Максім Знак ужо 9 месяцаў на волі пасьля больш як 5-гадовага зьняволеньня. Ён расказаў Свабодзе, як цяпер жыве ў Варшаве і чым займаецца.
Юрыст Максім Знак амаль дзевяць месяцаў на волі пасьля больш як пяці гадоў за кратамі, зь якіх некалькі быў у рэжыме інкамунікада — без магчымасьці кантактаваць з блізкімі. 13 сьнежня 2025 году яго зь вялікай групай палітвязьняў прымусова вывезьлі ва Ўкраіну. Адтуль Максім пераехаў жыць у Польшчу.
«Адчуваю сябе вельмі добра. Ня верыцца, што прайшло дзевяць месяцаў, з аднаго боку. Так, усё вельмі хутка. А зь іншага — здаецца, што ніколі гэтага зьняволеньня і не было. Ня ведаеш, куды дзеліся гэтыя месяцы. Амаль не памятаеш, што там адбывалася. Прынамсі, ня ўзгадваеш», — кажа Максім.
Ён жыве ў Варшаве. Ужо знайшоў улюбленыя маршруты для шпацыраў — уздоўж Віслы. Наколькі мага ходзіць пешкі або езьдзіць роварам. Але адзначае, што апошнім часам рэдка бывае ў Варшаве — больш у разьездах.
«У Варшаву кожны раз вяртаюся з задавальненьнем. Тут у мяне ёсьць кватэра, якую я зьняў. І сын мой тут сядзіць, мяне чакае. Таму, калі можна нейкае месца назваць домам, то гэта тут», — дадае суразмоўца.
Канцэрты і кліп
Паездкі цяпер зьвязаныя з рознымі ролямі Максіма — як аўтара кніг, як творцы і выканаўцы песень, як юрыста і былога палітвязьня. Асноўнай працай Знака да 2020 году ўключна была праца юрыстам. Ён меў юрыдычную фірму разам з жонкай. Паралельна займаўся шматлікімі хобі — бегаў маратоны, рабіў «айранмэна» (трыятлён: плаваньне, ровар, бег), хадзіў у горы, сплаўляўся па горных рэках, хадзіў пад ветразем, пісаў песьні, сьпяваў пад гітару, гуляў у «Што? Дзе? Калі?».
Максім Знак на бегавых спаборніцтвах да зьняволеньня, архіўнае фота
Цяпер некаторыя хобі Максіма сталі больш заўважнымі. Так адбылося з музыкай. За час на волі былы палітвязень правёў ужо з два дзясяткі сустрэчаў зь беларусамі ў розных краінах. У польскіх гарадах, а таксама ў Вільні, Бэрліне, Празе, Парыжы. Музыка выконвае пад гітару свае песьні і пераклады на беларускую мову сусьветных гітоў, якія рабіў у турме. Частка такіх сустрэчаў — пытаньні да Максіма і ягоныя адказы.
«Мне падабаецца зьмена атмасфэры. Вядома, ёсьць цікавыя пытаньні, камэнтары, прыемныя словы. Сустрэчы звычайна ўвечары. Людзі стомленыя пасьля працы. Жыцьцё няпростае ўва ўсіх тут, і настрой працоўны з ноткай нашага беларускага смутку. Але галоўнае — я разумею, што сустрэча атрымалася, калі ў яе сярэдзіне або ў канцы адбываецца зьмена атмасфэры. Шчоўк — і штосьці зьмянілася, людзі ўсьміхацца сталі больш. І кажуць пра натхненьне. Гэта і мне дадае натхненьня штосьці ствараць», — расказвае Максім.
Максім Знак з гітарай. Архіўнае фота
З словаў суразмоўцы, на музычных імпрэзах ён не зарабляе. Але падобныя сустрэчы, толькі літаратурныя, сталі прыносіць яму грошы.
