Анаіс Марэн: словы польскіх уладаў пра тое, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася, — невуцтва або цынізм

Анаіс Марэн, архіўнае фота

Колішняя спэцыяльная спавяшчальніца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн напісала артыкул для польскага выданьня Gazeta Wyborcza. У ім яна падзялілася поглядам на цяперашняе становішча ў Беларусі, беларусаў у Польшчы і зрабіла некалькі высноваў.

У сваім артыкуле Анаіс Марэн напісала, што да яе часта зьвяртаюцца грамадзяне Беларусі і просяць паўплываць на ўлады Польшчы, якія апошнімі месяцамі значна часьцей пачалі адмаўляць беларусам у наданьні прытулку.

Марэн мяркуе, што высланьне беларусаў, якія зьвяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы, у іхную краіну зрабіла б Польшчу саўдзельніцай сур’ёзных парушэньняў міжнароднага і эўрапейскага права ў гэтай галіне. Яна засьцерагла афіцыйную Варшаву ад падобных крокаў, нагадаўшы, што такіх людзей на іхнай радзіме могуць чакаць вялікія тэрміны зьняволеньня і катаваньні:

«Беларусам, якія жывуць у Польшчы ўжо некалькі гадоў і якім адмаўляюць у працягу дазволу на жыхарства або міжнароднай абароны, кажуць, што ім „трэба было раней падаць заяву на прытулак“, што яны „нязначныя апазыцыянэры“ або „ня вельмі актыўныя“.

Некаторыя з прыведзеных апраўданьняў — напрыклад, сьцьверджаньне, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася (у 2025 годзе адбыліся выбары, былі вызваленыя палітычныя зьняволеныя) — можна растлумачыць толькі невуцтвам або цынізмам», — піша Анаіс Марэн.

У Беларусі КДБ працягвае дзейнічаць супраць грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах або крытыкавалі ўлады, а пасьля сэрыі вызваленьняў палітычных вязьняў у краіне працягваюцца затрыманьні, арышты і палітычныя суды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чэрвені колькасьць адмоваў беларусам у міжнароднай абароне ў Польшчы ўдвая перавысіла лік станоўчых пастановаў

Анаіс Марэн таксама адзначыла, што беларусы, вымушаныя пакінуць краіну, адчуваюць сябе паміж молатам і кавадлам. Краіны, якія іх прымаюць, пачалі ставіцца да іх больш падазрона — і вінаватыя ў гэтым гібрыдныя атакі палітычнага рэжыму ў Беларусі. Выкарыстаньне менскім рэжымам мігрантаў з трэціх краін з 2021 году абвастрыла антыіміграцыйныя настроі. Гэта адчуваюць на сабе і беларусы ў Польшчы.

Марэн падала статыстыку, паводле якой у першай палове 2026 году ўлады Польшчы адмаўлялі беларусам у прытулку часьцей, чым давалі яго.

«Як і ў іншых частках Эўропы ў гады выбараў, ультраправыя ідэі набіраюць абароты, і нават добра інтэграваныя імігранты, такія як беларусы, якія робяць значны ўнёсак у польскую эканоміку, цяпер робяцца ахвярамі такіх падыходаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьнікаюць бязь сьледу. Чаму ААН прыраўняла беларускія турмы да выкраданьняў