«Перанесьці цяжар вайны на тэрыторыю праціўніка». Вайсковы экспэрт зь Літвы — пра адказ на магчымы напад з боку Беларусі

Нямецкія вайскоўцы ў Вільні, 2025 год

У Літве разгортваецца нямецкая брыгада з 5 тысячамі вайскоўцаў і цывільных супрацоўнікаў і 2 тысячамі адзінак тэхнікі. На ейныя магчымасьці і дапамогу NATO Літва разьлічвае ў выпадку вайсковай агрэсіі з усходу, піша Delfi .

Афіцэр запасу і вайсковы экспэрт Дарус Антанайціс зьвяртае ўвагу, што ў выпадку атакі на Літву брыгада ня будзе ваяваць адна.

Дарус Антанайціс

«Калі адбываецца вайсковая агрэсія, напрыклад з тэрыторыі Беларусі, пачынаецца інтэнсіўны абстрэл нашай тэрыторыі, выкарыстоўваецца беларуская і расейская авіяцыя, што трэба рабіць? Безумоўна, трэба зьнішчаць цэлі менавіта на той тэрыторыі, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасьці», — сказаў Антанайціс.

«У адпаведнасьці з дактрынай NATO звычайна не пасылаюць людзей, каб яны выканалі такую задачу», — дадаў ён.

«Звычайна для гэтага выкарыстоўваюць артылерыю або авіяцыйнае ўзбраеньне, а не людзей. Так было б і ў гэтым выпадку. Верагодна, па гэтай тэрыторыі быў бы нанесены масаваны ўдар, каб Расея і Беларусь ня мелі магчымасьці працягваць атаку», — мяркуе Дарус Антанайціс.

Ён падкрэсьліў, што калі дзяржава зазнала агрэсію, яна не абавязаная абмяжоўваць свае дзеяньні ўласнай тэрыторыяй. Цяжар вайны можна перанесьці на тэрыторыю праціўніка, кажа экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кая Калас: Лукашэнка зрабіў Беларусь плятформай для расейскай вайны

Падтрымка расейскай агрэсіі афіцыйным Менскам

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна без перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэм’ер-міністар Польшчы пасьля размовы з кіраўніком NATO: «Мы ня можам выключаць правакацыі з боку Расеі»

Чаму гэта важна

30 ліпеня эўракамісары ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі накіравалі ліст прэзыдэнтцы Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен з інфармацыяй пра рост занепакоенасьці наконт магчымай агрэсіі Расеі супраць краінаў Балтыі. Яны адзначылі «пагаршэньне абставінаў з гледзішча бясьпекі» пры «часьцейшых парушэньнях паветранай прасторы і ўварваньнях дронаў».

6 жніўня Wall Street Journal напісала, што, паводле амэрыканскай выведкі, Расея можа праверыць рашучасьць NATO абмежаваным уварваньнем ужо сёлетняй восеньню.

Балтыйскія дыпляматы, якія пагаварылі з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, пацьвердзілі, што летам атрымалі зьвесткі выведкі аб расейскіх апэрацыях пад фальшывым сьцягам, але не было ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі немінучай канвэнцыйнай атакі.

25 жніўня кіраўнік ЦРУ Джона Рэткліфа Рэткліф прыляцеў у Маскву. Паводле крыніц РСЭ/РС, ён заклікаў Крэмль не дапусьціць эскаляцыі канфліктаў з саюзьнікамі ЗША, асабліва з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй.

Але прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Рэткліф не рабіў такога папярэджаньня.

«Рэткліф бачыць свайго расейскага калегу раз на шэсьць месяцаў або раз на год. У іх вельмі добрыя адносіны. Ніякага пасланьня не было і нічога незвычайнага не было», — цытуе Трампа Axios.

Але калі пазьней журналісты ў Авальным кабінэце спыталі яго пра гэта, Трамп, як выглядала, адступіў, сказаўшы:

«Я не хачу гэтага камэнтаваць, але яны не зьбіраюцца нападаць [на NATO]».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка можа вырашаць, калі зьбіраць бульбу». Літоўскі экспэрт — пра Беларусь і магчымую вайну