Расея і афганскі ўрад, створаны рухам «Талібан», падпісалі пагадненьне пра вайскова-тэхнічную супрацу. Пра гэта паведаміла агенцтва «Інтэрфакс». Цырымонія падпісаньня прайшла ў межах Міжнароднага форуму бясьпекі, што адбыўся пад Масквою. Падрабязнасьцяў пагадненьня Крэмль не падае.
Міністар абароны ад талібаў Махамад Якуб на сустрэчы з сакратаром Савету бясьпекі Расеі Сяргеем Шайгу заявіў, што Кабул і Масква працягваюць умацоўваць двухбаковыя дачыненьні.
«Афганістан і Расея маюць доўгія і гістарычныя адносіны, у гэтым напрамку мы хочам рухацца далей. Мы пашырылі двухбаковыя дачыненьні», — заявіў Якуб.
Шайгу, сваёй чаргою, заявіў, што заходнія краіны павінны разблякаваць афганскія актывы і ўзяць на сябе адказнасьць за аднаўленьне Афганістану пасьля 20-гадовай прысутнасьці ў краіне.
Што гэта можа значыць?
«Прысутнасьць у краіне», якую меў на ўвазе Шайгу — гэта амэрыканскія войскі, якія знаходзіліся ў Афганістане 20 гадоў, з 2001 па 2021 гг. Затым адміністрацыя папярэдняга прэзыдэнта Джо Байдэна вывела войскі з азіяцкай краіны. Больш як 114 000 афганцаў былі вывезеныя самалётамі з аэрапорта Кабулу за два тыдні ў сярэдзіне 2021 году ў выніку эвакуацыйнай апэрацыі.
Тады краіну пакінулі на толькі амэрыканскія вайскоўцы, але й шэраг супрацоўнікаў цывільных арганізацый, якія цягам гэтага часу супрацоўнічалі з амэрыканцамі. У Вашынгтоне спадзяваліся, што падрыхтаваныя ЗША вайскоўцы будуць кіраваць краінай, але вельмі хутка і з малым лікам баёў стала зразумела, што талібы вяртаюць сабе кіраваньне Афганістанам.
Як адзначае праект «Важные истории», пагадненьні аб вайскова-тэхнічнай супрацы звычайна прадугледжваюць абмен зброяй, ваеннымі тэхналёгіямі, ліцэнзіямі і супольныя распрацоўкі. Што менавіта будуць рабіць у межах сваёй дамовы Масква і «Талібан» — невядома. Раней выказваліся здагадкі, што калі такое пагадненьне падпішуць, Расея здолее выкарыстоўваць афганскіх баевікоў у вайне супраць Украіны, як раней у абмен на тэхналёгіі і вайсковыя вышкалы сваіх вайскоўцаў у Курскую вобласьць адбіваць украінскія атакі паслала Паўночная Карэя.
Раней, 14 траўня, на сустрэчы сакратароў саветаў бясьпекі краін ШАС у Бішкеку Шайгу заявіў, што Расея разьвівае прагматычную супрацу з рухам «Талібан» у галінах палітыкі, бясьпекі, эканомікі і гуманітарнага ўзаемадзеяньня.
Як хутка зьмяніўся статус талібаў у Расеі
Рух «Талібан», прызнаны тэрарыстычным на Захадзе, уважаўся за такі і ў Расеі. Але ў сакаівку 2025 году Генэральная пракуратура Расеі хадайнічала аб зьмяненьні статусу талібаў. Ужо празь месяц Вярхоўны суд Расеі зьняў з «Талібану» тэрарыстычны статус.
Пасьля гэтага кіраўніцтва Расеі, якое раней афіцыйна лічыла алібаў тэрарыстамі, пачало сустракацца зь імі, весьці перамовы, а цяпер падпісала зь імі пагадненьне пра супрацу. Крэмль і «Талібан» працуюць адразу ў некалькіх кірунках — гандлю, культуры і бясьпекі. Цяпер да іх дадалася і вайскова-тэхнічная супраца.
Пры гэтым на міжнароднай арэне лідэры тэрарыстычнага руху знаходзяцца пад сьледзтвам, на іх выдадзеныя ордэры на арышт. Пасьля прыходу да ўлады ў жніўні 2021 году талібы пачалі забараняць жанчынам вучыцца, адключалі і абмяжоўвалі ў Афганістане інтэрнэт, спальвалі музычныя інструмэнты, арыштоўвалі і катавалі грамадзян, якія выступалі супраць іхнага кіраваньня.
Афганістан застаецца адной з найбольш несвабодных краінаў у сьвеце.
Форум