Грузінская паліцыя склала пратакол на беларускага праваабаронцу Рамана Кісьляка, які вымушана жыве ў Тбілісі без дакумэнтаў, паведаміў «Позірк».
Супрацоўнікі памежнай паліцыі МУС Грузіі 16 ліпеня прыйшлі дадому да Кісьляка і склалі пратакол за знаходжаньне ў краіне без дакумэнтаў.
Як паведаміў «Позірку» сам Раман Кісьляк, паліцыя шукала асобаў, якія нелегальна знаходзяцца на тэрыторыі краіны.
«Сказалі: мы зараз праверым; калі загадаюць вас даставіць, мы надзенем на вас кайданкі і адвязем у Дэпартамэнт міграцыі. Яны былі ўзброеныя, зь пісталетамі. Патэлефанавалі ў дэпартамэнт і вырашылі».
Праваабаронца зь Берасьця Раман Кісьляк зьехаў зь Беларусі ў ліпені 2021 году, асьцерагаючыся рэпрэсіяў, апынуўся ў Грузіі і з таго часу дамагаецца палітычнага прытулку ў гэтай краіне.
Тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта Кісьляка скончыўся ў лютым 2024 году, яго немагчыма памяняць у пасольстве Беларусі ў Тбілісі ў сувязі з дыскрымінацыйным «пашпартным» указам Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня 2023 году. Часовая даведка ад мясцовых уладаў таксама састарэла, новую праваабаронцу не далі, але для яго дзейнічаюць часовыя захады абароны паводле рашэньня Камітэту правоў чалавека ААН, які раней разгледзеў ягоную скаргу на адмову грузінскіх уладаў у прытулку.
З словах праваабаронцы, пасьля візыту памежнай паліцыі ён накіраваў скаргу на дзеяньні Дэпартамэнту міграцыі, бо ўважае, што той шмат месяцаў, з кастрычніка 2025 году, ігнаруе ягоныя звароты наконт легалізацыі.
«А тут нібыта мяне знайшлі як нелегала», — адзначыў Кісьляк. На яго думку, дэпартамэнт спэцыяльна робіць так, каб людзі станавіліся нелегаламі, злачынцамі.
«Да памежнай паліцыі ў мяне прэтэнзіяў няма», — кажа праваабаронца. Ён паведаміў, што афармленьне пратаколу заняло тры гадзіны. Паліцыя паводзіла сябе ветліва, выклікала перакладніка. За працэдурай назіралі іншыя беларусы.
«Я ўсё растлумачыў. Але паліцыянты склалі пратакол, што я ўехаў у 2022 годзе праз памежны пераход Сарпі з Турэччыны і з тых часоў нелегальна знаходжуся ў Грузіі. Я сказаў, што ня згодны, але мяне ніхто не пытаўся. Яны склалі пратакол і накіруюць яго ў Дэпартамэнт міграцыі».
21 ліпеня Раман Кісьляк плянуе наведаць дэпартамэнт, не выключае, што яго там затрымаюць.
«Думаю, рызыка заўсёды ёсьць, але, спадзяюся, яна мінімальная, бо ў мяне ёсьць часовыя меры абароны Камітэту правоў чалавека ААН», — сказаў беларускі праваабаронца.
У сакавіку 2026 году ўлады Грузіі паўторна адмовілі Кісьляку ў прытулку. Тады ён паведаміў, што ня мае ніякага статусу: ні як просьбіта прытулку, ні як асобы «ў працэдуры дэпартацыі».
«У мяне заблякаваныя банкаўскія карты. Я не магу пайсьці ў турму наведаць беларусаў. Мне перашкаджалі ўжо, бо ў мяне няма дзейснага дакумэнту», — апісваў сваю сытуацыю праваабаронца.
Грузія стала адной з краін, куды масава эмігравалі беларусы, ратуючыся ад палітычнага перасьледу на радзіме пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Урад кіроўнай партыі «Грузінская мара» адхіляе ўсе іхныя хадайніцтвы аб наданьні прытулку.
У 2026 годзе ўлады Грузіі плянуюць дэпартаваць з краіны 4 тысячы нелегалаў — утрая больш, чым выслалі летась (1311 чалавек). З гэтай мэтай супрацоўнікі Дэпартамэнту міграцыі ходзяць па кватэрах і дзяжураць у папулярных у іншаземцаў месцах, правяраючы дакумэнты, адзначае «Позірк».
Пашпартны ўказ Лукашэнкі
Юрыстка, экспэртка Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дзяйкала мяркуе, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ажыцьцяўленьня дзеяньняў» сьведчыць пра фактычную адмову беларускай дзяржавы ад выкананьня сваіх функцыяў, бо пазбаўляе замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.
У дзяржавы, на тэрыторыі якой знаходзяцца ўцекачы, павышаныя абавязаньні адносна іх, вышэйшыя, чым адносна легалізаваных на іншых падставах, працэдура атрыманьня статусу ўцекача дастаткова складаная, — прызнае экспэртка.
Што важна ведаць пра сытуацыю зь беларускімі ўцекачамі ў Грузіі
- Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Грузіі знаходзяцца да ста просьбітаў прытулку зь Беларусі.
- Грузінскія ўлады з 2019 году адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданьні прытулку, як вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу зьвестак мясцовай паліцыі.
- У першым квартале 2026 году адмову атрымалі двое мужчын.
- У 2025 годзе Грузія адмовіла ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі, у тым ліку пяці непаўналетнім. Рэкордным стаў 2024 год — 50 адмоваў, у тым ліку 12 непаўналетнім.
- У першым квартале 2026 году падаў заяўку на атрыманьне прытулку ў краіне адзін грамадзянін Беларусі. З 2019 году такіх хадайніцтваў ад беларусаў было зарэгістравана 91. Больш за ўсё іх было ў 2024 годзе — 40; у 2025-м — 9.
- У першым квартале з Грузіі выслалі 8 грамадзян Беларусі (рэкорд), у тым ліку 2 жанчын.
- У 2025 годзе грузінскія ўлады ўзмацнілі жорсткасьць міграцыйнага заканадаўства — пасьля таго як у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі парлямэнцкіх выбараў 2024 году і згортваньня курсу на збліжэньне з Эўразьвязам прынялі ўдзел іншаземцы. Падчас аднаго з разгонаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі, які пазьней вылецеў у Літву.