«Для мяне прынцыпова рабіць тое, што мне хочацца і трэба рабіць. Калі за гэта плацяць грошы — гэта выдатна. Прыярытэтам ёсьць тое, што я хачу рабіць, а пасьля — як на гэтым можна зарабіць. Сусьвет удзячны за такі падыход, таму нават калі я пачынаю нейкія праекты і ня маю ўяўленьня, як гэта можа быць манэтызавана, потым штосьці атрымліваецца», — падсумоўвае суразмоўца.
Выйшаў першы музычны кліп Максіма на песьню «Ходзікі», які ён запісаў разам з музыкам Пятром Марчанкам, таксама былым палітзьняволеным. Паводле аўтара, у песьнях ён кажа тое ж, што і на сустрэчах, але больш канцэнтравана.
Тры кнігі і спорт
У зьняволеньні Знак напісаў, зь ягоных словаў, 18 кніг. Роля пісьменьніка зьявілася ў Знака ў турме. Першая кніга апавяданьняў пра турму «Зэкамэрон» выйшла, калі Максім яшчэ быў за кратамі. Яе пераклалі на некалькі моваў. У той жа пэрыяд паставілі і аднайменны спэктакль паводле Максімавай кнігі.
Максім Знак падпісвае свае кнігі пасьля сустрэчы з чытачамі ў Беластоку, красавік 2026 году
Пры вызваленьні вязьню не аддалі ягоныя рукапісы. Таму цяпер ён з памяці аднаўляе некаторыя свае творы і дапрацоўвае іх. Максім ужо дапісаў кнігу «Каляністы». Гэта працяг «Зэкамэрона». Там 72 даўжэйшыя апавяданьні пра турму. Кніга мае выйсьці па-беларуску ў верасьні.
Былы палітвязень працуе таксама над раманам пра каханьне «Вязьні Іф», не зьвязаным з турмой. Паралельна аднаўляе раман «Усе цені сонечнага» з дапамогай праекту ArtPower, фінансаванага Эўразьвязам. Гэтая кніга адсылае да жоўтай біркі, якую носяць палітвязьні. Іх у калёніі зьняважліва называлі «жоўтабірачнікамі», успамінае Максім. Ён жа наўмысна называў бірку «сонечнай». У кнізе ён хоча паказаць, як у беларускай турэмнай сыстэме палітвязьняў катуюць безь відавочнага катаваньня.
«Пабіцьцё, ізаляцыя — відавочныя катаваньні. Але кожны, хто праходзіць праз папраўчую сыстэму, праходзіць праз катаваньне сэгрэгацыяй і падзелам на людзей іншага кшталту. У кожнай новай лякацыі (кнігі. — РС) — новы цень сонечнага. Як гэта адлюстроўваецца на псыхіцы, як чалавек зьмяняецца нават праз два гады, якія яму даюць за ўмоўнае „злачынства“, — я гэтую гісторыю хачу расказаць», — тлумачыць аўтар.
Максім Знак падчас суду, 2021 год
Кнігі Максім цяпер піша ў тым ліку ў літаратурных рэзыдэнцыях. Гэта яшчэ адзін нечаканы для яго спосаб зарабіць грошы і ўтрымліваць сябе ў новых абставінах. Зарабіць на продажы сваіх кніг ён зможа, толькі калі многія будуць іх купляць.
«Мы кажам, што беларускі бэстсэлер — гэта 500 асобнікаў, то калі аўтар мае эўра або два эўра з кнігі — гэтая сума не дае заробку, за які можна пражыць. Але, апроч беларускіх чытачоў, ёсьць іншыя. Мне здаецца, кнігі пішуць ня дзеля заробку, а каб расказаць сваю гісторыю», — разважае Максім.
Максім Знак на лодцы. Архіўнае фота
Апошнім часам Максім менш займаецца спортам, чым да зьняволеньня, заўважае ён. Спачатку яму перашкаджалі праблемы здароўя. Прыкладам, складана было бегаць праз болі ў каленях. Цяпер, з словаў суразмоўцы, са здароўем ён разабраўся. Аднак на трэнаваньні пакуль вылучае няшмат часу і мае намер гэта выправіць. Нядаўна Знак прабег 11 кілямэтраў. Хадзіў з сынам у польскія горы Татры. За дзень яны праходзілі па 36 тысяч крокаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Трэба з вадаспаду скокнуць — скокну і з вадаспаду». Вялікая гутарка зь юрыстам і палітвязьнем Максімам ЗнакамПраца юрыста, вызваленьне палітвязьняў
Максім за мяжой зноў стаў займацца юрыдычнай дзейнасьцю, кажа ён. Але гэта ня сталая праца ў офісе зь дзявятай да шостай. Гэта пераважна непублічныя праекты. Знак піша артыкулы ў тым ліку для эўрапейскіх часопісаў, робіць дасьледаваньне ў галіне права. Такая непастаянная занятасьць дазваляе яму падарожнічаць.
«Можа быць, у мяне няма зараз заўсёднага гарнітура з гальштукам, але ў чэрапе ўсё тое самае знаходзіцца», — камэнтуе новую сытуацыю ён.
Знак кажа, што сустракаецца з дыпляматычнымі службамі ў розных краінах, размаўляе пра тое, што можна зрабіць дзеля вызваленьня палітвязьняў, прапаноўвае сваю экспэртызу. Дадае, што робіць гэта непублічна, каб не сапсаваць справу.
«Вядома, я, як усе беларусы, хацеў бы, каб быў нацыянальны дыялёг, каб беларусы размаўлялі зь беларусамі і каб было нешта накшталт таго, як гэта адбылося ў Польшчы, у іншых краінах. Але мы мусім разумець тыя працэсы, якія зараз ідуць: дыялёг са Злучанымі Штатамі, нейкае падабенства дыялёгу з Эўразьвязам», — разважае юрыст.
На ягоную думку, варта разумець, што можна зрабіць для палітзьняволеных, і пры гэтым ня страціць таго, што беларусы здабылі ў тым ліку коштам свабоды гэтых людзей.
«Гэта вельмі комплексны пласт пытаньняў. Нельга казаць: давайце будзем весьці дыялёг і скасуем усе санкцыі. Адначасова нельга казаць: «Давайце ні з кім ні пра што ня будзем размаўляць. І ўвогуле мы ня можам ні ад чаго адмовіцца, каб выратаваць людзей. Праўда недзе пасярэдзіне гэтых пазыцыяў», — мяркуе суразмоўца.
Паводле Знака, варта правесьці праўную рэформу, якая дазволіць вызваліць не асобных людзей, а адразу ўсіх палітвязьняў, нават тых, якіх няма ў сьпісах праваабаронцаў.
Максім Знак здымае плякат у ягоную падтрымку як палітвязьня, Вільня, ліпень 2026 году
Максім дадае, што яго ня цешаць спрэчкі паміж беларусамі. Але, зь ягоных назіраньняў, у іх удзельнічае толькі вузкае кола людзей. Таму ён стараецца ня надта зьвяртаць на спрэчкі ўвагу.
«Мне здаецца, многім беларусам, якія застаюцца ў Беларусі, значна цяжэй быць там, чым нам тут. Мне здаецца важным, каб мы мелі адно да аднаго тую самую талерантнасьць і эмпатыю», — разважае Знак.
Ён дадае, што большасьць прыхільнікаў пераменаў засталася ў Беларусі.
«Калі там 80–90% былі на адной хвалі (у 2020 годзе. — РС), то такія яны і ёсьць. Мне б тут не хацелася бачыць абвінавачаньні або пытаньні „Чаму ты яшчэ ня зьехаў?“», — дадае суразмоўца.
«Дабрабыт — гэта другаснае»
Максім заўважае, што ягонае жыцьцё было разнастайным да 2020 году, такое яно і цяпер. Але гэтыя пэрыяды адрозьніваюцца зьместам.
