Аб рашэньні паведаміла Польскае радыё. Тэрыторыя, на якую распаўсюджваецца забарона на паездкі, застаецца бязь зьмен. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, падаўжэньне дзеяньня жорсткіх правіл станоўча паўплывае на эфэктыўнасьць аховы польска-беларускай дзяржаўнай мяжы і павысіць узровень бясьпекі.
Тэрыторыя забароненай зоны ахоплівае ўчастак даўжынёй 78,29 км у межах тэрытарыяльнага ахопу застаў Памежнай службы ў Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах-Царкоўных і Чaрэмсе.
На ўчастку даўжынёй 59,24 км забароненая зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. У той жа час на ўчастку даўжынёй 15,26 км, разьмешчаным у межах запаведнікаў, зона шырэйшая, прыкладна 2 км, а на ўчастку даўжынёй 3,79 км яе шырыня ўглыб краіны складзе прыкладна 4 км. Зона, як правіла, выключае турыстычныя гарады і маршруты, каб уплыў абмежаваньняў быў мінімальным для жыхароў і турыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Польшчы на тры месяцы арыштавалі двух грамадзянаў Беларусі за саўдзел у кантрабандзе цыгарэт дронаміЧым выкліканае рашэньне
Як тлумачыць міністэрства, пашырэньне буфэрнай зоны зьвязана з пастаяннымі пагрозамі на польска-беларускім участку дзяржаўнай мяжы.
Нягледзячы на зьніжэньне колькасьці спроб незаконнага перасячэньня мяжы, яны цалкам не спыніліся. З 1 студзеня па 2 жніўня 2026 года памежная служба Польшчы зафіксавала 335 спроб незаконнага перасячэньня мяжы (на 98% менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2025 году, калі было больш за 19 200 спроб).
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, зьніжэньне колькасьці спроб толькі дэманструе «зьмену вэктараў і мэтадаў дзеяньняў беларускага боку (перанос актыўнасьці на літоўска-беларускую і латвійска-беларускую межы. Акрамя таго, Беларусь працягвае агрэсіўна ставіцца да дзяржаў ЭЗ і NATO, падтрымліваючы Расею.
Яшчэ адной трывожнай зьявай называюць перасячэньне мяжы зь беларускага боку бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і балёнамі, якія выкарыстоўваюцца як для кантрабанды тытунёвых вырабаў, так і для выведкі польскай памежнай інфраструктуры беларускімі службамі.
Што такое буфэрная зона
Буфэрную зону на польска-беларускай мяжы стварылі ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня 2024 году.
Даўжыня буфэрнай зоны складае 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы.
Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 населеных пунктах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
- Польскі ўрад вырашыў стварыць буфэрную зону на некаторых участках польска-беларускай мяжы пасьля таго, як на мяжы падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку быў паранены нажом шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк. Ён памёр 6 чэрвеня 2024 году.
- Паводле польскіх уладаў, стварэньне буфэрнай зоны было накіраванае на гарантаваньне бясьпекі як староньніх асобаў, так і супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама на абмежаваньне дзейнасьці груп кантрабандыстаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.