У Нэпале вырашылі пахаваць сотні неапазнаных ахвяр паводкі

Нэпальскія вайскоўцы нясуць цела ахвяры паводкі, 28 жніўня 2026 году

Улады Нэпалу вырашылі пахаваць 226 неапазнаных целаў людзей, якія загінулі падчас катастрафічнай паводкі і апоўзьня 26 жніўня. За мінулыя дні па іх ніхто са сваякоў не зьвярнуўся.

Моргі ў зоне паводкі перапоўненыя, многіх загінулых кладуць звонку. Целы пачынаюць раскладацца і ўзьнікае рызыка распаўсюджваньня інфэкцый. Таму і прынялі рашэньне пахаваць неапазнаных.

Перад пахаваньнем ва ўсіх загінулых возьмуць узоры ДНК, каб сваякі, калі яны зьявяцца, маглі б вызначыць, дзе пахаваны іхны блізкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьцяна з вады і гразі. Сотні людзей зьніклі бязь вестак пасьля раптоўнай паводкі на мяжы Нэпалу і Тыбэту, расьце колькасьць ахвяр. ФОТА

Як паведаміла Kathmandu Post, целы з найбольш пацярпелых раёнаў адпраўляюць у іншыя мясьціны, дзе ёсьць месцы ў моргах. Многіх загінулых вада аднесла на сотні кілямэтраў уніз па цячэньні, і сваякі ня ведаюць, дзе іх шукаць.

Каля 3000 чалавек, у тым ліку больш за 500 замежнікаў, па-ранейшаму лічацца зьніклымі бязь вестак. Усяго, паводле Чырвонага Крыжа, стыхія магла закрануць 90 тысяч чалавек.

Патокі вады і гразі зьнішчылі цэлыя вёскі, а таксама памежны пункт на мяжы Кітаю і Нэпалу.

У найбольш пацярпелым раёне на месцы ракі ўтварылася возера, якое затапіла сотні будынкаў. Міністар фінансаў Нэпалу заявіў агенцтву Reuters, што аднаўленьне рэгіёну абыдзецца ў суму ад чатырох да пяці мільярдаў даляраў.

Нэпал паведаміў пра 675 пацьверджаных загінулых і гэтая лічба працягвае расьці. З кітайскага боку вядома толькі пра 7 ахвяраў паводкі, аднак ёсьць апасеньні, што Пэкін хавае сапраўдную колькасьць ахвяраў і маштаб разбурэньняў, адзначае BBC.

Прычынай паводкі стаўся апоўзень, які перагарадзіў раку. Вада выйшла зь берагоў і, зьмяшаўшыся зь зямлёй і каменьнем, затапіла прыбярэжныя раёны.

Сярод зьніклых у Нэпале людзей ёсьць і беларуска. Яе дагэтуль не знайшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падчас стыхійнага бедзтва ў Нэпале бязь вестак зьнікла беларуская турыстка