Дыскусія пасьля заявы Кавалеўскага
Надзею на вяртаньне ўсіх беларусаў у выгнаньні пасьля Пачобута разгледзеў палітычны дзяяч Валер Кавалеўскі, які сам знаходзіцца ў эміграцыі.
«Прынцыповы крок Анджэя Пачобута, які вярнуўся дадому ў Беларусь з Польшчы праз чатыры месяцы пасьля вызваленьня. Многія беларусы, якія зьехалі пасьля 2020 году, хочуць вярнуцца дадому. Гэты сьмелы і патрыятычны крок Анджэя можа дапамагчы пракласьці шлях да бясьпечнага вяртаньня ўсіх, хто гэтага жадае».
Алеся Сёмуха-Грынбэрг на гэта яму адказвае:
«Мужнасьць — так. Пакуль вяртаньні вяртаюцца турмой, нават калі ў адным канкрэтным выпадку нехта пазьбегне арышту. Вяртаньні беларускай інтэлігенцыі ў 20-30-х абярнуліся масавымі расстрэламі і ссылкамі. Маем справу з тыповымі рэпрэсыўнымі рэжымамі».
Юры Істомін таксама не пагаджаецца з Кавалеўскім:
«За Пачобутам стаіць пэрсанальна Польшча, як краіна. Калі яго арыштуюць, пасадзяць, нават выклічуць у міліцыю праверыць дакумэнты, — гэта будзе інфармацыйная хваля ў асноўных сусьветных СМІ. Для астатніх — статыстыка праваабарончых арганізацыяў ды годы страчанага жыцьця ў вязьніцы. Трэба ведаць розьніцу, перш чым думаць пра некую адлігу ці прымаць рашэнне аб вяртаньні зараз».
Кірыл Атаманчык ня згодны з аўтарам допісу:
«Спадзяюся, што іншыя гэтага ня зробяць, бо сытуацыя з Пачобутам значна адрозьніваецца ад агульнай сытуацыі зь іншымі палітычна матываванымі перасьледамі. А тут прыгожая карцінка, у нейкім сэнсе нават „замануха“».
Дзьмітры Галко таксама пярэчыць аўтару паста:
«Ніякіх дарогаў гэта нікому не адкрые. А вось бяды нарабіць можа. Спасылаючыся на гэты кейс, беларусам могуць яшчэ часьцей адмаўляць у міжнароднай абароне, калі не пачаць пазбаўляць яе. Тут яўны канфлікт асабістай мужнасьці і калектыўных наступстваў такога ўчынку».
А Аліна Коўшык заклікае Кавалеўскага, які застаецца ў палітычнай эміграцыі:
«Валера, пакажы прыклад тысячам беларусаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Хто яго толькі не адгаворваў». Вячорка ацаніў магчымыя наступствы ад вяртаньня Пачобута ў БеларусьЦіханоўскі прагназуе, што беларускім уцекачам стане горш
Пра тое, як адаб’ецца ўчынак Анджэя Пачобута, які з Польшчы вярнуўся ў Беларусь, на тых беларусах, якія чакаюць палітычнага прытулку за мяжой, разважае ў сацсетках Сяргей Ціханоўскі.
«Павінен канстатаваць, што крайне нэгатыўна. Яшчэ ў 2025 годзе суды ЗША і Нямеччыны адмаўлялі беларусам у прытулку, спасылаючыся на тое, што палітычных лідэраў ужо адпускаюць і сытуацыя ў краіне стабілізавалася. На жаль, пасьля ўчынку Анджэя Пачобута такіх адмоваў будзе яшчэ болей», — заявіў Ціханоўскі.
Касьцюгова: магчымае лепш за ідэальнае
Дачка былой палітзьняволенай Валерыі Касьцюговай Настасься Касьцюгова заявіла ў Фэйсбуку:
«Я ня ведаю, колькі гадоў засталося да магчымасьці вярнуцца для палітэмігрантаў. Я ня думаю, што гэта будзе хуткі працэс. Я ня думаю, што ён будзе просты, адназначны і трыюмфальны, якім і не стаў працэс вызваленьня палітвязьняў. Але сёньня важны дзень і нагода шчыра парадавацца. Вось ён, Анджэй Пачобут, стаіць на фоне Горадні на сонцы, і пакуль што для гэтага спатрэбіліся без перабольшаньня гады перамоваў дзьвюх краін. Напэўна, пакуль Анджэй будзе асьцярожны ў выказваньнях, таму што на сёньня абарона гэтага далікатнага прагрэсу і стварэньне новых магчымасьцяў важней. Увогуле гэта не ідэальная сытуацыя. І ўсё ж я прыхільніца таго, што магчымае заўсёды лепш за ідэальнае. Бо толькі так нараджаецца яшчэ больш магчымасьцяў.
Бяляцкі іншым ня раіць паўтараць за Пачобутам
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі перасьцярагае беларусаў вяртацца дамоў, гледзячы на выпадак Пачобута:
«Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. Гэта сьведчыць, што ён сьмелы чалавек і гатовы рызыкаваць, дабіваючыся сваіх мэтаў. Ці кажа гэта пра тое, што сытуацыя зьмянілася і ў Беларусь прыйшла адліга? Не. У 30-я гады на будаўніцтва „Беламорканалу“, які будавалі палітычныя зьняволеныя, вазілі пісьменьнікаў, у тым ліку і беларускіх, каб паказаць, як праца перавыхоўвае „злачынцаў“. Неўзабаве некаторыя зь іх апынуліся на іншых гулагаўскіх новабудоўлях.
Ня раю іншым палітычным уцекачам паўтараць тое, што зрабіў Анджэй, каб седзячы ў калёніі потым не дакараць сябе за даверлівасьць. Хацеў бы і я так. Але ж новую крымінальную справу завялі месяц таму. Прыйдзецца яшчэ трохі пачакаць», — напісаў Бяляцкі ў Фэйсбуку.
Вяртаньне Пачобута
8 верасьня па абедзе былы палітвязень Анджэй Пачобут, якога 26 красавіка вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену вязьнямі, прайшоў польска-беларускую мяжу і вярнуўся ў Беларусь. Ён скіраваўся ў Горадню, паведаміла польская Gazeta Wyborcza.
Інфармацыю пра выезд Пачобута ў Беларусь польскаму агенцтву PAP пацьвердзілі крыніцы, блізкія да польскіх спэцслужбаў. Актывіста ў паездцы суправаджала дачка.
Паводле зьвестак Gazeta Wyborcza, пасьля вяртаньня з Беларусі Пачобут плянуе накіравацца ў ЗША і Канаду, дзе сустрэнецца з палітыкамі і актывістамі польскай дыяспары.
Пасьля вяртаньня ў Польшчу ён плянуе засяродзіцца на завяршэньні кнігі, у якой падрабязна апісваецца яго знаходжаньне ў папраўчай калёніі.
Перасьлед і вызваленне Пачобута
Анджэй Пачобут — горадзенскі журналіст, карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza і актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, правёў за кратамі больш за пяць гадоў.
Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году, а ў лютым 2023 году засудзілі на восем гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем, а польскія ўлады дамагаліся яго вызваленьня.
Яшчэ ў 2021 годзе Пачобут адмовіўся ад прапановы выйсьці на волю ўзамен на выезд зь Беларусі. 28 красавіка 2026 году, пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.
Адразу пасьля вызваленьня Пачобут заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь. Пазьней ён неаднаразова пацьвярджаў гэтае рашэньне, тлумачачы, што ягоны дом у Горадні, а больш за 20 гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў дзейнасьці Саюзу палякаў у Беларусі.
У канцы жніўня Пачобут казаў, што плянуе вярнуцца ў верасьні, перад зьездам палякаў у Беларусі, прызначаным на 13 верасьня.
У пачатку верасьня стала вядома, што зьезд адклалі на пазьнейшы тэрмін, аднак Пачобут заявіў, што гэта не мяняе ягоных плянаў вярнуцца ў Беларусь.