Падтрыманыя Іранам хусіты захапілі некалькі стратэгічных аб’ектаў Емэну ў Чырвоным моры і працягваюць наступ

Мітынг хусітаў супраць Саудаўскай Аравіі, 31 ліпеня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Емэнскія хусіты (рух «Ансар Ала»), якіх падтрымлівае Іран, пасьля захопу партовага горада Моха рушылі да астравоў Ханіш у Чырвоным моры.

Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на міжнародна прызнаны ўрад Емэну, хусіты выцясьняюць урадавыя сілы і іх хаўрусьнікаў у горад Зубаб, што знаходзіцца ў Баб-эль-Мандэбскай пратоцы насупраць вострава Пярым. Кантроль над Зубабам і Пярымам мае ключавое значэньне для кантролю над пратокай.

Раней хусіты захапілі Моху — гістарычны порт на ўзьбярэжжы Чырвонага мора. Наступ стаў часткай спробы групоўкі ўзяць пад кантроль усё заходняе ўзьбярэжжа Емэна. У апошнія дні інтэнсіўнасьць баёў паміж хусітамі і сіламі міжнародна прызнанага ўраду, якія падтрымлівае Саудаўская Аравія, рэзка ўзмацнілася.

Паводле ўраду Емэну, за апошнія два тыдні больш за 20 тысяч чалавек вымушана пакінулі свае дамы праз баявыя дзеяньні ў правінцыях Таіз і Хадэйда.

Баявыя дзеяньні таксама выйшлі за межы Емэна. Саудаўская Аравія паведаміла, што ў выніку нападаў хусітаў на цывільныя і эканамічныя аб’екты ў каралеўстве за апошнія дні пацярпелі 73 чалавекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падтрыманыя Іранам хусіты заявілі аб ударах па аэрапорце і нафтавых аб’ектах у Саудаўскай Арабіі

Чаму гэта важна

Баб-эль-Мандэб злучае Чырвонае мора з Адэнскім залівам і зьяўляецца адным з найважнейшых маршрутаў усясьветнага марскога гандлю. Празь яго праходзяць, у тым ліку, пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў з краінаў Пэрсыдзкага заліву ў Эўропу і Азію.

Значэньне гэтага маршруту вырасла на тле перабояў з суднаходзтвам праз Армускую пратоку. Саудаўская Аравія перанакіравала мільёны барэляў нафты праз порт Янбу на Чырвоным моры, а хусіты абвясьцілі аб марской блякадзе каралеўства. Прасоўваньне групоўкі да Баб-эль-Мандэба стварае дадатковую пагрозу саудаўскаму нафтаваму экспарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

6 месяцаў пасьля вайны з Іранам: чатыры пытаньні, ад якіх залежыць, што будзе далей