Як паведаміла выданьне «Позірк», Раман Кісьляк атрымаў афіцыйны адказ за подпісам дырэктара дэпартамэнта Гурама Давіташвілі.
«Мне не пагражае дэпартацыя. Гэта кажа аб тым, што працэдура часовых захадаў Камітэту ААН працуе. І гэта прызнаюць дзяржаўныя органы. Упершыню я атрымаў пацьвярджэньне гэтага. Гэта азначае, што ўрад Грузіі прызнае свае міжнародныя абавязаньні», — сказаў Кісьляк выданьню.
Што папярэднічала
Берасьцеец Раман Кісьляк жыве ў Грузіі з 2021 году. Апошні раз ён выяжджаў за межы гэтай краіны чатыры гады таму і ўжо амаль год жыве там бязь дзейных дакумэнтаў. У Рамана заблякаваны банкаўскі рахунак, ён ня можа больш весьці ІП і ня ходзіць да лекараў. Нягледзячы на нязручнасьці ў побыце і нават патэнцыйную рызыку дэпартацыі ў Беларусь, Раман пакуль не зьяжджае з Грузіі. Кажа, што хоча прайсьці да канца ўвесь шлях, выкарыстаць усе спробы легалізацыі ў гэтай краіне. Калі гэта нейкім чынам атрымаецца, то Раман стане першым. Наколькі вядома, дагэтуль ніводзін беларус не атрымаў у Грузіі міжнародную абарону.
Спачатку ён жыў у Батумі, цяпер у Тбілісі. Амаль год таму скончыўся тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства, які беларусу выдалі раней у Грузіі. Беларускі пашпарт стаў нядзейным яшчэ ў лютым 2024 году. Сёлета ў сакавіку Раману другі раз адмовілі ў статусе ўцекача ў Грузіі. А два гады таму яго прызналі «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы» гэтай краіны.
Кісьляк летась атрымаў часовыя меры абароны Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якіх яго нельга дэпартаваць у Беларусь, бо там праваабаронцу пагражае палітычны перасьлед. Дакумэнты ААН дзейсныя да жніўня гэтага году. Раман падаў заяву на новы дазвол на жыхарства ў Грузіі летась у кастрычніку. Адказу на ягоны запыт пакуль няма.
16 ліпеня ў тбіліскую кватэру, дзе жыве Раман, прыйшлі трое супрацоўнікаў памежнай паліцыі і склалі на яго пратакол за нелегальнае знаходжаньне ў краіне.