«Мне падабаецца рабіць тое, што мае сэнс. Калі ў мяне была юрыдычная фірма, я рабіў тое, што мела сэнс для мяне і маіх кліентаў. Зараз, спадзяюся, я таксама раблю тое, што мае сэнс ня толькі для мяне, але для тых, з кім я гэта раблю... Думаю, што жыцьцё як было розным, так і засталося розным, толькі па-іншаму. Тое, што я раблю зараз, я раней не рабіў. Але не магу сказаць, што раней жыцьцё было менш цікавым», — кажа ён.
«Хай усё будзе яшчэ лепей». Максім Знак падпісвае сваю кнігу «Зэкамэрон» для чытачоў
На пытаньне, ці ён часам думае, а што было б, калі ягонае жыцьцё так моцна не памянялася ў 2020 годзе, Знак адказвае, што ў зьняволеньні навучыўся «ня думаць пра ўсялякую лухту».
«Нічога, апроч дэструкцыі, разважаньні на тэму, што нешта магло б быць лепш, (не прыносяць. — РС). Для мяне натуральна, што пра гэта ня варта нават думаць. Мне вельмі падабалася маё жыцьцё да 2020 году. Але і зараз я знаходжу сэнс у тым жыцьці, якім яно ёсьць. Я раблю штосьці, чаго раней не рабіў. Я рухаюся наперад. Гэта мой шлях, які я ўжо прайшоў», — дзеліцца Максім.
Прадстаўнікі каманды Віктара Бабарыкі Максім Знак, Марыя Калесьнікава і Ільля Салей на прыступках Дому ўраду. 2020 год
Знак заўважае, што вярнуцца назад, па-першае, немагчыма, па-другое, ён гэтага і ня хоча.
«Я зьмяніўся за гэты шлях, усе мы зьмяніліся», — падсумоўвае ён.
Былы палітвязень кажа, што ў турме навучыўся рабіць «практыкаваньні ў аптымізьме», бачыць канструктыў і пазытыў, нягледзячы на абставіны. За час зьняволеньня ён стаў спакайнейшым. Прачытаў шмат кніг і даведаўся, што беларусы ў гісторыі «ня першыя і не апошнія».
«Я такія пытаньні адсякаў, асабліва калі сядзеў у адзіноце. Загнаць сябе можна вельмі лёгка. Не хапае часу, каб думаць, што магло б быць, як было б здорава. А нават калі хочаш пра гэта паразважаць — уявіце, што ў вас усё ёсьць, вы засталіся ў Беларусі. Проста зараз перанесьціся ў Беларусь і мець усё, што меў да 2020 году, а ўсе астатнія застануцца ў Польшчы, Літве, Нямеччыне, у турмах. Усё будзе як сёньня, толькі вы вернецеся ў Беларусь. І што? Ці будзеш ад гэтага шчасьлівым? Дабрабыт — гэта другаснае», — кажа ён.
Максім Знак, Вільня, ліпень 2026 году
На думку Знака, па-сапраўднаму важна разумець сэнс жыцьця.
«На пытаньне, на якое стагодзьдзямі ня могуць знайсьці адказ ніякія філёзафы, мы шукаем адказ штодня. Калі ты задаволены і сваёй працай, і справамі ў сям’і, і тым, як у цябе справы з сябрамі, калі табе няма за што сябе папракнуць у тым, што ты робіш, табе падабаецца тое, што ты робіш, ты бачыш у гэтым сэнс, — гэта і ёсьць знаходжаньне сэнсу жыцьця. Усё, што я раблю дагэтуль, упісваецца ў маё стратэгічнае бачаньне, што я мушу рабіць», — кажа Максім.
Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму, чалец каманды Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году. 6 верасьня 2021 году Менскі абласны суд прызнаў юрыста вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».
Знака асудзілі на 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакараньне ў калёніі № 3 — у «Віцьбе». Доўгі час правёў ва ўмовах інкамунікада ў штрафным ізалятары і памяшканьні камэрнага тыпу.
Максіма вызвалілі 13 сьнежня 2025 году. У складзе вялікай групы былых палітвязьняў яго прымусова вывезьлі зь Беларусі ва Ўкраіну. Потым Знак пераехаў у Польшчу.