«Ён не чыноўнік, ставіцца да гэтай справы шмат у чым з чалавечага пункту гледжаньня», — Бяляцкі пра сустрэчу з Коўлам

Спэцпасланьнік ЗША ў справах Беларусі Джон Коўл і нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі. 10 верасьня 2026 году

10 верасьня Нацыянальны фонд за дэмакратыю (National Endowment for Democracy, NED) уручыў ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму мэдаль «За служэньне дэмакратыі».

Для вядомага праваабаронцы, які быў вызвалены зьняволеньня ў 2025 годзе пры садзейнічаньні ЗША, паездка ў Вашынгтон стала яшчэ адной нагодай абмеркаваць лёс беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Пра сытуацыю з вызваленьнем палітвязьняў Бяляцкі расказаў у інтэрвію вядучаму «Голасу Амэрыкі» Алесю Круглякову.

— Вітаем у Вашынгтоне. Пачнём з узнагароды, якую вы атрымалі напярэдадні.

— Гэта было ўручэньне мэдалёў ад фонду NED, зь якім мы супрацоўнічаем ужо вельмі доўгі час. Гэта фонд, які дапамагае розным грамадзкім ініцыятывам, арганізацыям практычна па ўсім сьвеце, у тым ліку праваабаронцам. Гэта ўвогуле быў самы першы грант, які мы атрымалі для сваёй працы. Таму гэта нашы даўнія партнэры.

І калі прыйшла вестка пра тое, што мне прысудзілі мэдаль, вядома ж, я зь вялікім задавальненьнем прыехаў у Вашынгтон. Тым больш што тут ёсьць шмат іншых спраў, важных для адносінаў паміж амэрыканскай адміністрацыяй, грамадзкімі амэрыканскімі арганізацыямі і палітыкамі ды беларускім дэмакратычным грамадзтвам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЗША Алесю Бяляцкаму ўручылі мэдаль «За служэньне дэмакратыі»

— Зь кім вы яшчэ сустракаліся?

— Гэта былі сустрэчы ў Кангрэсе, найперш са штабамі кангрэсмэнаў. Усе цяпер у сваіх акругах, перад выбарчай кампаніяй, усе працуюць з выбарнікамі. Але тым ня менш мы сустрэліся з асноўнымі штабамі кангрэсмэнаў, якія займаліся беларускай павесткай і ў пэўнай ступені зьяўляюцца нашымі сябрамі. Была таксама сустрэча са спэцпрадстаўніком Дональда Трампа ў Беларусі, спадаром Джонам Коўлам, які зьбіраецца ехаць у Беларусь. Таму мы прыехалі своечасова. Я лічу, што гэтая паездка была ўдалай, важнай і не апошняй.

— Якія ў вас адносіны з Джонам Коўлам?

— Добрыя адносіны. Ён не чыноўнік, ён ставіцца да гэтай справы шмат у чым з чалавечага пункту гледжаньня. І, вядома, за тое, што ён канкрэтна выцягнуў мяне з лукашэнкаўскай турмы, я яму вельмі ўдзячны. І ўвогуле я сказаў бы, што размова была цёплая. Я расказаў яму апошнія навіны, якія прыйшлі зь Беларусі, на жаль, ня вельмі вясёлыя. Зноў затрыманьні, арышты. Быў вынесены прысуд адвакату, які абараняў мяне ў 2011 годзе, Дзьмітрыю Лаеўскаму. Ён атрымаў тры гады калёніі рэальнай, і проста ў залі суда яго арыштавалі і пасадзілі.

Вядома, мы вельмі ўдзячныя за тое, што амэрыканская адміністрацыя займаецца беларускімі палітвязьнямі. Але для мяне асабіста галоўнае пытаньне — спыніць рэпрэсіі. Пра гэта я ўчора і казаў падчас уручэньня мэдаля: наша місія не завершаная, амаль тысяча беларускіх палітвязьняў цяпер знаходзіцца ў турме. Чакаецца, што вялікая група будзе вызваленая, але тым ня менш колькасьць людзей, якія застаюцца ў нечалавечых умовах у беларускіх турмах, вымяраецца сотнямі.

І вельмі важна, каб гэты працэс вызваленьня працягваўся і адначасова захоўваўся балянс, таму што праблема з правамі чалавека, з дэмакратычнымі свабодамі ў краіне вельмі вострая. І толькі вызваленьнем палітвязьняў яе не вырашыць.

Амэрыканская адміністрацыя вядзе такі гуманітарны трэк, накіраваны на вызваленьне палітвязьняў. Я параўноўваю гэта з тым, як размаўляюць з бандытамі, якія захапілі частку людзей, і з гэтымі бандытамі вядуць перамовы: аддайце нам 10 чалавек — мы вам дамо машыну. Аддайце нам яшчэ 10 чалавек — дамо вам, напрыклад, верталёт.

Ідзе гуманітарнае вызваленьне, фактычна закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках беларускага рэжыму. Але сытуацыя няпростая і, на жаль, казаць пра тое, што пачаліся нейкія пазытыўныя зьмены, не даводзіцца.

— Што Лукашэнка атрымлівае ўзамен?

— Ён насамрэч атрымлівае адмену санкцыяў. Апошняе яго выказваньне пра тое, што грузіцца карабель калійнымі ўгнаеньнямі, які пойдзе ў Амэрыку, сьведчыць пра тое, што так, нейкія санкцыі адмененыя. Мяне там, ня ведаю, на колькі абмянялі — на тысячу тон, на 10 тысяч тон гэтых калійных угнаеньняў. Вось я на волі, мая свабода столькі каштавала.

І ў той жа час, вядома, важны балянс: чым можна гандляваць, а што нельга аддаваць. І маім зваротам падчас кантактаў з амэрыканскімі палітыкамі было, вядома ж, тое, што трэба ўлічваць гэты балянс і проста пад лупай глядзець, каб не аддаць занадта шмат. Рэжым падступны, рэжым хітры, яны стараюцца захаваць кантроль над беларускім грамадзтвам, найперш, вядома, дзякуючы рэпрэсіям.

Але, зь іншага боку, яны ідуць на гэты абмен, таму што вымушаныя. Дрэнная сытуацыя ў эканоміцы, поўная палітычная і эканамічная ізаляцыя, пачалі ціснуць на беларускі рэжым. Расея ня можа дапамагчы эканамічна так, як дапамагала раней. Гэта таксама вельмі сур’ёзны фактар, чаму Лукашэнка цяпер пачаў асобную гульню з амэрыканскімі дыпляматамі і амэрыканскай адміністрацыяй.

— Як на беларускую павестку паўплывала вайна ва Ўкраіне?

— Калі пачалася вайна, я быў у турме. Першыя тыдні вайны былі, напэўна, самымі цяжкімі для мяне, калі было незразумела, як пойдзе канфлікт, ці выстаіць Украіна. І, вядома, было разуменьне, што цяпер наша зьняволеньне зацягваецца. Мы фактычна пераходзім са стану палітвязьняў у стан ваеннапалонных. Было абсалютна ясна, што мы апынуліся ў жорнах гэтых геапалітычных узрушэньняў, якія прыйшлі ва Ўсходнюю Эўропу. Але гэта вельмі вострая тэма — стаўленьне да беларусаў.

Улічваючы, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца ваенным і палітычным саюзьнікам Расеі, практычна поўным, як і Паўночная Карэя. Беларусь дапамагае эканамічна, палігонамі, сваімі вайсковымі магчымасьцямі. Дзясяткі, калі не сотні беларускіх прадпрыемстваў працуюць на расейскі ваенна-прамысловы комплекс.

Я сам сядзеў у калёніі, дзе рабілі скрыні для снарадаў самага рознага калібру. І фарбавалі снарадныя балванкі — гэта фарбаваньне такога ахоўнага колеру ад карозіі. Гэтыя балванкі прывозілі з Аршанскага заводу, дзе робяць снарады, потым іх забіралі назад. А куды яны ішлі з заводу? Тут ня трэба доўга гадаць. Гэты цэх адкрылі літаральна пры мне.

Гэта і зэкі, якія шыюць форму для расейскай арміі, і прадпрыемствы, дзе вырабляюць оптыку, і навядзеньне расейскіх «Шахэдаў», якія ляцяць па геалякацыі, па беларускіх кропках. Амаль поўная вайсковая і палітычная залежнасьць ад Крамля. Беларусь вельмі моцна страціла свой аўтарытэт. Гэта была плата Лукашэнкі за тое, што Пуцін падтрымаў яго ў 2020 годзе, дапамог застацца ва ўладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алесь Бяляцкі выступіў у Амстэрдаме зь лекцыяй пра свабоду і будучыню Беларусі

— Ці дапамагае вам неяк у працы статус Нобэлеўскага ляўрэата?

— Натуральна. Калі мяне затрымалі ў 2021 годзе, я думаў, што мая грамадзкая дзейнасьць падыходзіць да канца. Трэба спыняцца, таму што — гады, вось вытрымаю гэты бой і пасьля гэтага, так бы мовіць, буду на пэнсіі мэмуары пісаць. Але жыцьцё павярнулася так, што ў 2022 годзе я атрымаў Нобэлеўскую прэмію, і гэта наклала дадатковыя абавязкі. З аднаго боку, прэмія была дадзеная за тое, што мы рабілі ўсе 30–40 гадоў дзеля дэмакратызацыі Беларусі, актуалізацыі сытуацыі з правамі чалавека, працы зь беларускім грамадзтвам.

Але, зь іншага боку, яе атрымалі, вядома, усе тыя сотні тысяч, мільёны беларусаў, якія выходзілі на акцыі з вельмі простым патрабаваньнем: справядлівых выбараў і дэмакратычных зьменаў. Рэвалюцыя пацярпела паразу, і мы сваіх мэтаў як бы не дасягнулі — тых, якія мы ставілі, калі яшчэ былі маладымі, калі нам было па 25, па 20 гадоў. І таму, улічваючы гэтую адказнасьць, я, вядома, працягваю сваю працу.

Я выйшаў з турмы, ужо дзевяць месяцаў прайшло, і цяпер зарэгістраваны фонд Алеся Бяляцкага ў Варшаве. Я актыўна працую на больш высокім міжнародным узроўні як чалавек, які гаворыць пра праблемы Беларусі і ўсяго нашага рэгіёну Ўсходняй Эўропы, і ўвогуле ўсёй Эўропы.

Таму што становішча трывожнае і, на жаль, сытуацыя з правамі чалавека, з дэмакратычнымі свабодамі ў нашым рэгіёне за апошнія 10 гадоў рэзка пагоршылася. Я выступаю адвакатам дэмакратычнага грамадзтва і думаю, што мая актыўнасьць дапаможа выстаяць у гэтыя цяжкія часы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Архіпэляг БЕЛАГ» вяртаецца. Свабода запускае другі сэзон падкаст-сэрыялу пра карную сыстэму Беларусі

Што папярэднічала

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.

Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.

Што такое NED

Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED) — National Endowment for Democracy (NED, Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі) — гэта амэрыканская недзяржаўная некамэрцыйная арганізацыя, заснаваная ў 1983 годзе.

Яе місія — падтрымка раьзвіцьця дэмакратыі, правоў чалавека, свабодных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і незалежных прафсаюзаў па ўсім сьвеце.

Фонд вядомы сувязямі і зь беларускімі дэмакрытычнымі сіламі.

Новая справа супраць Бяляцкага

У Беларусі 5 жніўня аб’явілі ў вышук нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Ягоная картка зьявілася ў базе расейскага МУС, даступнай на сайце mvd.sotaproject.com . Падставай для вышуку пазначана «крымінальная справа» — без удакладненьня нумару артыкулу. Алеся Бяляцкага памілавалі і прымусова вывезьлі за мяжу ў сьнежні 2025 году.

19 жніўня Алесь Бяляцкі заявіў, што завядзеньне супраць яго крымінальнай справы ня выклікала ў яго зьдзіўленьня.

Бяляцкі прызнаў, што ягонай асабістай бясьпецы гэта ніяк не пагражае, апроч таго, што цяпер трэба больш пільна абіраць шляхі сваіх паездка і ўнікаць краін, якія могуць выдаць яго ўладам Беларусі:

«Я буду надалей працягваць сваю справу — гаварыць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі».