«Архіпэляг БЕЛАГ-2». Свабода зь мехам на галаве: як палітвязьняў вывозілі зь Беларусі паводле ўгоды Лукашэнкі з ЗША

Другая частка другага сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» прысьвечаная дэпартацыям вызваленых палітвязьняў зь Беларусі ў чэрвені і верасьні 2025 году. Невядомыя раней дэталі, рэканструкцыя падзеяў, ацэнка адпаведнасьці беларускаму і міжнароднаму заканадаўству.

Сяргей Ціханоўскі, былы палітвязень:

«Прыходзяць на прагулцы. Зьбірай рэчы. Дзьве мінуты. Вывозяць зь мяшком на галаве. Агенты КДБ. Машына цывільная. Вязуць у другі горад. Усё баліць. Кайданкі».

Ларыса Шчыракова, была палітзьняволеная:

«Мы сябе адчувалі таварам, які можна выменяць на нейкія санкцыйныя паслабленьні. Некаторыя з нас былі ўжо ня супраць, каб нас вывозілі з чорнымі мяхамі на галаве, толькі каб выйсьці з гэтага месца».

Джон Коўл, спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі:

«Я Джон Коўл зь Белага Дому ў Вашынгтоне, ЗША. Прэзыдэнт Трамп паслаў мяне, каб выцягнуць, вызваліць вас. І цяпер вы свабодныя».

Аляксандар Ракіцкі, былы пракурор:

«Што тычыцца вызваленьня і прымусовага выправаджэньня за межы Рэспублікі Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь, то тут было парушана напэўна ўсё, што можна было парушыць».

У першай частцы другога сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» мы расказалі пра новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі ад лета 2024-га да цяперашняга часу.

Сэзон 2. Частка 1:

«Архіпэляг БЕЛАГ-2»: Турма, што забівае. Новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі і пасьля вызваленьня

Як глядзець і слухаць

Другі сэзон «Архіпэлягу БЕЛАГ» можна глядзець на YouTube-канале Радыё Свабода. Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект таксама дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Пра што быў першы сэзон

У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканала «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Архіпэляг БЕЛАГ» вяртаецца. Свабода запускае другі сэзон падкаст-сэрыялу пра карную сыстэму Беларусі