Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт прадстаўнікоў Талібану ў Малдову выклікаў палітычную буру

Фота, апублікаванае афганскімі сайтамі The Kabul Tribune і Ariana News аб візыце чыоўнікаў Талібану ў Кішынёў, 3 жніўня 2026 году
Фота, апублікаванае афганскімі сайтамі The Kabul Tribune і Ariana News аб візыце чыоўнікаў Талібану ў Кішынёў, 3 жніўня 2026 году

Тры чыноўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Талібану прыбылі ў Кішынёў 3 жніўня з аднадзённым візытам пасьля таго, як ім выдалі візы.

Ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая захапіла ўладу ў 2021 годзе пасьля вываду міжнародных войскаў з Афганістану, спрабавала выкарыстаць паездку для паляпшэньня свайго міжнароднага іміджу і падвышэньня легітымнасьці.

Урад Талібану лічыцца адным з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце. Міжнародная супольнасьць унесла лідэраў Талібану ў чорны сьпіс і адрэзала групу ад усясьветнай фінансавай сыстэмы, паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

«Афіцыйны візыт у Эўропу»

Міністэрства сельскай гаспадаркі Талібану 3 жніўня апублікавала на сваёй старонцы на плятформе X фота, на якім тры іхныя чыноўнікі ў традыцыйным адзеньні знаходзяцца на ўзьлётна-пасадачнай паласе аэрапорту побач з самалётам Turkish Airlines. У подпісе да фота двойчы падкрэсьліваецца «афіцыйны» характар візыту, пададзенага як дзяржаўная падзея высокага ўзроўню.

З моманту публікацыі зьвязаныя з Талібанам СМІ амаль штогадзінна асьвятлялі паездку.

Kabul Tribune паведаміла, што намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Садр Азам Асмані прыбыў у Малдову, «каб абмеркаваць пашырэньне практычнага і тэхнічнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі».

Ariana News пайшла яшчэ далей, цытуючы прадстаўніка міністэрства, які сказаў, што дэлегацыя сустрэнецца з малдоўскімі калегамі, каб абмеркаваць «разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, навуковыя дасьледаваньні, абарону расьлін, барацьбу з шкоднікамі, сучасныя сельскагаспадарчыя тэхналёгіі і рэалізацыю сумесных дасьледчых праектаў».

Дзяржаўная тэлевізія Афганістану сваю вячэрнюю праграму навін адкрыла менавіта гэтым паведамленьнем.

«Няёмка і непрымальна»

У цэнтры рознагалосьсяў знаходзіцца Васіле Шарбан, малдоўскі чыноўнік, які і запрасіў трох прадстаўнікоў Талібану. Ён сказаў, што ўхваліў такое рашэньне на просьбу прыватных малдоўскіх кампаніяў, якія хочуць экспартаваць сваю прадукцыю ў Афганістан.

«Я ўважаю, што ўлады Малдовы павінны клапаціцца пра гаспадарчых суб’ектаў Малдовы», — пазьней сказаў Шарбан, чыноўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці Малдовы. «Калі нашы вытворцы кажуць, што ім няма дзе прадаваць прадукцыю, дзяржава павінна дапамагчы ім знайсьці рынкі».

Але камэнтары Шарбана не змаглі суцішыць рост шуму вакол візыту.

Калі дэлегацыя Талібану прыбыла ў Кішынёў, Міністэрства замежных справаў Малдовы пасьпяшалася з заявай, у якой пацьвердзіла, што візы сапраўды былі выдадзеныя, але адразу ж дыстанцыяваліся ад заявы Талібану.

У МЗС Малдовы падкрэсьлілі, што наведнікі «ня ёсьць аб’ектам міжнародных санкцый», і паўтарылі, што «Рэспубліка Малдова строга выконвае міжнародныя рэжымы санкцыяў і не прызнае ўрад Талібану ў Афганістане».

«Ніякіх двухбаковых сустрэчаў або афіцыйных кантактаў з прадстаўнікамі дэлегацыі ня будзе», — падкрэсьлівалася ў заяве міністэрства.

Урад Малдовы абвясьціў аб пачатку расьсьледаваньня спосабу, якім прадстаўнікі Талібану атрымалі візы.

Прэмʼер-міністар Васіле Тофан у сваім паведамленьні ў Facebook назваў гэтую справу «няёмкай і непрымальнай» і ахарактарызаваў яе як адміністрацыйную памылку.

«Працэдура фармальна была выканана, але без неабходнай палітычнай і дыпляматычнай ацэнкі», — напісаў Тофан у паведамленьні. «Відавочна далікатная справа разглядалася як звычайная адміністрацыйная працэдура. У выніку было ўхвалена няправільнае рашэньне».

Пошук партнэраў

Расея — адзіная краіна, якая афіцыйна прызнала Талібан легітымным урадам Афганістану. Яна зрабіла гэта ў 2025 годзе, праз чатыры гады пасьля таго, як групоўка вярнулася да ўлады па вывадзе войскаў ЗША і NATO з Афганістану ў 2021 годзе.

Некалькі дзяржаваў, у тым ліку Кітай, Казахстан і Ўзбэкістан, падтрымліваюць дыпляматычныя, гандлёвыя і эканамічныя сувязі з Талібанам, але афіцыйна не прызнаюць яго ўрад.

Талібан імкнуўся наладзіць сувязі з краінамі па ўсім сьвеце, імкнучыся, паводле экспэртаў, прэтэндаваць на вонкавую легітымнасьць і ўплываць на грамадзкую думку ўнутры краіны.

У чэрвені чыноўнікі Талібану ўпершыню правялі перамовы ў Брусэлі аб рэпатрыяцыі афганцаў, нягледзячы на рэзкую крытыку ад праваабарончых групаў, якія заявілі, што Эўрапейскі Зьвяз легітымізуе гэтую жорсткую групоўку, якую абвінавачваюць у сурʼёзным абмежаваньні асноўных правоў афганцаў, асабліва жанчын.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG