Экспэрты аб праекце сховішча радыяцыйных адкідаў БелАЭС: «Сьлепа пераймаюць небясьпечны расейкі досьвед»

Беларуская АЭС, архіўнае фота

Незалежныя экспэрты і эколягі ацанілі магчымае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе будучага пункту захоўваньня радыеактыўных адкідаў (ПЗРА), які ўлады Беларусі плянуюць пабудаваць для Беларускай АЭС.

10 верасьня грамадзкая арганізацыя «Зялёная сетка» сумесна з экалягічнай арганізацыяй «Экадом» прэзэнтавалі даклад экспэртаў з аналізам прапанаванага ўладамі Беларусі праекту ПЗРА. Эколягі ацанілі рызыкі праекту і прыйшлі да высновы, чаму ён капіюе расейскі досьвед, сказалі, да якіх наступстваў гэта можа прывесьці.

Дзе пабудуюць сховішча

Дакладнае месца пабудовы небясьпечнага аб’екту грамадзкасьці дагэтуль невядомае: не выключаецца, што ПЗРА пабудуюць у Астравецкім раёне непадалёк ад самой АЭС, ці ў Магілёўскай альбо ў Гомельскай вобласьцях.

Няпэўнасьць з месцам пабудовы ПЗРА выклікае нараканьне незалежных экспэртаў, але найбольш заўваг атрымаў сам праект пункту захоўваньня радыеактыўных адкідаў. Грамадзкія абмеркаваньні праекту раней прайшлі ў Астравецкім і Мсьціслаўскім раёнах, а 14 верасьня заплянаванае апошняе абмеркаваньне — у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці.

Незалежныя экспэрты называюць гэтыя абмеркаваньні фармальнымі, між тым, на іх думку, жыхарам гэтых раёнаў ёсьць пра што непакоіцца, калі ПЗРА пабудуюць менавіта ў іх.

«Мы ясна бачым, што аб’ект небясьпечны і ня можа быць пабудаваны ў такім выглядзе, праект мусіць быць адпраўлены на пераробку», — выказалася падчас анлайн-абмеркаваньня кіраўніца «Экадому» Ірына Сухій.

Ірына Сухій, архіўнае фота

Актывістка адзначыла што ў Беларусі ўлады закрылі ўсе незалежныя экалягічныя арганізацыі ды ініцыятывы, таму на абмеркаваньнях, якія праводзяць унутры краіны, няма каму абаснавана аспрэчыць праект, які яна лічыць «небясьпечным і непрафэсійным», мяркуе Ірына Сухій.

Рэакцыя суседзяў на праект

Кіраўніца «Экадому» таксама нагадала, што паводле міжнародных пагадненьняў пабудову такога аб’екту, як пункт захоўваньня радыеактыўных адкідаў, трэба ўзгадняць з суседнімі краінамі.

Паводле актывісткі, Мінпрыроды Літвы ўжо зьмясьціла на сваім сайце інфармацыю пра пляны Беларусі адносна пабудовы ПЗРА і зьбірае меркаваньні літоўцаў.

Адрэагуюць на гэтую тэму і Латвіі і Польшчы, магчыма і ва Ўкраіне, кажа беларуская актывістка. Яна мяркуе, што крытычная заўвагі праекту беларускага ПЗРА гарантаваныя, бо ён ігнаруе міжнародны досьвед і альтэрнатыўныя спосабы захоўваньня радыеактыўных адкідаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палесьсе, Мсьціслаў ці Астравец: улады прапанавалі тры пляцоўкі пад адкіды ад БелАЭС. Чым гэта небясьпечна і якая зь іх лепшая

З такой высновай пагадзілася экспэрт з ЗША Тацяна Н, якая працуе ў Solutions for Resilient Communities Inc. ( Карпарацыя «Рашэньні для ўстойлівых супольнасьцей») і займаецца ацэнкай экалягічных праблемаў. Тацяна спаслалася на практыку ЗША, дзе радыеактыўныя адкіды не перарабляюць, а толькі захоўваюць на адмысловых пляцоўках.

«Яго не чапаюць, не перарабляюць, а толькі захоўваюць і манітораць, бо лічыцца, што гэтыя адкіды будуць небясьпечныя яшчэ мінімум мільён гадоў», — нагадала экспэртка.

Паводле яе слоў, калі беларускі праект прадугледжвае часовае захоўваньне адкідаў з папярэдняй іх перапрацоўкай у Расеі, то гэта ўсё роўна небясьпечна для экалёгіі. Экспэртка спаслалася на досьвед Украіны, якая ўжо адвозіла ў Расею адкіды сваіх АЭС, але назад атрымлівала яшчэ больш небясьпечныя для экалёгіі адкіды.

