Францішак Вячорка перш за ўсё зазначыў, што рашэньне аб прыезьдзе ў Беларусь Анджэй Пачобут прымаў самастойна.
«Хто яго толькі не адгаворваў: і прадстаўнікі Польшчы, і амэрыканцы, і многія беларусы, таму што рызыкі надта вялікія. Але ён прынцыпова на гэтым настаяў. Ён настаяў, каб яму пакінулі пашпарт пры абмене зьняволенымі, калі яго вызвалілі з турмы, каб гэтае вяртаньне адбылося, каб ён мог наведаць сваіх блізкіх, родных, там паўдзельнічаць у зьезьдзе Саюзу палякаў. І ён гэта зрабіў».
Вячорка кажа, што якія будуць наступствы гэтага ўчынку Пачобута, пакуль сказаць складана, гэта невядома. Але гэта ня сьведчыць пра кардынальныя зьмены сытуацыі ў Беларусі.
«Мы паглядзім, ці ён бясьпечна зможа вярнуцца, але відавочна адно, што гэта ніякім чынам пакуль ня сьведчыць аб адмене рэпрэсій, што іншыя могуць таксама спакойна вяртацца. Усё-такі ў Пачобута ёсьць вельмі вялікая міжнародная падтрымка, абарона ад амэрыканскай адміністрацыі, у яго неўзабаве будзе сустрэча ў Вашынгтоне, сустрэча з Папам Рымскім прайшла некалькі дзён таму назад. Гэта ўсё яго бароніць. Але гэта ня значыць, што такая самая абарона будзе там у кожнага чалавека, які вырашыць, напрыклад, цяпер пайсьці па ягоных сьлядах, скарыстацца ягоным прыкладам».
Вячорка перакананы, што гэты прыезд Пачобута ў Беларусь наўрад ці паўплывае на палітыку Польшчы, на характар адносінаў да беларускіх уцекачоў:
«Нават калі Менск вырашыць нейкім чынам легалізаваць новы Саюз палякаў, гэта таксама наўрад ці зьменіць усю прыроду адносінаў, таму што Беларусь удзельнічае ў вайне, яе рэжым падтрымлівае Расею. Пакуль ідзе вайна, пра нейкае там капітальнае пацяпленьне гаворкі ісьці ня можа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У сацсетках пасьля прыезду Пачобута ў Беларусь спрачаюцца, ці варта і іншым вяртаццаАле зь іншага боку Вячорка прызнаў, што могуць адбывацца «працэдурныя памылкі», пра якія было вядома раней, што людзі будуць падавацца на абарону, на прытулак, і што ім сапраўды пагражаюць рэпрэсіі ў Беларусі, а ім будуць адмаўляць, маўляў, ён ужо Пачобут змог вяртацца з Польшчы ў Беларусь і назад.
«Гэта як было, калі Ціханоўскага вызвалілі, многія людзі ў розных краінах, у Нямеччыне, напрыклад, атрымалі адмовы ў абароне па прычыне таго, што вось Ціханоўскага ж выпусьцілі, рэпрэсій ужо няма. Таму вельмі важная праца праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных сілаў, каб тлумачыць, што пакуль павароту, сыстэмнай зьмены няма. Але трэба імкнуцца, каб маштабаваць гэты прыклад, каб ня толькі Анджэй мог вяртацца вось так на тыдзень, а каб усе беларусы маглі вярнуцца і маглі застацца там без страху за сваё жыцьцё, свабоду і здароўе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У жыцьці нельга кіравацца страхам». Былы палітвязень Анджэй Пачобут вярнуўся з Польшчы ў БеларусьВяртаньне Пачобута
8 верасьня па абедзе былы палітвязень Анджэй Пачобут, якога 26 красавіка вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену вязьнямі, прайшоў польска-беларускую мяжу і вярнуўся ў Беларусь. Ён скіраваўся ў Горадню, паведаміла польская Gazeta Wyborcza.
Інфармацыю пра выезд Пачобута ў Беларусь польскаму агенцтву PAP пацьвердзілі крыніцы, блізкія да польскіх спэцслужбаў. Актывіста ў паездцы суправаджала дачка.
Паводле зьвестак Gazeta Wyborcza, пасьля вяртаньня з Беларусі Пачобут плянуе накіравацца ў ЗША і Канаду, дзе сустрэнецца з палітыкамі і актывістамі польскай дыяспары.
Пасьля вяртаньня ў Польшчу ён плянуе засяродзіцца на завяршэньні кнігі, у якой падрабязна апісваецца яго знаходжаньне ў папраўчай калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бяляцкі, Ціханоўская і Класкоўскі заявілі пра рызыку вяртаньня ў Беларусь пасьля прыезду ПачобутаПерасьлед і вызваленне Пачобута
Анджэй Пачобут — горадзенскі журналіст, карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza і актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, правёў за кратамі больш за пяць гадоў.
Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году, а ў лютым 2023 году засудзілі на восем гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем, а польскія ўлады дамагаліся яго вызваленьня.
Яшчэ ў 2021 годзе Пачобут адмовіўся ад прапановы выйсьці на волю ўзамен на выезд зь Беларусі. 28 красавіка 2026 году, пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.
Адразу пасьля вызваленьня Пачобут заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь. Пазьней ён неаднаразова пацьвярджаў гэтае рашэньне, тлумачачы, што ягоны дом у Горадні, а больш за 20 гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў дзейнасьці Саюзу палякаў у Беларусі.
У канцы жніўня Пачобут казаў, што плянуе вярнуцца ў верасьні, перад зьездам палякаў у Беларусі, прызначаным на 13 верасьня.
У пачатку верасьня стала вядома, што зьезд адклалі на пазьнейшы тэрмін, аднак Пачобут заявіў, што гэта не мяняе ягоных плянаў вярнуцца ў Беларусь.