краінаў доўга абмяркоўваўся праект «Аб’яднанай футбольнай лігі», прапанаваны вядомым расейскім трэнэрам Валерам Газаевым. Паводле ягонай задумы, наймацнейшыя майстры ножнага шпурляку дзьвюх краінаў меліся ўтварыць супольную лігу, а ад УЭФА папрасілі бы ўхвалы. У першынстве разыгрываліся бы й месцы ў эўрапейскія турніры.

Тая ідэя сустрэла шмат прыхільнікаў, перадусім у некаторых палітычных колах, а таксама сярод заўзятараў старога пакаленьня, якія памяталі зацятыя паядынкі ўкраінскіх і расейскіх клюбаў яшчэ ў першынстве СССР. Пры гэтым яшчэ больш заўзятараў і палітыкаў адпрэчвалі ідэю Газаева. Частка ўкраінскага палітыкуму бачыла ў ідэі спробу «вяртаньня СССР» праз футбол. Ладная частка заўзятараў разумела, што ў аб’яднанай лізе гулялі бы толькі выбраныя заможныя клюбы, а ўсе астатнія заставаліся бы бязь месцаў у эўракубках і зь меншымі прыбыткамі.

Праект у 2013 годзе ўпершыню выйшаў з вобласьці чутак і дыскусій на афіцыйны ровень — адбылася ягоная прэзэнтацыя, а фундатарам стала расейская газавая кампанія «Газпром». Неўзабаве ўпершыню агучылі ідэю далучэньня да лігі аднаго-двух клюбаў зь Беларусі, асобныя постаці беларускага футболу падтрымалі гіпатэтычны ўдзел у расейскім першынстве. Ішлі размовы пра ўдзел у такім першынстве барысаўскага БАТЭ, які ў тыя гады рэгулярна выступаў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў — наймацнейшага клюбнага турніру на кантынэнце.

Тагачасны прэзыдэнт БАТЭ Анатоль Капскі тады адказаў, што клюб сам прасіцца ў Аб’яднаны чэмпіянат ня будзе, але разгледзіць прапанову, калі такую сфармулююць і дашлюць у клюб.

Аднак у канчатковай прэзэнтацыі праекту месца ні для БАТЭ, ні для іншых беларускіх клюбаў Валер Газаеў не знайшоў. Далейшыя палітычныя падзеі на Данбасе, ваенны захоп часткі ўсходніх украінскіх тэрыторый прарасейскімі баевікамі і наступны наступ Расеі канчаткова зьнішчылі ідэю Аб’яднанай лігі.

Што гэта значыць?

Пакуль няма адкрытай інфармацыі наконт таго, колькі беларускіх камандаў плянуюць далучыцца да першынства Расеі. Варта адзначыць, што такое далучэньне цягне павелічэньне выдаткаў — з улікам памераў тэрыторыі Расеі беларускім камандам могуць выпасьці супернікі з далёкі ад Беларусі расейскіх вобласьцяў.

Апошні чыньнік можа прывесьці да таго, што ў футболе, як і ў іншых відах спорту, ад Беларусі ў суседняй Расеі будзе гуляць адна або дзьве каманды. Але афіцыйных выказваньяў на гэты конт пакуль не было.

Акрамя таго, Беларуская фэдэрацыя футболу (АБФФ) нідзе шырока не расказвала пра дамэтнасьць і карысьць ад удзелу беларускіх камандаў у расейскім першынстве.

У розныя гады асобныя беларускія футбольныя дзеячы ўжо адказвалі на пытаньне пра сваю думку наконт далучэньня беларускіх клюбаў да расейскага першынства. Падтрымліваў ідэю был капітан беларускай зборнай Сяргей Гурэнка. Ён гаварыў, што ў выпадку далучэньня беларускія гульцы змогуць разьвівацца. Але гэта гаварылася ў кантэксьце дарослых камандаў, а не юнацкіх.

Разьвіцьцё беларускіх атлетаў звычайна бярэцца за галоўны аргумэнт далучэньня. Тое самае свайго часу гаварылі і пра менскае «Дынама» ў хакеі, але выявілася, што бальшыню турнірнага цяжару дынамаўцы вытрымліваюць дзякуючы замежным гульцам, а беларускія кадры найчасьцей на другіх ролях у камандзе. Калі ў кіраўніцтва клюбу ўваходзіў былы міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, ён рэзка скрытыкаваў лішак іншаземцаў у камандзе, але пазьней прызнаў, што каманда бязь іх ня дасьць рады.

У 2021 годзе 50% фонду заработнай платы хакейнага «Дынама» ішло ўсяго на чатырох чалавек, і ўсе яны былі замежнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Без Расеі Беларусь памрэ». Тлумачым, чаму гэта ня так