«Насамрэч у Расеі няма заводу для перапрацоўкі радыеактыўных адкідаў для такой АЭС, як у Беларусі, яго яшчэ трэба пабудаваць. А да таго адкіды будуць захоўваць у сховішчы, пабудаваным паводле вельмі небясьпечнай расейскай тэхналёгіі. Нашы экспэрты ўпэўненыя ў шкодзе такіх перапрацаваных адкідаў, бо небясьпека ад іх пасьля перапрацоўкі не памяншаецца, а павялічваецца», — сказала экспэртка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чарнобыль ня скончыўся: якія радыянукліды засталіся ў Беларусі праз 40 гадоў

Таксама Тацяна Н. спаслалася на зьвесткі расейскіх незалежных эколягаў, у тым ліку Сяргея Ажароўскага, якія сьведчаць пра небясьпеку расейскага досьведу захоўваньня радыяцыйных адкідаў. У прыватнасьці, ПЗРА ў Обнінску страціў гермэтычнасьць усяго праз 38 гадоў пасьля кансэрвацыі, грунт вакол яго аказаўся забруджаным на глыбіню да васьмі мэтраў, нагадалі аўтары незалежнага агляду.

«Старыя расейскія сховішчы, якім па 40 гадоў, ужо працякаюць. Між тым Беларусь капіюе менавіта гэты досьвед і спадзяецца на гэтыя тэхналёгіі. А чаму не выкарыстоўвае тэхналёгіі захоўваньня адкідаў як у Францыі, Вялікабрытаніі, Славаччыне — для мяне гэта пытаньне», — прызналася экспэртка з ЗША Тацяна Н.

Паводле яе беларускія распрацоўшчыкі праекту ПЗРА абавязаны разгледзець альтэрнатывы і параўнаць з прапанаваным рашэньнем, як таго патрабуе сама працэдура вызначэньня магчымай шкоды навакольлю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі хочуць разам з сховішчам для радыеактыўных адкідаў пабудаваць комплекс па іх перапрацоўцы

Чаму не шукаюць альтэрнатыву

Чаму гэта не было зроблена? Незалежны экспэрт па радыяцыйнай бясьпецы і тэхналягічных рызыках Сяргей Бесараб, сам паводле адукацыі адмысловец у абароне ад радыяцыі, мяркуе, што ў Беларусі страчаная навуковая школа ў гэтай галіне і таму бракуе адпаведных адмыслоўцаў.

Сяргей Бесараб папярэдзіў, што спосаб захоўваньня радыяцыйных адкідаў, які абралі ў Беларусі — захоўваньне ў бэтонных канструкцыях — небясьпечны выхадам у асяродзьдзе прадуктаў распаду, што вельмі небясьпечна для біялягічных ланцужкоў, а ў выніку і для здароўя людзей.

У такой прапанове адмысловец абвінавачвае непісьменных распрацоўшчыкаў праекту і чыноўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка вызначыў генэральных праектавальніка і падрадніка будаўніцтва сховішча радыяактыўных адкідаў

«У камэнтарах чыноўнікаў ад атамнай галіны бачна меркаваньне, што як толькі мы нешта заліваем бэтонам дык радыяцыя зьнікае. Гэта цалкам бязглузьдзіца. Бо праз выпраменьваньне з бэтонам адбываюцца працэсы разбурэньня вады і ўтварэньня розных газаў, у тым ліку вадароду. Таму ўзьнікае завышаны ціск, які разрывае знутры гэтыя бэтонныя канструкцыі, дзе знаходзяцца адкіды. Гэта адбываецца ўжо ў першае дзесяцігодзьдзе захоўваньня. Бэтон і без радыяцыі існуе толькі сто гадоў, у нас жа замахваюцца на тэрмін у 300 гадоў — гэта вар’яцтва», — кажа экспэрт.

Сяргей Бесараб нагадаў, што паводле міжнароднай практыкі сховішчы падобных адкідаў мусяць праходзіць аўдыт кожныя 25 гадоў.

«А для беларускіх адкідаў варта праводзіць праверку раз на 7-10 гадоў. Трэба заплянаваць абавязковы аўдыт і перапакоўку», — настойвае экспэрт Сяргей Бесараб.

Незалежны экспэртны агляд аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе праекта пункта захоўваньня радыеактыўных адходаў у Беларусі можна пачытаць тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, як будзе выглядаць праектаваны беларускі могільнік радыеактыўных адкідаў. ФОТА