Іх падазраюць у кантрабандзе цыгарэтаў зь Беларусі ў Польшчу з дапамогай мэтэаралягічных балёнаў, — паведаміў Падляскі аддзел Памежнай аховы.
Паліцыянты выявілі больш за 39 000 пачак цыгарэт коштам больш як 621 тысячу злотых (больш як 165 000 даляраў у пераліку).
Балёны з падчэпленым грузам кантрабандных цыгарэтаў
Сёлета падляскія памежнікі затрымалі ўжо 40 чалавек, падазраваных у кантрабандзе цыгарэтаў зь Беларусі на мэтэаралягічных балёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кантрабандысты зь Беларусі ўдасканалілі «цыгарэтныя» балёны. У Польшчы паведамілі пра незвычайны налётШто папярэднічала
Уначы на 27 жніўня ў Польшчу прыляцелі некалькі кантрабандысцкіх балёнаў з цыгарэтамі.
Як паведаміў PAP прэсавы сакратар Падляскай паліцыі Томаш Крупа, гэта былі канструкцыі зь некалькімі купаламі — адныя з найбуйнейшых, якія заляталі ў Польшчу.
Чаму гэта важна
Улады суседніх зь Беларусьсю краін расцэньваюць гэтую кантрабанду цыгарэт паветранымі балёнамі і патураньне ёй зь беларускага боку як палітычны гібрыдны ціск.
Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў студзені 2026 году заявіў: «Беларусь вядзе гібрыдную вайну з нашай краінай. Гэта чарговая праява гэтай вайны». «Гэта паказвае прыроду рэжыму — такое спляценьне сілавых структур і мафіі, бо тут спалучаюцца і зьнешняя палітыка, і нейкія брудныя грошы. Вось з такім суседам мы маем справу».
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа у кастрычніку 2025 году падымаў тэму балёнаў зь Беларусі падчас размовы з кіраўніком NATO Маркам Рутэ. «Гэта беспрэцэдэнтная гібрыдная атака супраць Літвы, якая стварыла непасрэдную пагрозу бясьпецы грамадзянскай авіяцыі, працы Віленскага аэрапорту», — сказаў Наўседа пра адну з такіх атак.
Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс у сьнежні 2025 году зазначыў, што «паветраныя балёны цяпер у большай ступені ёсьць гібрыднай атакай, чым сродкам перавозкі кантрабанды».
Аляксандар Лукашэнка ў кастрычніку 2025 году заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных шарах займаюцца не беларускія грамадзяне: «Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, высьветліце і зь іх запатрабуйце». Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюг», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.