У Менск прыбыла дэлегацыя ўраду Аўганістану, якім з 2021 году кіруе ісламісцкі рух Талібан, у яе складзе 13 чалавек. На запрашэньне афіцыйнага Менска яны будуць удзельнічаць у другім пасяджэньні Сумеснай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве паміж Аўганістанам і Беларусьсю.
Дэлегацыю ўзначальвае міністар сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Маўлаві Атаўла Амары. У яе склад таксама ўвайшлі намесьнік міністра прамысловасьці і гандлю, прадстаўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі, транспарту і грамадзянскай авіяцыі, фінансаў, замежных спраў і гандлю, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных кампаній і эканамічны намесьнік адміністрацыі прэм’ер-міністра, — паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Аўганістану.
Турарбекава: «Аўганістан застаецца могілкамі правоў чалавека»
Палітоляг і гісторык Роза Турарбекава ў інтэрвію Свабодзе зазначыла, што гэта ўжо другі дастаткова маштабны міждзяржаўны кантакт за гэты год. Першы быў у лютым, а зараз візыт вялікай дэлегацыі талібаў у Менск.
«Гэта высокі, але не найвышэйшы ўзровень. Я маю на ўвазе, што дэлегацыю ўзначальвае міністар сельскай гаспадаркі і ў яе складзе прысутнічаюць намесьнікі міністраў ключавых ведамстваў, у тым ліку замежных спраў і фінансаў. Трэба сказаць, што беларуска-аўганскія адносіны — гэта вельмі спэцыфічны, прадмет. Адносіны, як гэта ня дзіўна, разьвіваліся, дастаткова някепска і да прыходу талібаў. Я памятаю лічбы па таваразвароту якія складалі тады 170-180 млн даляраў на год. Калі параўнаць зь беларуска-пакістанскімі адносінамі, гэта было значна больш. Але спэцыфіка гандлю з Аўганістанам заключалася ў тым, што напрамую Беларусь тады не гандлявала, шлях у Аўганістан для Беларусі, для беларускіх прадпрыемстваў адкрываўся праз Узбэкістан, які дапамагаў беларускім гаспадарчым суб’ектам».
Роўна пяць год таму адбылася радыкальная зьмена рэжыму ў Аўганістане, кажа Роза Турарбекава:
«Вось цяпер мы з вамі зараз назіраем нармалізацыю адносін паміж рухам Талібан, які зараз зьяўляецца ўрадам дэ-факта, і ўсім астатнім сьветам, ня толькі зь Беларусьсю. А спэцыфіка адносін зь Беларусьсю яшчэ і заключаецца ў тым, што рэжым Лукашэнкі ніколі не прызнаваў Талібан тэрарыстычнай арганізацыяй, у адрозьненьне, напрыклад, ад Расеі.
Зараз адносіны паміж рухам Талібан і Расейскай Федэрацыяй ня проста нармалізуюцца, яны напрамую разьвіваюцца вельмі сурʼёзным чынам. Сёлета ў траўні было адкрытае ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Расеяй і ўрадам талібаў. І ў цэлым талібы зараз перажываюць этап дыпламатычнага такога прарыву ў блякадзе. Гэта тычыцца, у першую чаргу, эўрапейскіх краін. Іх нядаўна прымалі ў Бруселі, напрыклад, з нагоды чаго ў Эўрапарлямэнце былі вельмі сурʼёзныя дэбаты. І вось зараз мы бачым, як яны прыяжджаюць у Менск пасьля Малдовы».
Роза Турарбекава кажа, што Талібан у першую чаргу зараз шукае зьнешнегандлёвых партнэраў, таму што адчувае сурʼёзны дэфіцыт менавіта з прычыны ізаляцыі.
«А па-другое, вельмі ўскладненыя, транспартныя камунікацыі. Аўганістан лічыўся ненадзейным партнэрам. Вось, зараз гэта партнэрства яны стараюцца разьвіваць. Дзесьці ў іх атрымліваецца, дзесьці не. Краіны ў цэлым ставяцца з вялікай асьцярожнасьцю да рэжыму талібаў. Складана вельмі зь імі весьці справы, асабліва ўлічваючы сурʼёзныя парушэньні ў галіне правоў чалавека. З нагоды Аўганістану мы бачым кожны дзень такія вельмі цяжкія навіны. Асабліва гэта тычыцца правоў жанчын. Хтосьці з міжнародных чыноўнікаў назваў Аўганістан могілкамі правоў чалавека. Такім ён і застаецца. А для Лукашэнкі наўрад ці гэта зьяўляецца перашкодай для разьвіцьця супрацоўніцтва. Наадварот, я думаю, як раз ён і будзе разьвіваць гэтае супрацоўніцтва».
Падобны візыт талібаў раней выклікаў скандал у Малдове
Тры прадстаўнікі ўраду Талібану наведалі Малдову пасьля атрыманьня імі віз, іх прыезд выклікаў абурэньні і палітычны скандал. Як паведамляла Малдоўская служба Радыё Свабода 5 жніўня, апанэнты ўладаў заявілі, што ісламісцкая групоўка, якая захапіла ўладу ў 2021 годзе пасьля вываду міжнародных войскаў з Аўганістану, спрабуе выкарыстаць гэтую паездку для павышэньня свайго міжнароднага іміджу і легітымнасьці.
Урад «Талібану» лічыцца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце. Міжнародная супольнасьць занесла лідэраў групоўкі да чорнага сьпіса і адрэзала ад глябальнай фінансавай сыстэмы.
Улады Малдовы патлумачылі візыт патрэбай клапаціцца аб эканамічных інтарэсах сваіх вытворцаў.
Васіле Шарбан, прадстаўнік міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці Малдовы, сказаў, што калі вытворцы кажуць, што ім няма куды прадаваць сваю прадукцыю, дзяржава павінна дапамагчы ім знайсьці рынкі збыту.
Ва ўрадзе Малдовы заявілі пры гэтым, што візіцёры «не зьяўляюцца абʼектам міжнародных санкцый», і што «Рэспубліка Малдова строга выконвае міжнародныя санкцыйныя рэжымы і не прызнае ўрад талібаў у Аўганістане».
Апошнім часам урад талібаў імкнецца выйсьці з міжнароднай ізаляцыі. Пры гэтым талібы запрашаюць ЗША вярнуцца ў Аўганістан.
«Аўганістан прапанаваў ЗША вярнуць дыпляматычную прысутнасьць у Кабуле, а таксама інвэставаць у распрацоўку радовішчаў мінэралаў, дамбы і дарогі. Пра гэта ў інтэрвію The New York Times (NYT) заявіў міністар замежных спраў краіны Амір Хан Мутакі. Ён падкрэсьліў, што размова ідзе толькі аб цывільнай прысутнасьці, без вайскоўцаў.
Форум