Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік памежнай службы Латвіі: Тунэлі для мігрантаў дакладна капалі зь ведама беларускіх службаў

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс падчас візыту прэзыдэнта Латвіі на латвійска-беларускую мяжу. Піедруя, 17 жніўня 2026 году
Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс падчас візыту прэзыдэнта Латвіі на латвійска-беларускую мяжу. Піедруя, 17 жніўня 2026 году

«Вынялі 28 кубамэтраў грунту, там былі даволі масіўныя апоры, а таксама зроблены дах з фанэры».

Падземныя тунэлі на латвійска-беларускай мяжы, якімі парушальнікі мяжы скарысталіся для незаконнага пранікненьня ў Латвію, дакладна капалі зь ведама беларускіх службаў, заявіў у эфіры Латвійскага радыё кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс.

Паводле яго, гэтыя тунэлі не апошнія. «Ёсьць зьвесткі, што капаюць. Гэта пытаньне часу», — сказаў Пуятс.

Ён адзначыў, што будаўніцтва знойдзенага пры канцы жніўня тунэля было грунтоўным і маштабным.

«Я ўпэўнены, што там [на беларускім баку] былі назіральнікі, якія паведамлялі, і працы спыняліся ў той момант, калі набліжаўся патруль памежнікаў. Назіралі або людзі, або з дапамогай тэхнічных сродкаў.

Адназначна такі тунэль немагчыма збудаваць бязь ведама беларускіх памежнікаў. Асабліва гэты, другі. Яго вышыня і шырыня складалі 0,8 мэтра, даўжыня — ня менш за 30 мэтраў. Вынялі 28 кубамэтраў грунту, там былі даволі масіўныя апоры, а таксама зроблены дах з фанэры».

Тунэлі пад мяжой зь Беларусьсю ў Латвіі выявілі 10 і 20 жніўня.

Што гэтаму папярэднічала

З 31 ліпеня да 4 жніўня не працаваў апошні пункт пераходу мяжы Патэрніекі. А ўлады Латвіі абмяркоўвалі, ці не закрыць яго канчаткова, каб пераразьмеркаваць рэсурсы на ахову мяжы ад нелегальнай міграцыі. У выніку Патэрніекі адкрылі, адзначыўшы, што пры абвастрэньні сытуацыі на мяжы могуць закрыць яго зноў.

Як вынікае з статыстыкі, акурат на Латвію цяпер прыпадае найбольшая колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Напрыклад, 16 жніўня ў Літве было 29 такіх спробаў, а ў Латвіі — 109, паведаміў сайт літоўскіх памежнікаў.

Падкопы для перасячэньня мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ сталі выкарыстоўвацца зь верасьня 2025 году — тады прыйшлі першыя паведамленьні з Польшчы. Летась польскія памежнікі знайшлі чатыры тунэлі пад мяжой. Сёлета яны дапамагалі выяўляць тунэлі сваім літоўскім калегам. Памежная служба Літвы 5 жніўня паведаміла, што ўсяго зафіксавала 12 спробаў пранікненьня мігрантаў пад зямлёй.

Чаму гэта важна

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG