Праз 25 гадоў пасьля 11 верасьня. Ці можа Афганістан зноў стаць пляцдармам для глябальнага тэрарызму?

У выніку тэрарыстычных атак у ЗША 11 верасьня 2001 году загінулі блізу 3000 чалавек

Праз дваццаць пяць гадоў пасьля таго, як Афганістан паслужыў глябальным пляцдармам для тэрактаў 11 верасьня, краіна «вярнулася да зыходнай кропкі»: пасьля 20 гадоў вайсковай прысутнасьці на чале з ЗША талібы зноў захапілі ўладу, а чальцы «Аль-Каіды» зноў знаходзяць бясьпечны прытулак у краіне, пішуць журналісты Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Рэй Фэрлонг і Дауд Хатак.

Пакуль гэта не прывяло да буйных тэрактаў у заходніх сталіцах, сплянаваных у Афганістане, ня кажучы ўжо пра нешта падобнае да нападаў 11 верасьня.

Аднак былыя вайскоўцы, дыпляматы і супрацоўнікі выведкі, а таксама экспэрты ў рэгіёне ў інтэрвію РСЭ/РС па-рознаму тлумачаць, чаму так адбываецца. Адны сьцьвярджаюць, што цяперашняя сытуацыя прынцыпова адрозьніваецца ад той, што была да 11 верасьня 2001 году. Іншыя папярэджваюць пра адраджэньне пагрозы і «бомбу запаволенага дзеяньня».

Пасьля 11 верасьня Вашынгтон вырашыў падтрымаць альянс сілаў, якія выступалі супраць талібаў, каб адхіліць талібаў ад улады і высачыць кіраўнікоў «Аль-Каіды», якія знаходзіліся ў краіне. Аднак гэта перарасло ў 20-гадовую вайну з велізарнымі фінансавымі выдаткамі і чалавечымі ахвярамі.

У 2020 годзе, падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа, з талібамі было падпісана пагадненьне, паводле якога міжнародныя сілы павінны былі выйсьці з краіны, а талібы абавязаліся «не дазваляць нікому са сваіх чальцоў, іншым асобам або групам, у тым ліку „Аль-Каідзе“, выкарыстоўваць тэрыторыю Афганістану для стварэньня пагрозы бясьпецы Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў».

Паводле пагадненьня, талібы таксама абавязаліся не дапускаць «вэрбаваньня, навучаньня і збору сродкаў» такімі групамі або асобамі.

Калёна супрацоўнікаў службы бяспекі Талібану каля былога будынку амбасады ЗША ў Кабуле падчас сьвяткаваньняў пятай гадавіны вяртаньня да ўлады. 15 жніўня 2026 году

Вяртаньне «Аль-Каіды»

Вывад войскаў урэшце адбыўся ў 2021 годзе пры прэзыдэнце Джо Байдэне. З таго часу ў шматлікіх справаздачах групаў ААН, якія займаюцца маніторынгам санкцыяў, зафіксавана вяртаньне чальцоў «Аль-Каіды» ў Афганістан.

У адной з такіх справаздач, апублікаванай у сьнежні 2025 году, Афганістан быў названы «сымбалічнай радзімай» групоўкі, а таксама адзначаліся «асабістыя сувязі і шлюбы» паміж чальцамі «Аль-Каіды» і талібамі.

«Ён ужо дае прытулак тэрарыстам, якія маюць міжнародныя амбіцыі. Наступнае пытаньне ў тым, ці будуць яны іх рэалізоўваць. Але ці вярнуўся Афганістан да таго, чым ён быў да 11 верасьня? Так, вярнуўся», — сказала Радыё Свабода былая амэрыканская дыпляматка Эні Пфорцгаймэр.

Пфорцгаймэр у 2017–2018 гадах была намесьніцай кіраўніка дыпляматычнай місіі ЗША ў Кабуле, а ў 2018–2019 гадах выконвала абавязкі намесьніцы памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША, адказнай за справы Афганістану.

„Аль-Каіда“ па-ранейшаму там і, улічваючы яе гісторыю, застаецца занадта магутнай

«Я бачу ў гэтым як наўпроставую, так і ўскосную пагрозу для астатняга сьвету, — сказала яна. — „Аль-Каіда“ па-ранейшаму там і, улічваючы яе гісторыю, застаецца занадта магутнай».

Генэрал Гэрбэрт Рэйманд Макмастэр, які ў 2017–2018 гадах быў дарадцам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы, падзяляе занепакоенасьць Пфорцгаймэр. Ён сказаў Радыё Свабода, што чакаць ад талібаў выкананьня пагадненьня было «самаашуканствам».

«Яны тэрарыстычная арганізацыя, — сказаў ён. — Мы павінны аслабляць тэрарыстычны ўрад у Афганістане».

І Пфорцгаймэр, і Макмастэр падкрэсьлілі, што «Аль-Каіда» не адзіная небясьпечная групоўка, якая дзейнічае ў Афганістане з ухвалы талібаў. У справаздачах ААН таксама адзначалася, што «Аль-Каіда» супрацоўнічала з групоўкай «Тэхрык-э Талібан Пакістан» (TTP) пры ажыцьцяўленьні транспамежных нападаў на Пакістан. У Аўганістане таксама прысутнічаюць баевікі «Ісламскай дзяржавы», якія ажыцьцяўлялі напады там і ў Пакістане.

Колін Кларк, выканаўчы дырэктар нью-ёрскага аналітычнага Soufan Center, які займаецца пытаньнямі бясьпекі, сказаў Радыё Свабода, што Афганістан стаў «грымучай сумесьсю» груповак, якая нагадвае «бомбу запаволенага дзеяньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Талібы цалкам адключылі інтэрнэт у Афганістане

«Досьвед 11 верасьня»

Аднак іншыя экспэрты заклікаюць да асьцярожнасьці. Шмат што зьмянілася пасьля 11 верасьня і нават з таго часу, як талібы зноў захапілі ўладу ў Афганістане. Цяпер рух актыўна імкнецца да міжнароднага супрацоўніцтва, нядаўна нават накіраваўшы дэлегацыю ў Брусэль на сустрэчу з Эўрапейскім Зьвязам, а Расея прызнала яго законным урадам Аўганістану.

Хоць на Захадзе гэтыя спробы наладзіць кантакты сустракаюць стрымана праз жорсткія абмежаваньні правоў жанчын з боку талібаў і парушэньні правоў чалавека агулам, некаторыя экспэрты лічаць, што кіраўніцтва руху цяпер мацней кантралюе такія групоўкі, як «Аль-Каіда», чым у мінулым.

«Галоўнае адрозьненьне ў параўнаньні з пэрыядам да 11 верасьня 2001 году ў тым, што талібы самі перажылі 11 верасьня і наступствы, да якіх яно прывяло. Таму я мушу меркаваць, што яны вельмі ўважліва сочаць за тым, чым займаюцца гэтыя чальцы „Аль-Каіды“», — сказаў Радыё Свабода Джонатан Шродэн, дасьледчык аналітычнага цэнтру CAN у Вашынгтоне.

Шродэн, які завяршае кнігу пра гісторыю амэрыканскіх контратэрарыстычных апэрацыяў у Афганістане, сказаў, што цяпер гэтая краіна не зьяўляецца галоўным цэнтрам увагі.

«Калі вы цяпер спрабуеце змагацца з найбольш небясьпечнымі адгалінаваньнямі „Аль-Каіды“, то яны знаходзяцца ў Афрыцы, няхай гэта будзе „Аш-Шабаб“ ці розныя заходнеафрыканскія групоўкі, зьвязаныя з „Аль-Каідай“. Менавіта яны найбольш актыўныя, найбольш жорсткія», — сказаў ён.

У найноўшай Стратэгіі ЗША ў барацьбе з тэрарызмам, апублікаванай сёлета ў траўні, таксама падкрэсьліваюцца пагрозы з гэтых і іншых геаграфічных рэгіёнаў. І Шродэн не адзіны, хто так ацэньвае сытуацыю ў Афганістане.

Магчымасьці Вашынгтону сачыць за сытуацыяй у Аўганістане ўжо ня тыя, што былі ў 2020 годзе

Картэр Малкасьян, былы спэцыяльны памочнік у пытаньнях стратэгіі старшыні Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША, які цяпер працуе ў Нацыянальным ваенным каледжы, нядаўна напісаў у часопісе Foreign Affairs, што «адсутнасьць тэрарызму» пасьля пяці гадоў кіраваньня талібаў сьведчыць пра тое, што сытуацыя ў Афганістане зьмянілася.

Малкасьян, які ў 2009–2011 гадах працаваў палітычным супрацоўнікам у афганскай правінцыі Гільмэнд, паставіў пад сумнеў высновы справаздачаў ААН, заявіўшы, што «існуе мала доказаў таго, што „Аль-Каіда“ займаецца арганізацыяй, зборам сродкаў або падрыхтоўкай на тэрыторыі Аўганістану», аднак прызнаў, што выведная інфармацыя фрагмэнтарная.

«Магчымасьці Вашынгтону сачыць за сытуацыяй у Афганістане ўжо ня тыя, што былі ў 2020 годзе, ня кажучы ўжо пра 2011-ы. Злучаныя Штаты могуць быць ня ў стане выявіць плянаваньне тэрактаў і падрыхтоўку тэрарыстаў у горных вёсках або ў завулках Кабулу, Кандагару ці Джалалабаду», — напісаў ён.

На гэты момант зьвярнуў увагу і Шродэн, адзначыўшы, што ЗША не наносілі ўдараў у Афганістане з таго часу, як у 2022 годзе забілі ў Кабуле тагачаснага кіраўніка «Аль-Каіды» Аймана аз-Завагіры.

«Або ЗША настолькі мала ведаюць пра тое, што там адбываецца, што ня могуць вызначыць цэлі для ўдараў, або ў сёньняшнім Афганістане проста няма такіх важных цэляў для ўдараў, якія былі там раней», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, на якім узроўні ў Беларусі прымалі дэлегацыю талібаў