Дональд Трамп абвінаваціў Іран у тым, што той «спрабуе паўплываць» на гэтыя выбары ў ЗША.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што, на яго думку, вайна з Іранам, якая доўжыцца ўжо больш за паўгода, скончыцца «неадкладна» пасьля лістападаўскіх прамежкавых выбараў у Палату прадстаўнікоў і Сэнат Кангрэсу ЗША, якія пройдуць 3 лістапада 2026 году.
«Я думаю, што вайна скончыцца адразу пасьля выбараў», бо Іран «больш ня зможа трымацца», — сказаў Трамп журналістам 9 верасьня.
Ён абвінаваціў Тэгеран у тым, што той «адчайна спрабуе паўплываць» на гэтыя выбары ў ЗША.
Чакаецца, што вайна з Іранам адыграе значную ролю ў ходзе гэтых выбараў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Гэты канфлікт не карыстаецца падтрымкай сярод многіх амэрыканцаў, а рост цэн на паліва, зьвязаны з вайной, узмацняе эканамічны ціск на выбарцаў.
У гутарцы з журналістамі Трамп таксама адзначыў, што Злучаныя Штаты не шукаюць пагадненьня для спыненьня вайны з Іранам, хоць і дадаў, што перамовы ўсё ж могуць адбыцца.
У чэрвені Тэгеран і Вашынгтон падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні, накіраваны на спыненьне баявых дзеяньняў, аднак неўзабаве гэтае пагадненьне сарвалася.
Апошнім часам бакі абменьваюцца ўзаемнымі ўдарамі; на думку назіральнікаў, гэта можа прывесьці да эскаляцыі і вяртаньня да паўнамаштабнага канфлікту.
Чаму гэта важна
Тым часам абвастрылася супрацьстаяньне Злучаных Штатаў і Ірана. Днямі стала вядома, што ЗША зьнішчылі пяць іранскіх нафтавых танкераў, а Тэгеран адказаў ракетнымі ўдарамі па амэрыканскіх войсках у Ярданіі і заявіў аб ударах па амэрыканскіх вайсковых караблях і іншых суднах.
Гэта павялічыла напружанасьць вакол Армускай пратокі, дзе да вайны праходзіла каля 20 працэнтаў сусьветнай нафты.
Эскаляцыя ўжо паўплывала на суднаходзтва: дадзеныя Kpler (міжнароднай плятформы, якая адсочвае суднаходзтва ў рэальным часе) паказваюць, што 8 верасьня Армускую пратоку перасеклі толькі шэсьць камэрцыйных суднаў, што значна ніжэй за нядаўні сярэдні паказчык.
На гэтым фоне цана нафты Brent наблізілася да 100 даляраў за барэль.